Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У турме ўжо паўтара дзясятка актывістаў</B>


Любоў Лунёва, Менск Чатырнаццаць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху знаходзяцца ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна. Кожнага зь іх затрымалі днямі людзі ў цывільным. Адных абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам удзельнічаць у вулічных акцыях, іншых — у нецэнзурнай лаянцы. Сёньня сьпіс арыштаваных папоўніў Аляксей Шыдлоўскі.

А 10-й раніцы ў суд Партызанскага раёну Менску з турмы на Акрэсьціна прывезьлі Паўла Бараноўскага і Аляксея Шыдлоўскага. Іх затрымалі ўчора на вуліцы, калі хлопцы расклейвалі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у эўрапейскім маршы “За Свабоду”.

На Паўла склалі пратакол за распаўсюд улётак, а на Аляксея — за дробнае хуліганства. Сёньня ў суд не зьявіліся сьведкі з боку абвінавачаньня. Судзьдзя перанесла разгляд справы на 8 жніўня і вызваліла з-пад варты Паўла Бараноўскага і Аляксея Шыдлоўскага.

Але днём у кватэру да Шыдлоўскага прыйшлі людзі ў цывільным. Яны спачатку прадставіліся супрацоўнікамі ЖЭСу, а потым папрасілі паехаць зь імі ў міліцыю на размову.

У міліцыі на Шыдлоўскага склалі яшчэ адзін пратакол — за тое, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся на лесьвічнай пляцоўцы каля кватэры.

Аляксей апавёў “Свабодзе”:

“Казалі, што патрэбна, каб 27-га я ня быў на мерапрыемстве. Гэта й было відавочна і сказана ў неафіцыйнай размове. Праз дзьве гадзіны, як я выйшаў, прыехаў дадому, пасьпеў толькі галаву памыць, як яны прыйшлі. І вось я тут. Гэта прэвэнтыўнае затрыманьне”.

Менск, 25.07.2007. Аляксей Шыдлоўскі

Жонка Аляксея Шыдлоўскага Марына абураная дзеяньнямі міліцыянтаў. Пасьля паўторнага затрыманьня мужа ёй у міліцыі казалі, што ня ведаюць, дзе ён:

“Калі яны прыйшлі яго браць, ён размаўляў са мной па “асьцы”. Ён ня мог адначасова знаходзіцца ў тым месцы, дзе яны казалі, што нецэнзурна лаяўся, і дома каля кампутара. Цяпер яны кажуць, што ён нецэнзурна лаяўся на лесьвічнай пляцоўцы. Зразумела, што гэта толькі дзеля таго, каб ён ня быў 27 ліпеня разам са сваімі сябрамі на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці”.

Аляксея Шыдлоўскага суд Партызанскага раёну Менску арыштаваў на 15 сутак. Аляксей стаў 14 арыштаваным актывістам цягам апошніх сутак.

Аляксей заявіў, што гэта прэвэнтыўны арышт напярэдадні сьвяткаваньня Дня незалежнасьці. Такім чынам, напярэдадні Дня Незалежнасьці ў Менску міліцыянты затрымалі больш за два дзясяткі чалавек. На кватэрах моладзевых актывістаў адбыліся ператрусы. Толькі ўчора суды пакаралі дзесяць чалавек.

Амэрыканская амбасада асудзіла арышт Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна і заклікала вызваліць усіх палітвязьняў.

За кратамі адбываюць арышт Юры Вольфсан, Аляксей Бондар, Валянцін Сакалоўскі, Аляксандар Чарнышоў, Сяргей Клюеў ды іншыя моладзевыя актывісты.

Адміністрацыя турмы на вуліцы Акрэсьціна адмаўляецца прымаць харчовыя перадачы і выводзіць арыштаваных на шпацыр, як патрабуюць новыя правілы ўтрыманьня.

Арыштаваныя скардзяцца на задуху. Але мэдсястра патлумачыла, што ў камэрах ёсьць маленькія форткі, і гэтага, на яе думку, дастаткова. Кіраўнікі турмы спасылаюцца на тое, што ў двары няма месца для шпацыру.

• Працягваюцца суды над моладзевымі актывістамі, 24.07.2007 • Моладзевых актывістаў затрымліваюць і караюць арыштамі, 24.07.2007 • На 10 сутак асуджаны моладзевы актывіст Сяргей Клюеў, 24.07.2007 • Сёньня ў Менску судзяць актывістаў моладзевага руху, 24.07.2007 • У Менску затрымалі яшчэ трох маладафронтаўцаў, 19.04.2007 • Аляксандар Чарнышоў атрымаў 15 сутак арышту, 19.04.2007 • Валянціна Сакалоўскага суд арыштаваў на 10 сутак, 19.04.2007 • Паўла Севярынца асудзілі на 15 сутак арышту, 19.04.2007 • Аляксей Шэін асуджаны на 15 сутак зьняволеньня, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG