Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Сьвяткаваньне 27 ліпеня адбудзецца нягледзячы на затрыманьні</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Нягледзячы на затрыманьні й арышты многіх актывістаў, дэмакратычная апазыцыя зьбіраецца адзначыць 27 ліпеня — дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і незалежнасьці Беларусі.

Арганізатары сьвяткаваньня плянуюць правесьці 27 ліпеня а 16-й гадзіне ў Менску каля Чырвонага касьцёлу сустрэчу моладзі з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якія прымалі Дэклярацыю.

Потым ў сквэры Янкі Купалы ўдзельнікі ўскладуць кветкі да помніка песьняру.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч сказаў:

“Аргкамітэт вырашыў, што ўскладаньне кветак і сустрэча маладзёнаў з дэпутатамі, якія абвяшчалі ў залі Вярхоўнага Савету Дэклярацыю, адбудзецца, бо гэта ня ёсьць мерапрыемствамі, якія патрабуюць дазволу. Гэта агульнадэмакратычная такая ідэя. Для нас 27 ліпеня было і застаецца дзяржаўным сьвятам”.

Паводле спадара Рынкевіча, гэтыя імпрэзы пастанавілі правесьці ў межах заканадаўства, без сымболікі й гукаўзмацняльнай тэхнікі.

Загадчык ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Генадзь Курбека сказаў, што менскія ўлады не зьбіраюцца адзначаць 27 ліпеня. Ён пракамэнтаваў пляны апазыцыі:

“Афіцыйнай заяўкі ў нас не было, таму мяне вельмі зьдзіўляюць гэтыя заявы. Ёсьць адпаведны закон, што нельга. Побач Дом ураду і іншыя адміністрацыйныя будынкі, побач пераход каля гандлёвага цэнтру “Сталіца”. Паводле закону нельга каля такіх аб’ектаў праводзіць масавыя мерапрыемствы. Яны падстаўляюць людзей, заклікаючы”.

Нагадаем, што Менгарывканкам адмовіў заяўнікам у правядзеньні канцэрту на плошчы Бангалор – нібыта з тае прычыны, што плошчу рыхтуюць да 940-годзьдзя Менску. Заяўнікі зьбіраюцца абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе.

Паводле сябра БСДП (Грамада) Ігара Рынкевіча, згодна з законам улады мусілі вызначыць іншае месца для сьвяткаваньня:

“Дэмакратычным сілам кідаецца выклік, паколькі парушаюцца канстытуцыйныя правы на свабоду выяўленьня думак, шэсьцяў і мітынгаў”.

На гэтым тыдні ўлады затрымалі й арыштавалі шэраг актывістаў апазыцыі, якія распаўсюджвалі ўлёткі пра сьвяткаваньне 27 ліпеня.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што нягледзячы на гэта, сьвяткаваньне адбудзецца:

“У зьвязку з апошнімі перастаноўкамі ў сілавых ведамствах, а менавіта новае кіраўніцтва КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў хочуць паказаць, што сытуацыя пад кантролем, сілавыя ведамствы працуюць, тут апазыцыі ці дэмсілам яны разгарнуцца ня дадуць.

І будуць вельмі жорстка прыціскаць адпаведна з тым, як яны разумеюць сваю ролю. Можа, яны менш затрыманьняў плянуюць у саму акцыю, каб не ствараць моцнай інфармацыйнай нагоды. А імкнуцца па магчымасьці ізаляваць як мага большую колькасьць патэнцыйных удзельнікаў да акцыі”.
XS
SM
MD
LG