Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Чубрык: “Сёлета ніякага каляпсу эканомікі ня будзе”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – эканаміст, намесьнік дырэктара фундацыі “CASE Беларусь” Аляксандар Чубрык.

Знаткевіч: “Перамовы ў Маскве між “Газпромам” і “Белтрансгазам” цягнуліся зь мінулага тыдня. Беларускі бок просіць, каб адтэрмінавалі выплату Расеі каля 500 мільёнаў даляраў і, што цікава, гатовы нават плаціць штраф за адтэрміноўку. На Вашу думку, чаму такая патрэба ў адтэрміноўцы, чаму беларускі бок пагаджаецца плаціць пеню?”

Чубрык: “Тут даволі шырокае пытаньне, таму што ўсё гэта так ці інакш зьвязана зь сярэднетэрміновымі пэрспэктывамі разьвіцьця эканомікі. Справа ў тым, што ў нас і ня толькі ў нас назіраецца такая сэзоннасьць у дынаміцы зьнешняга гандлю, і напрыканцы году заўсёды павялічваецца дэфіцыт зьнешняга гандлю. І вядома, што гэты дэфіцыт трэба будзе неяк фінансаваць. Беларусь зацікаўленая ў тым, каб узяць у Расеі крэдыт, і калі іх ня ўзяць яго зараз, то пазьней яго проста могуць ня даць, таму што, скажам так, грошы за газ аддалі, навошта зараз яны патрэбныя?

Думаю, што беларусы зараз зацікаўленыя ў тым, каб пад вяртаньне грошай за газ яны маглі прыцягнуць крэдыт, таму што даволі цяжка будзе абгрунтаваць неабходнасьць крэдыту пазьней, калі гэтыя грошы ўжо аддадуць, але што грошы гэтыя ёсьць, дык тут не ўзьнікае ніякіх сумневаў”.

“Калі крэдыт танны – чаму ж яго ня ўзяць?”

Знаткевіч: “Як Вы сам ставіцеся да ідэі атрымаць расейскі крэдыт, каб расплаціцца за газ – наколькі, на Вашую думку, гэта разумная ідэя? Бо і там прыйдзецца плаціць нейкі працэнт, па гэтым крэдыце, і яшчэ плаціць дадаткова пеню за газавыя выплаты - можа, ня вартая гэтая ідэя?”

Чубрык: “Разумееце, тут усё залежыць ад таго, што лічыць цаной крэдыту. Як выглядае сытуацыя: па-першае, гэты крэдыт будзе даволі танны, і вы ж разумееце, што яго калі расейцы і дадуць, то дадуць на льготных умовах. Такім чынам, атрымліваецца, што гэтыя грошы будуць таньнейшыя, чым грошы, якія Беларусь зможа прыцягнуць на ўнутраным рынку, магчыма нават праз выпуск эўрабондаў, калі краіна ў гэтым годзе атрымае крэдытны рэйтынг.

Атрымліваецца, што крэдыт танны, і таму – чаму ж яго ня ўзяць. Грошы маюць свой кошт, таму калі ты бярэш гэты крэдыт і ўкладаеш яго ў разьвіцьцё нейкіх прадпрыемстваў, то эканамічны эфэкт ад гэтага крэдыту можа быць нашмат большы, чым тыя адсоткі, якія па ім прыйдзецца заплаціць. Напрыклад, калі ўкласьці гэтыя грошы ў энэргетыку, то відавочна, што эканамічны эфэкт будзе большы, чым нейкія некалькі адсоткаў, якія трэба будзе заплаціць паводле гэтым крэдыту.

