Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праскі акцэнт". Матрыца: перазагрузка (кадравыя зьмены ў КДБ) – ІІ


Юры Дракахруст, Прага Што стаіць за публічнымі абвінавачваньнямі Аляксандра Лукашэнкі на адрас КДБ? Якімі будуць маштабы і мэты чысткі ў камітэце? Якія настроі фармуюць масавыя чысткі ў дзяржаўным апараце – неляяльнасьць ці звышляяльнасьць? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько, дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш і дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі.

Адстаўкі ў КДБ і “польскія шпіёны”

Дракахруст: “Адзінае ў працы КДБ, што Лукашэнка пахваліў на нарадзе, гэта раскрыцьцё сеткі польскіх шпіёнаў. Але менавіта апошнімі днямі ў шэрагу выданьнях зьявіліся вэрсіі , што ўся гэтая апэрацыя была падрыхтаваная і інсьпіраваная расейскімі спэцслужбамі, якія рукамі беларускіх калегаў зрэалізавалі сваю, расейскую задачу, пры гэтым паламаўшы пляны беларускага кіраўніцтва наладзіць адносіны з Эўропай, у прыватнасьці, з Польшчай. Наколькі імавернымі Вам падаюцца такія вэрсіі?”

Дынько: "Давайце прыгадаем хранамэтраж падзеяў. У чацьвер група , я ня ведаю, кадэбістаў ці правакатараў, зьбівае Ломаця. І ў той жа чацьвер на “Інтэрфаксе”, які ўжо ня раз аказваўся даверанай крыніцай КДБ, зьяўляецца інфармацыя, што ў нядзелю будзе абнародаваная інфармацыя пра раскрыцьцё шпіёнскай сеткі. Не аднаго шпіёна, а цэлай сеткі – гучыць. Гэта відавочна не было выпадковым супадзеньнем.

Выглядала гэта трохі дзіўна. І тое, што была цэлая шпіёнская сетка, і тое, што палякі шпіёнілі за супрацьпаветранай абаронай Беларусі. Вось такія крыважэрныя палякі, якія хочуць нанесьці ўдар, і таму шпіёняць не за беларускімі аэрадромамі, якія нацэленыя на Польшчу, а за СПА. Усё гэта выглядала як шытае белымі ніткамі.

Я б яшчэ зьвярнуў увагу на яшчэ адны словы Лукашэнкі, якія ўчора растыражавалі на ўсю краіну. Вось балючыя словы Лукашэнкі на адрас Дамашкевіча – іх жа БТ не трансьлявала. А ўчора была адкрытая спроба дыскрэдытаваць КДБ як структуру, прынізіць іх, разьвеяць міт пра КДБ.

Мяне ўразіла, як Лукашэнка амаль слова ў слова паўтарыў тое, што напісала пра гэта Сьвятлана Калінкіна. Яна напісала пра разборкі паміж МУС і КДБ, што гэта не разборкі паміж разумнымі людзьмі, якія выбудоўваюць нейкія хітрыя камбінацыі – гэта калгасная разборка са штакецінамі.
А.Дынько: “Вы не чэкісты, вы – пастухі". Для гарадзкой аўдыторыі можна патлумачыць, што пастух у калгасе – гэта чалавек з найніжэйшай кваліфікацыяй – гэта той, хто ня здольны на трактары езьдзіць, які ня здольны абслугоўваць паільную сыстэму на фэрме, гэта людзі без адукацыі, часта проста нездаровыя людзі”.
І ўчора Лукашэнка сказаў тое, што, магчыма, самае прынізьлівае для супрацоўнікаў камітэту дзяржбясьпекі, што абражае любога чалавека: "Вы не чэкісты, вы – пастухі". Для гарадзкой аўдыторыі можна патлумачыць, што пастух у калгасе – гэта чалавек з найніжэйшай кваліфікацыяй – гэта той, хто ня здольны на трактары езьдзіць, які ня здольны абслугоўваць паільную сыстэму на фэрме, гэта людзі без адукацыі, часта проста нездаровыя людзі.

