Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Канстанціну Лукашову пакінулі прысуд бязь зьменаў


Любоў Лунёва, Менск Суд Ленінскага раёну Менску пасьля новага разгляду крымінальнай справы супраць Канстанціна Лукашова пацьвердзіў ранейшы прысуд — два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай пакараньня на два гады.

Раніцай 26 ліпеня судзьдзя Ленінскага суду Менску Тацяна Жулкоўская зачытала прысуд у крымінальнай справе Канстанціна Лукашова.

Нагадаем, летась 29 сакавіка Канстанцін Лукашоў вывозіў з 3-га клінічнага шпіталю свайго брата, апазыцыйнага актывіста Вячаслава Сіўчыка. Невядомыя асобы ў цывільным знакамі паказвалі Канстанціну, каб спыніў аўтамабіль, але ён не падпарадкаваўся. Пазьней адзін зь міліцыянтаў, Анатоль Сушчэня, падаў заяву пра тое, што яго нібыта зьбіў аўтамабіль, якім кіраваў Лукашоў.

19 сьнежня Канстанціна Лукашова арыштавалі й да суду трымалі пад вартай. Сёлета 20 лютага суд пакараў яго двума гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

Канстанцін падаў апэляцыю, і ў вышэйшых інстанцыях прысуд адмянілі. На новым працэсе паказаньні сьведак не пацьвердзілі факту нападу на міліцыянта Сушчэню, але, нягледзячы на гэта, суд пацьвердзіў ранейшы прысуд.

Зьмянілася толькі тое, што цяпер Канстанцін Лукашоў не павінен плаціць грошай Сушчэню — як маральную кампэнсацыю.

Канстанцін Лукашоў так пракамэнтаваў прысуд:

“Відавочна, што сыстэме трэба неяк ізаляваць мяне на гэтыя два гады, каб аказваць на мяне нейкі ціск, каб я сядзеў і нікуды ня рваўся. Дарэчы, уладам цяпер было б карысна прызнаць публічна, што яны могуць памыляцца, паказаць пэўную дэмакратыю і незалежнасьць суду, але…

Я не магу казаць, што мая грамадзкая небясьпечнасьць такога ўзроўню, што вырашылі пакінуць такі прысуд. Але нешта ў гэтым ёсьць. Гэта даволі цьмяная справа насамрэч”.

Канстанцін Лукашоў зноў будзе дабівацца адмены прысуду. На агалошаньне прысуду прыйшлі прадстаўнікі АБСЭ, амбасадаў ЗША, Нямеччыны, Чэхіі, амбасадар Славаччыны і некалькі моладзевых актывістаў.

Калі людзі разыходзіліся, супрацоўнікі КДБ затрымалі актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука.

• Суд над Канстанцінам Лукашовым працягнецца 25 ліпеня, 11.07 2007 • Канстанцін Лукашоў: “Абсалютны слых не дазваляе слухаць фальш” , 20.02.2007
XS
SM
MD
LG