Гэта першы і самы малы аргумэнт у падтрымку таго, што гэтыя грошы Беларусі патрэбныя. Уявіце сабе: Беларусь атрымлівае паўтара мільярды даляраў. Гэтага дастаткова, каб сплаціць увесь дадатковы энэргетычны дэфіцыт у параўнаньні зь мінулым годам. Мы ў гэтым годзе на паўтара мільярды даляраў павінны будзем больш заплаціць за газ, за нафту, скажам так, гэта такая дадатковая праблема для нашай эканомікі. Дык гэтых грошай хопіць, каб проста разьлічыцца па гэтых рахунках за газ і нафту.

Такім чынам, атрымліваецца, што на наступны год мы прыходзім з зусім іншай праблемай. Калі нам да дэфіцыту наступнага году дадаць яшчэ тое, што мы зь бюджэту выцягнем апошнія паўтара мільярды – праз банкі прыцягнем, возьмем у насельніцтва – і проста сплоцім гэтыя грошы, то на наступны год ва ўраду і ў нас таксама будуць праблемы. У такім выпадку дэвальвацыя можа стаць непазьбежнай.

Тут трэба разумець, якія могуць быць наступствы дэвальвацыі для беларускай эканомікі. Гэтыя наступствы нашмат цяжэйшыя, чым нейкія там адсоткі па расейскаму крэдыту, так што з гэтага гледзішча крэдыт для нас зусім ня дрэннае рашэньне.

Апошняе: калі глядзець на гэта з гледзішча сухой тэорыі ці нейкіх паказьнікаў, якія прынятыя сусьветнымі міжнароднымі арганізацыямі, то ў нас у Беларусі даволі малы зьнешні доўг – дзяржаўны доўг быў менш за 3 адсоткі, доўг астатніх банкаў, прадпрыемстваў, разам зь дзяржаўным доўгам – дзесьці каля 18 адсоткаў ад ВУП.

Такім чынам, гэта больш чым у два разы ніжэй, чым стандарт, прыняты Міжнародным валютным фондам, паводле якога зьнешні доўг у дачыненьні да ВУП – 40%. І гэты стандарт сьведчыць пра тое, што эканоміка нармальна разьвіваецца, яна даволі ўстойлівая, і няма фінансавага крызісу. Такім чынам, паўтара мільярды – яны ніяк не ўплываюць на ўстойлівасьць эканомікі”.

АПЫТАНЬНЕ: Ці варта браць крэдыт у Расеі, каб набываць газ?



Знаткевіч: “Аляксандар, Вы чулі гэтае апытаньне – там прагучала такое цікавае меркаваньне, маўляў, усё роўна мы ня будзем аддаваць гэты крэдыт, бо калі мы будзем на баку Расеі, нам яго даруюць. Як вы лічыце, ёсьць нейкая рацыя ў гэтым?”

“Часы, калі Расея нешта даравала Беларусі, скончыліся”

Чубрык: “Канечне, калі паглядзець у яшчэ нядаўнюю гісторыю, дык гэтае меркаваньне выглядае абгрунтаваным, але ж я баюся, што часы, калі Расея нешта даравала Беларусі, ужо скончыліся. Па-першае, калі мы апошні раз былі на баку Расеі, я ўжо і ня памятаю. У нас цяпер даволі напружаныя адносіны. І калі мы ўжо пачалі пераходзіць на рынкавыя адносіны што да цэнаў на газ, гандлю нафтай і г.д., то тут такія рэчы проста немагчымыя.

З нашага пункту гледжаньня адмовіцца плаціць Расеі нейкія адсоткі ці ўсю запазычанасьць – гэта немагчыма, бо гэта азначае праблему з прыцягненьнем нейкіх іншых крэдытаў, таму што гэта вельмі адмоўна будзе ўплываць на крэдытны рэйтынг краіны, і ня думаю, што ў гэтым хтосьці зацікаўлены”.

Знаткевіч: “Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч кажа, што ў дзяржавы ёсьць вялікія валютныя рэзэрвы, больш за 3 мільярды даляраў, і можна было б іх скарыстаць, каб заплаціць за расейскі газ. Як Вы ставіцеся да такой ідэі?”

