Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка раіць калгасам сеяць лазу


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сэлектарную нараду, прысьвечаную жніву. Трансьляцыя ішла па першых каналах тэлебачаньня і радыё, па спадарожнікавай тэлевізіі “Беларусь-ТБ”. У нарадзе ўдзельнічалі ўсе вышэйшыя ўрадавыя чыноўнікі й кіраўнікі рэгіёнаў, якія паабяцалі сабраць сёлета 7 мільёнаў тон збожжа.

Нарада працягвалася больш за дзьве гадзіны. Аляксандар Лукашэнка выслухоўваў кіраўнікоў рэгіёнаў, пытаўся, як ідзе жніво, якая сытуацыя зь зялёным гарохам, з насеньнем кукурузы ці з малаком.

Найбольш заўвагаў выказаў кіраўніку Берасьцейскага аблвыканкама Канстанціну Сумару, які скардзіўся на заліваньне палёў.

“Пра якую вы стыхію кажаце ў Берасьцейскай вобласьці? Гэта стыхія, народжаная вамі. Можа, часткова і прысутнымі ў гэтай залі. Я ж некалькі разоў арыентаваў вас на тое, што нам час вызначыцца, што сеяць і на якіх палях. Пасейце там лес. Сейце лазу, потым яе высякайце, прэсуйце і пачынайце паліць печкі ці што яшчэ. Навошта ж вы грошы гробіце?” — параіў Лукашэнка.

Тэма паліва была адной з самых актуальных. Аляксандар Лукашэнка заявіў:

“Я хачу яшчэ раз усёй краіне сказаць, мы зерне павінны сушыць толькі сушылкамі, якія працуюць на дровах. Як выключэньне — выкарыстоўваць газ. Ну, а дызэльнае, пячное паліва — гэта марнатраўства. Трэба пераабсталяваць усе сушылкі для сушкі зерня на дровах”.

Паводле кіраўніка Беларусі, цана прыроднага газу цяпер большая чым сто даляраў за тысячу кубамэтраў

“Не разьлічвайце, што мы будзем ільгатаваць вам цану па прыродным газе. У нас сёньня і так праблемы з аплатай прыроднага газу Расейскай Фэдэрацыі. І ўрад сёньня зноў, перакульваючыся, вядзе гэтыя перамовы”.

З другога боку, Аляксандар Лукашэнка агітаваў вырошчваць гародніну і садавіну ў цяпліцах:

“Мы ўсё можам у сябе вырасьціць. У нас ёсьць магчымасьць вырасьціць усе культуры, якія вырошчваюцца ў сьвеце. У гэтым я пераканаўся падчас наведваньня султанату Аман. Хто сказаў, што сёньня апэльсіны ці лімоны нерэнтабэльна вырошчваць ва ўмовах Беларусі ў цяпліцах?”

Гомельская вобласьць рапартавала пра посьпехі — замест 12 сабрана каля 20 тысяч тон броварнага ячменю. Аляксандар Лукашэнка забараніў з гэтага году піваварам купляць ячмень у Эўропе.

Падчас справаздачы Аляксандар Лукашэнка таксама загадаў не дапусьціць падзеньня надояў малака і зазначыў, што сытуацыя з пастаўкамі малака ў Менск і на перапрацоўчыя заводы мусіць быць выпраўленая.

Таксама ён, што дзяржава больш, чым укладае цяпер у сельскую гаспадарку, укладаць ня будзе. А гэта 3—4 трыльёны рублёў на год.

“Я ўжо казаў, што ніякіх датацыяў з будучага году. Мы ва ўсякім разе напалову скароцім, а яшчэ праз год ніякіх датацыяў на літар і кіляграм мы даваць ня будзем. Гэтых грошай нельга будзе нават у заробкі аддаваць. Толькі на разьвіцьцё матэрыяльнай базы. Праядаць грошай больш ня будзем”.
XS
SM
MD
LG