Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зона адпачынку ствараецца рукамі беларускай і літоўскай моладзі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Дзень добры! Беларуская Свабода запрашае вас у чарговую выправу ў мінулае, у дзень 25 ліпеня розных гадоў.

* На старонках “Знамени юности” ў 1967 годзе асьпіранты АН БССР А.Ярашэвіч і А.Зіноўеў пішуць пра славутыя месцы Беларусі: “На Палесьсі вы можаце пачуць старадаўняе паданьне. Некалі, даўным-даўно зьявіўся на Прыпяці карабель пад ветразямі. Ішоў ён з поўдня, з далёкіх краін. У вусьці Цны ён кінуў якар, і на бераг сышоў іншаземец. Зачараваны палескімі лясамі, пасяліўся ён на беразе Прыпяці і пражыў тут свае апошнія дні. Быў гэта Авідзій Назон. У памяць аб вялікім паэце людзі насыпалі на магіле яго высокі курган”.

* “Будаўніцтва моладзевай зоны адпачынку пачалося на мяжы двух раёнаў — Воранаўскага Беларусі і Шальчынінскага Літвы, — паведамляе ў 1987 годзе “Советская Беларуссия”. — У маляўнічым месцы непадалёк ад вёскі Беняконі ўжо ўпарадкавалі лесапаркавую тэрыторыю. З часам тут зьявіцца амфітэатар, шматлікія спартовыя збудаваньні. Жыхары двух раёнаў будуць праводзіць сумесныя вечары адпачынку, агляды мастацкай самадзейнасьці, іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы. Зона адпачынку ствараецца рукамі беларускай і літоўскай моладзі”.

* “Имя” ў 1997 годзе дае слова Станіславу Шушкевічу: “Я спадзяюся, што мы дажывем да таго часу, калі будзем адзначаць Дзень незалежнасьці 25 сакавіка — у дзень, калі была створана Беларуская Народная Рэспубліка. Чым больш я разьбіраюся ў нашай гісторыі, тым больш важкім для мяне зьяўляецца менавіта гэтая сьвята. Хоць і да 3 ліпеня я таксама стаўлюся добра, таму што я бачыў першы танк, які ўвайшоў у Менск падчас вызваленьня, і гэта для мяне незабыўнае сьвята”.
XS
SM
MD
LG