І Лукашэнка кажа на КДБ: "Вы не чэкісты, вы – пастухі". Гэта было больш, чым проста разборка з Сухарэнкам, больш, чым спроба стаць на чыйсьці бок у кланавай барацьбе, кагосьці чыімсьці рукамі раздушыць. Гэта была спроба вырашыць нейкую доўгатэрміновую задачу".

Сіліцкі: "Апавяданьне пра тое, як шпіёны ў ХХІ стагодьдзі выкарыстоўвалі дупло дрэва ў якасьці сродку сувязі ў стылі Дуброўскага і ягонай каханай, моцна нагадвала знакамітых пацукоў у вадаправодзе, у мяне склалася ўражаньне, што почырк вельмі знаёмы. І супадзеньне гэтага "выкрыцьця" са зьбіцьцём Ломаця было відавочна невыпадковым.
В.Сіліцкі: “Апавяданьне пра тое, як шпіёны ў ХХІ стагодьдзі выкарыстоўвалі дупло дрэва ў якасьці сродку сувязі ў стылі Дуброўскага і ягонай каханай, вельмі моцна нагадвала знакамітых пацукоў у вадаправодзе”.
Мне здаецца, што кіраўніцтва КДБ нешта прадчувала і адчувала патрэбу нешта зрабіць. Хаця, калі прыгадаць, як спрацавалі расейскія спэцслужбы са спадаром Літвіненкам у Лёндане, а потым са спадаром Лугавым – там дэпрафэсіяналізацыя, здаецца, таксама адбылася. Але я ўсё ж аддаю перавагу вэрсіі, згодна зь якой "польскія шпіёны" – гэта дамарослая трагікамэдыя.

Больш за тое, калі Вы, Юры, узгадалі спробы наладзіць дыялёг з Захадам, то і ў самой Беларусі хапала тых, якім гэты дыялёг быў не да спадобы.

Гаворачы пра Польшчу, трэба мець на ўвазе, што ў цяперашняй сытуацыі, калі хочаш біць па Эўразьвязу , то трэба абіраць іншую мішэнь. Зараз аўтарытэт Польшчы ў Эўразьвязе надзвычай нізкі. Калі гэта было мэтай, то гэта рабілі абсалютныя непрафэсіяналы. Некаторыя ў Нямеччыне ды і ў іншых краінах будуць проста паціраць рукі ад задавальненьня".

Коктыш: "Ну я тут пагаджуся з Віталём, што гэта цалкам дамарослая нарыхтоўка. Па-першае, той жа спадар Сухарэнка ўжо адчуваў, што пахне паленым, і яму тэрмінова трэба было дасягнуць нейкіх посьпехаў. Таму і прагучала гэтая гучная заява пра польскіх шпіёнаў. Але калі адстаўка Сухарэнкі ўсё ж адбылася, то зь вялікай імавернасьцю можна сказаць, што ніякай справы няма, што яна шытая белымі ніткамі, уся яна трымаецца на сьцьвяржэньні, што нейкі маёр прыйшоў у расейскае ФСБ “з павіннай”. Расейскае ФСБ можа проста не падцьвердзіць гэтую інфармацыю, не падпісацца пад хлусьнёй, і ўся справа разваліцца.

Другі момант – тое, што Лукашэнка падтрымаў гэтую справу вельмі своеасабліва. Ён сказаў, што маладыя апэратыўнікі вельмі добра спрацавалі, а старыя ўсё завалілі і ўсё схавалі. Гэта азначае, што справа ёсьць, але, з другога боку, яе нібыта і няма.

Мне здаецца, што справа будзе спушчаная на тармазах і некуды зьнікне ці разваліцца ў судзе.

Ну, а чаму Лукашэнка падтрымаў і сказаў, што малодшы апэратыўны склад добра працуе і нешта "накапаў"? Тут тое, пра што казаў спадар Дынько – што ніякіх эканамічных перадумоваў перазагрузкі сыстэмы няма. Так, няма. Але сацыяльныя падставы ёсьць, і яе ўсё роўна трэба рабіць.
К.Коктыш: “Тое, што Лукашэнка падтрымаў гэтую вэрсію пра польскую шпіёнскую сетку – гэта спроба яшчэ раз як-небудзь пасябраваць з Расеяй”.
Дык вось тое, што Лукашэнка падтрымаў гэтую вэрсію пра польскую шпіёнскую сетку – гэта спроба яшчэ раз як-небудзь пасябраваць з Расеяй, бо зараз праблемы вельмі істотныя. А тут атрымліваецца, што Беларусь здолела выкрыць нейкіх агульных ворагаў, якія змагаюцца супраць саюзу. Гэтая тэза – у асноўным для расейскага, хаця і для ўнутранага спажываньня, але яна мае мала агульнага з рэчаіснасьцю”.

Вынік чыстак – неляяльнасьць ці звышляяльнасьць?

Дракахруст: “І напрыканцы я прапаную паразважаць над дылемай аўтарытарнай улады. З аднаго боку, для сваёй бясьпекі аўтарытарныя ўладары імкнуцца мяняць кадры на вышэйшых пасадах, мяняць незалежна ад посьпехаў і правалаў, мяняць, каб яны не абрасталі сувязямі, статусамі, ня думалі, што нешта значаць самі па сабе.

З другога боку, уявім сабе , што праз пэўны час узьнікае Плошча-ІІ.. а чэкісты , памятаючы пра падзеі гэтага тыдня, кажуць самі сабе: “А нам што – больш за іншых трэба? Ужо як шчыраваў Сухарэнка – і дзе той Сухарэнка? Пастаім у куточку, пакурым, цалей будзем. Лукашэнку трэба – хай бярэ аглоблю і сам апазыцыянэраў і разганяе”. Ці ўсё ж чысткі спараджаюць не неляяльнасьць, а звышляяльнасьць, матываваную страхам згубіць усё?”

Сіліцкі: "Ёсьць усясьветны досьвед так званых султанісцкіх рэжымаў, які паказвае, што звычайна "стаяць у баку і паляць" і нават прымаюць удзел у акцыях, якія прыводзяць да зьмены рэжыму, тыя сілавыя структуры, у якіх захоўваюцца пэўныя зоны інстытуцыянальнай аўтаноміі і якія маглі калектыўна дзейнічаць.
В.Сіліцкі: “Прыклад – скіданьне рэжыму Чаўшэску ў Румыніі, дзе частка сілавых структураў была складнікам перавароту. Пры гэтым рэжым падтрымлівала да апошняга спэцслужба "сэкурытатэ", у якой і праводзіліся ўвесь час ратацыі”.
Прыклад – скіданьне рэжыму Чаўшэску ў Румыніі, дзе частка сілавых структураў была складнікам перавароту. Пры гэтым рэжым падтрымлівала да апошняга спэцслужба "сэкурытатэ", у якой і праводзіліся ўвесь час ратацыі, а рэвалюцыю падтрымалі тыя структуры, у якіх назіралася пэўная кадравая стабільнасьць – гэта войска і часткова паліцыя.

Непадпарадкаваньне ўладзе – гэта калектыўнае дзеяньне, а для калектыўнага дзеяньня патрэбны калектыў. Аднак, калі людзі не зьвязаныя хаця б кланавасьцю, яны адзін аднаго здадуць. Таму такія ператрусы і ратацыі спрыяюць умацаваньню сыстэмы”.

Коктыш: "Збольшага пагаджуся зь Віталём з адным удакладненьнем. Тут крытычным будзе "ўзрост адсячэньня" – той узрост , зь якога пачнецца высокая вэртыкальная мабільнасьць, гэта значыць, магчымасьць рабіць кар’еру. Калі гэты ўзрост будзе больш менш сталы, то сапраўды, гэты чалавек будзе разважаць менавіта так, як Вы. Юры, сказалі: "Навошта мне гэта трэба, бо тыя, што былі перада мной, шыю сабе на гэтым зламалі".

Але чалавек маладзейшы разважае інакш, ён кажа сабе: "У тых не атрымалася, але ў мяне ж заўжды атрымаецца, бо я ж не такі, як яны". Досьвед старэйшых пакаленьняў тут проста ня будзе працаваць".

Матрыца: перазагрузка (кадравыя зьмены ў КДБ) – І, 24.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG