Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А.Суздальцаў: “Газавае пытаньне выйшла за межы кампэтэнцыі карпарацыяў”</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску ў другой палове дня ўзнавіліся перамовы паміж расейскім канцэрнам “Газпром” і “Белтрансгазам”. Беларуская дэлегацыя па-ранейшаму просіць расейскіх партнэраў адкласьці тэрмін аплаты за газ – а заплаціць трэба каля 500 мільёнаў даляраў.

Валеры Голубеў, намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому”, які зь мінулага тыдня ачольвае на перамовах расейскую дэлегацыю, сёньня стаў і сябрам назіральнай рады “Белтрансгазу”. Яго абралі на пазачарговым сходзе акцыянэраў.

На гэтым самым сходзе Ўладзімер Маёраў, які раней працаваў намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму, стаў выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара “Белтрансгазу”.

Сёньня спадары Голубеў і Маёраў апынуліся разам за сталом перамоваў. Дэбаты вакол аплаты Беларусьсю поўных коштаў скарыстанага за шэсьць месяцаў газу ідуць у закрытым рэжыме. На гэты час інфармацыі пра іх вынікі не паступіла.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа: існуюць канфрантацыйныя і кампрамісныя варыянты разьвязаньня газавай сытуацыі. Ён асабіста схіляецца да таго, што справы ідуць да канфрантацыі:

“Расея адмовіцца ад зьвязкі “аплата – крэдыт”. Гэта для яе непрымальна. А менавіта на гэтым варыянце настойвае Лукашэнка, які лічыць, што ўсе павышаныя плацяжы сёлета мусіць аплаціць сама Расея. Беларусь плаціць поўнай сумы ня будзе. І ў Маскве гэта разумеюць.

Ёсьць варыянт зь пеняй. Гэты варыянт у Маскве ўспрымаюць. Але ж і тут ёсьць свой важны нюанс.

Цяпер у Маскве многія абураюцца: Беларусь паўсюдна прапагандуе, што пабудавала ў сябе зямны рай, што тут нарадзіўся эканамічны эўрапейскі тыгр. Чаго ж тады вы ў нас просіце грошы, калі вы самі такія багатыя?! І гэтага прапагандысцкага моманту Масква ня ўпусьціць. Таму пеня можа аказацца прапагандысцкім правалам для Менску”.

Андрэй Суздальцаў лічыць, што перамовы на ўзроўні газавых канцэрнаў і нават урадаў дзьвюх краінаў ня вырашаць газавага пытаньня:

“Гэтае пытаньне не для карпарацыяў і нават не для беларускага ўраду. Беларусь жа фактычна просіць прабачыць ёй доўг — “Вам, што, хіба, шкада, вы ж і так багатыя?” Гэта пытаньне для палітычнага кіраўніцтва, найвышэйшага кіраўніцтва. А палітычнага дыялёгу паміж Масквой і Менскам няма”.

Тым часам расейская агенцыя “РИА Новости” паведамляе, што прэм’ер Сяргей Сідорскі 30 ліпеня, магчыма, наведае Маскву з рабочым візытам:

“Чакаецца, што прадметам перамоваў у расейскім урадзе стануць пытаньні прадастаўленьня Беларусі крэдыту на 1,5 мільярда даляраў на аплату паставак расейскага газу ў рэспубліку”, – гаворыцца ў паведамленьні.

Беларуская запазычанасьць “Газпрому” дасягнула амаль 500 мільёнаў даляраў. Яна ўзьнікла, бо ў першым паўгодзьдзі за кожную тысячу кубамэтраў газу беларускі бок пераводзіў на рахункі “Газпрому” ня 100 даляраў (кошт адной тысячы кубамэтраў), а толькі 55. Расейскі канцэрн пагадзіўся на такую разьліковую форму, але папярэдзіў, што запазычанасьць трэба будзе ліквідаваць не пазьней за 23 ліпеня.

• Уладзімер Маёраў стаў выканаўцам абавязкаў кіраўніка “Белтрансгазу”, 25.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG