Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Янкоўскі: “Рэжым імкнецца запалохаць беларускіх актывістаў за мяжой”


Тацяна Поклад, Вільня Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Аляксандр Янкоўскі, які быў затрыманы ў Літве, мяркуе, што беларускі рэжым імкнецца запалохаць беларускіх палітычных і грамадзкіх актывістаў за мяжой. Янкоўскі зь сям''ёй стала жыве ў Бэльгіі і прыяжджае ў Літву ў справах бізнэсу. Беларусь зьвярнулася да Літвы з просьбай затрымаць Янкоўскага на мяжы і выдаць як крымінальнага злачынцу.

Аляксандр Янкоўскі ня можа пакінуць Літву ўжо трэці месяц. 40 сутак ён правёў у зьняволеньні, пасьля таго, як яго затрымалі ў траўні на польска-літоўскай мяжы па просьбе беларускіх праваахоўчых ворганаў. Яму дазволілі патэлефанаваць жонцы ў Бэльгію і дырэктару літоўскай фірмы, у якой ён працуе.

“Гэта ня першы выпадак падобных справаў супраць беларускіх актывістаў у Бэльгіі”

Раней, цягам шасьці гадоў, Янкоўскі ня раз езьдзіў у Літву, у Польшчу, у Нямеччыну і ніколі ня меў праблемаў. Напярэдані апошняй паездкі ў Літву ён тэлефанаваў сваёй маці ў Беларусь, – напэўна, тэлефон праслухоўваецца, мяркуе Аляксандар, і справа была пасьпешліва сфабрыкаваная, каб затрымаць і запалохаць ня толькі яго, але і ўсіх палітычных і грамадзкіх актывістаў за мяжой.

“Бо, ведаеце, беларускі рэжым робіць крымінальныя групоўкі з усіх арганізацыяў, якія супраць рэжыму”, – сказаў Аляксандр Янкоўскі нашаму радыё. – “Гэта ня першы выпадак такой сфабрыкаванай справы супраць беларускіх грамадзкіх і палітычных актывістаў у Бэльгіі, можа быць, і ў іншых краінах падобнае было”.

Запалохваюць і сваякоў у Беларусі

Запалохваюць і сваякоў Аляксандра Янкоўскага. Ён распавёў, што на яго цешчу, 70-гадовую кабету, якая жыве ў вёсцы Малая Берастоўка, таксама была заведзеная крымінальная справа – яе зьвінавацілі ў тым, што яна нібыта падпаліла машыну і разбурыла надмагільны помнік на могілках. Аляксандар Янкоўскі кажа, што абвінавачаньні былі настолькі абсурдныя, што справу спынілі.

Тым часам Аляксандар Янкоўскі пасьля затрыманьня ў Літве зьвярнуўся ў міграцыйны дэпартамэнт гэтай краіны з просьбай аб палітычным прытулку.

Янкоўскі: “Паколькі я маю дазвол на сталае жыхарства ў Бэльгіі, першы запыт аб палітычным прытулку быў зроблены ў Бэльгіі, міграцыйны дэпартамэнт Літвы зрабіў выснову, што Бэльгія павінна разглядаць маю справу. Прынялі рашэньне адправіць мяне ў Бэльгію. Але ўсё адно я павінен чакаць, што вырашыць суд”.

Літоўскі суд адклаў справу, пакуль ня прыйдзе адказ з Бэльгіі

Учора Віленскі акруговы суд адклаў вырашэньне справы аб экстрадыцыі Аляксандра Янкоўскага на няпэўны час, пакуль ня прыйдзе адказ з Бэльгіі адносна справы з палітычным прытулкам.

Янкоўскі: “Пракурор паведаміў мне, што будуць імкнуцца як мага хутчэй зрабіць запыты ў Бэльгію, – ня ведаю, пра што яшчэ патрэбныя запыты, бо яны маюць усе мае дакумэнты, – дазвол на сталае жыхарства ў Бэльгіі, пашпарт, усе дакумэнты. І я паведаміў, што мая справа аб палітычыным прытулку ў Бэльгіі спыненая, бо, як нам сказалі ў камісарыяце, – няма ў гэтым патрэбы, вы маеце дазвол на сталае жыхарства, вам няма пра што турбавацца пра свой лёс у дэмакратычнай краіне”.

Аляксандр Янкоўскі кажа, што ўдзячны літоўскім урадавым і праваахоўчым структурам за тое, што паставіліся з разуменьнем да яго сытуацыі і ня выдалі яго адразу ў Беларусь. З разуменьнем паставіліся да яго праблемаў і ў літоўскай фірме, дзе ён працуе.

У Бэльгіі Аляксандра Янкоўскага чакае жонка і двое малых дзяцей, і ён спадзяецца, што затрымка ў Літве не расьцягнецца на няпэўны час.

Літва: справа аб выдачы ўцекача зь Беларусі адкладзеная, 24.07.2007
XS
SM
MD
LG