Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Сухарэнка ў інтэрвію “Народнай волі”: “Гэта правакацыя супраць мяне”


Севярын Квяткоўскі, Менск Былы кіраўнік КДБ прызнаўся карэспандэнту газэты “Народная воля” Марыне Коктыш, што ён “знаходзіцца ў прастрацыі”, але рашэньня прэзыдэнта не абмяркоўвае. Сьцяпана Сухарэнку і ягонага намесьніка Васіля Дземянцея выправілі ў адстаўку 17 ліпеня. Зьвестак пра месцазнаходжаньне Васіля Дземянцея няма, а Сьцяпан Сухарэнка афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку.

“Маё меркаваньне, што гэта правакацыя. Чыстай вады правакацыя!” – заяўляе Сьцяпан Сухарэнка ў адказе на пытаньне “Народнай волі”, ці правамерна зьвязваць ягоную адстаўку зь нядаўнім інцыдэнтам у Магілёўскай вобласьці. Тады супрацоўнікі КДБ зьбілі старшыню Камітэту Дзяржкантролю Зянона Ломаця.

Сьцяпан Сухарэнка абвяргае вэрсію пра міжведамасную вайну між КДБ і міліцыяй, і не выключае, што Аляксандру Лукашэнку на стол паклалі тэчку з кампраматам.

Што да прэзыдэнта, нядаўні кіраўнік КДБ кажа: “Я заўжды быў і застаюся прыхільнікам прэзыдэнта, бо іншай альтэрнатывы яму я сёньня ня бачу. Я буду служыць гэтаму чалавеку, калі ён пакліча... Тое, што прэзыдэнт сварыцца – значыць, яму далі падставу. ...Я спадзяюся, што праўда ўсё-ткі пераможа і прэзыдэнт ва ўсім разьбярэцца”.

Што да свайго будучага занятку, Сьцяпан Сухарэнка цьвердзіць: “Будзе ў мяне права выбару – выберу. Ня будзе – сам нечага пашукаю”.

Пра свой лёс і лёс любога кіраўніка высокага рангу адгукаецца гэтак: “Да адстаўкі мае быць гатовы кожны кіраўнік зь першага дня прызначэньня на пасаду”.
XS
SM
MD
LG