Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: ад помніка архітэктары застаўся толькі фасад


Радыё Свабода, Магілёў Магілёўскае аддзяленьне Беларускага таварыства аховы помнікаў склала акт пра разбурэньне помніка архітэктуры канца ХVIII стагодзьдзя. Акт перадалі ў пракуратуру ды гарадзкую адміністрацыю. Ва ўправе архітэктуры Магілёўскага гарвыканкаму запэўніваюць, што помніка ніхто не зьнішчаў — яго рэстаўрацыя нібыта адбываецца згодна з заканадаўствам.

Рэстаўрацыя будынку, які быў узьведзены ў 1790 годзе, доўжыцца блізу дзесяці гадоў. Помнік знаходзіцца ў цэнтры гораду. Работы неаднойчы прыпыняліся, і за гэты час памянялася некалькі гаспадароў будоўлі.

Сёлета вясной работы аднавіліся. За гэты час будаўнікі пасьпелі цалкам зьнішчыць сьцены, перакрыцьці другога паверху, даху, а таксама ўнутраную пляніроўку. Некрануты застаўся толькі фасад. Цяпер будаўнічыя работы на адным з самых старых будынкаў Магілёва спыніліся.

Паводле складальнікаў акту гісторыкаў і археолягаў Мікалая Барысенкі, Уладзімера Зарэмскага, Пятра Хаванскага ды Мікалая Шымукенуса, помнік архітэктары незваротна страчаны.

Гаворыць Уладзімер Зарэмскі:

“Яны пачалі рэстаўраваць паводле прынцыпу — разбурыць тое, што ёсьць, і рабіць тое, што ім хочацца. Якія наступствы для іх будуць, я пакуль ня ведаю”.

Складальнікі акту спадзяюцца, што пракуратура змусіць будаўнікоў адбудаваць зьнішчаны помнік, аднак тут жа дадаюць, што гэта будзе ня помнік, а гістарычны навабуд.

Будынак, у якім колісь месьціўся гасьціны двор, занесены ў сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі другой катэгорыі. Ягоныя перабудова і перапляніроўка катэгарычна забараняюцца.

Ва ўправе архітэктуры гарвыканкаму заяўляюць, што рэстаўрацыйныя работы праводзяцца згодна з заканадаўствам:

“Ён будзе адноўлены. Ягонае апірышча слабое. Яго рэканструююць і рэстаўруюць адначасова са згоды Дэпартамэнту аховы помнікаў архітэктуры. Ніхто яго ня кіне, ён застанецца ў пераліку помнікаў”, — зазначыла “Свабодзе” супрацоўніца ўправы.

Атрымаць камэнтар у замоўцы рэстаўрацыйна-аздабляльных работ не ўдалося. На месцы будоўлі адсутнічае стэнд са зьвесткамі пра арганізацыю-будаўніка. На будоўлі цяпер няма ніводнага чалавека.

З гарадзкой прэсы вядома, што замоўцам рэстаўрацыйных работаў зьяўляецца прыватны прадпрымальнік Абарына. За выкананьнем рэстаўрацыі сочыць фірма “АРТ-М”.

За апошнія тры месяцы ў Магілёве зафіксавалі некалькі выпадкаў несанкцыянаванага будаўніцтва ў ахоўным гістарычным цэнтры гораду і разбурэньня помнікаў археалёгіі.

У красавіку гісторыкам удалося на некалькі тыдняў прыпыніць будаўніцтва двух аб’ектаў у цэнтры Магілёва. Днямі яны спынілі будаўніцтва праваслаўнага храму на Магілёўскім замчышчы. Цяпер гэтым пытаньнем займаецца генэральная пракуратура.

Магілёў, 25.07.2007. Разбураны помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Фасад будынку Фасад будынку

Магілёў, 25.07.2007. Разбураны помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Так выглядае будынак за фасадам Так выглядае будынак за фасадам

• Будаўніцтва праваслаўнага храму на Магілёўскім замчышчы прыпынілі, 18.07.2007 • Гісторыкі змагаюцца за гістарычны цэнтар Магілёва, 11.04.2007 • У цэнтры Менску зноў бураць гістарычныя дамы, 8.07.2007 • У цэнтры Горадні не спыняецца рэканструкцыя і пратэсты супраць яе , 11.04.2007

XS
SM
MD
LG