Чубрык: “Ведаеце, я, на жаль, ня бачыў апошніх лічбаў. Чуў, што Пракаповіч, здаецца, казаў пра 3 мільярды, Багданкевіч таксама кажа... Магчыма, так, гэтыя грошы назапашаныя дзякуючы таму, што банкі шмат грошай прыцягнулі.

Справа ў тым, што гэтыя рэзэрвы па міжнародных мерках даволі невялікія. 3 мільярды – гэта менш за паўтара месяцы імпарту, а паводле міжнародных крытэраў нармальным лічыцца запас валюты, адпаведны тром месяцам імпарту. Насамрэч, велічыня гэтых рэзэрваў, я думаю, меншая. Я апошнюю лічбу бачыў – крышку больш за 2 мільярды, гэта крыху больш за 1 месяц імпарту. Такім чынам, гэтых рэзэрваў хопіць проста каб падтрымліваць стабільнасьць беларускага рубля на працягу года, можа крыху больш.

Але паглядзіце, што адбывалася напачатку гэтага году, калі Нацбанк прадаў, – па некаторых чутках, таму што дадзеныя яны прыбралі з сайту цягам студзеня, – каля паўмільярда рэзэрваў. І калі прадпрыемствы, банкі бачаць, што рэзэрвы Нацбанку зьмяншаюцца, то гэта выклікае дадатковую паніку. Уявіце сабе: банк пачынае прадаваць валюты, каб падтрымаць стабільнасьць беларускага рубля...”

“У гэтым годзе грошай і так хопіць”

Знаткевіч: “А што калі Расея ня дасьць гэтага крэдыту – ці можа гэта прывесьці да панікі, ці пабягуць людзі ў банкі забіраць грошы?”

Чубрык: “У гэтым годзе гэта ніяк не прывядзе да ніякага крызісу ані да панікі, таму што ў гэтым годзе грошай і так хопіць. Прычым, наколькі я разумею, мінфін абяцаў у гэтым годзе атрымаць крэдытны рэйтынг – таму магчыма будзе прыцягнуць грошы праз выпуск эўрабондаў і прыцягнуць грошы праз банкаўскую сыстэму.

Ужо дасягнутая дамоўленасьць пра продаж чатырох банкаў, і вядуцца некалькі ўгодаў пра тое, каб яшчэ прадаць невялікія беларускія банкі, празь якія таксама можна будзе прыцягваць сродкі.

Я лічу, што ў гэтым і, магчыма, нават у наступным годзе Беларусь нават без расейскага крэдыту здолее плаціць па сваіх рахунках за газ, нафту. Гэта не такая вялікая праблема. Канечне, было б прасьцей з гэтымі грашыма – але ў гэтым годзе дакладна ніякага каляпсу ці крызісу ня будзе, а што будзе далей – паглядзім, як будзе разгортвацца сытуацыя”.

Знаткевіч: “Як Вы лічыце, якія цяпер пэрспэктывы з правам уласнасьці на “Белтрансгаз” у сувязі з гэтымі прапановамі? Ці будуць яшчэ нейкія пераразьмеркаваньні? І ці прадасьць Беларусь яшчэ большую долю “Газпрому”?”

Чубрык: “Я лічу, што пагадненьне ўжо падпісанае, і ня думаю, што Беларусь пагодзіцца на тое, каб прадаць ці іншае што зрабіць са сваімі 50% “Белтрансгазу”, таму што ў 2011 г. гэта будзе нейкі дадатны інструмант перамоваў з Расеяй. Калі абодва бакі валодаюць паловай прадпрыемства, то пытаньне, як будзе ажыцьцяўляцца мэнэджмэнт гэтага прадпрыемства, застаецца адкрытым. З гэтай нагоды Беларусь ня здасьць ніводнага рубля сваіх акцыяў Расеі, і ўсё будзе згодна зь дзейсным пагадненьнем”.
XS
SM
MD
LG