Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, цяпер у КДБ зразумеюць, што павінны займацца бясьпекай дзяржавы, а не перасьледам апазыцыі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з галоўных тэмаў у нашай пошце апошняга тыдня — гучныя адстаўкі кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка і ягоныя паплечнікі былі абвінавачаныя прэзыдэнтам Лукашэнкам у заганных сувязях з камэрцыйнымі структурамі, непрафэсіяналізьме і няздольнасьці захоўваць дзяржаўныя сакрэты.

Адзін з тых слухачоў “Свабоды”, якія адгукнуліся на гэтыя падзеі, — Уладзіслаў Доўжык зь Менску:

“А як старанна генэрал Сухарэнка ганяў апазыцыю, колькі вынаходлівасьці выявіў, шукаючы пацукоў у атручанай вадзе, як пільна сачыў за апазыцыйнымі актывістамі.

А тут аказваецца, што адначасова ў КДБ адбывалася немаведама што: на працу ўладкоўвалі не прафэсіяналаў, а сваякоў; інфармацыю пра карупцыянэраў хавалі; палкоўнікі й маёры былі ў цесных сувязях з сумнеўнымі камэрсантамі…

Нават добра, што гэтак усё скончылася. Можа, цяпер да кіраўнікоў КДБ дойдзе, што ніякая вернападданасьць ня ёсьць для іх індульгенцыяй, і што займацца трэба рэальнай абаронай бясьпекі сваёй дзяржавы, а не перасьледам апазыцыйных лідэраў, якія жадаюць дабра нашай радзіме”.


Магчыма, спадар Доўжык, так і адбудзецца. Праўда, першы ж тыдзень пасьля скандальных адставак засьведчыў, што ў стаўленьні сілавых структураў да апазыцыі нічога не мяняецца: напярэдадні 27 ліпеня зноў правялі масавыя прэвентыўныя арышты апазыцыйных актывістаў, зноў адбыліся суды, якія вынесьлі ўжо звыклыя абвінаваўчыя прысуды.

Наш слухач Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну лічыць супярэчнасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, якія асабліва абвастрыліся сёлета, часткай вялікага імпэрскага пляну Расеі:

“Расейская выведка і эканамісты-аналітыкі цудоўна адпрацавалі стратэгічныя пляны аншлюсу Беларусі, прадаючы танныя газ і нафту для прыгоннай эканамічнай сыстэмы Беларусі.

Яны добра ведаюць, што несвабодная эканоміка ніколі ня будзе эфэктыўнай, а таму пастаянна заахвочвалі беларускае кіраўніцтва да вядзеньня менавіта такой эканамічнай палітыкі. Адначасова некаторыя кіраўнікі на чале з Лукашэнкам спадзяваліся атрымаць высокія пасады ў Крамлі ў тым выпадку, калі здадуць Беларусь Расеі. Але ў гэтым Масква ім адмовіла.

Тады беларускія манкурты пераапрануліся ў шчырых патрыётаў і пачалі нападаць на расейскае кіраўніцтва. У адказ Расея падвысіла цэны на нафту і газ, запатрабавала сабе газавыя трубы, абмежавала продаж беларускага цукру ды іншых тавараў на сваім рынку.

І цяпер вядзе палітыку эканамічнага ўдушэньня Беларусі, накінуўшы нафтавую і газавую пятлю. Ды яшчэ хоча дабавіць і атамную пятлю, прапануючы пабудаваць АЭС. Вось такія расейскія пляны зрабіць кранты беларускай эканоміцы, а адначасова і беларускай дзяржаўнасьці”.


А ці абавязкова замахам на беларускую дзяржаўнасьць варта лічыць тое, што Расея пераводзіць свае дачыненьні зь Беларусьсю на празрыстыя рынкавыя асновы, спадар Сухарэбскі? Рынкавую цану за расейскія нафту і газ плацяць Польшча, Літва, Латвія, Украіна — і ня называюць гэта падкопамі пад сваю незалежнасьць ды спробамі аншлюсу.

І ня толькі нэгатыўныя наступствы здольная прынесьці беларускай эканоміцы цяперашняя сытуацыя. Пастаўленае ў новыя ўмовы, беларускае кіраўніцтва проста вымушанае будзе ажыцьцяўляць рэальныя эканамічныя рэформы, якія так упарта стрымлівала паўтара дзясятка гадоў.

Наша слухачка з Магілёва Галіна Александровіч у сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, чым можа скончыцца супрацьстаяньне Беларусі і Эўразьвязу ў пытаньні гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Нагадаю, месяц таму Беларусь была пазбаўленая льготаў у гандлі з эўрапейскімі краінамі з прычыны парушэньня правоў прафсаюзаў. Слухачка з гэтай нагоды піша:

“Улады цяпер наракаюць на тое, што ў выніку Эўразьвяз пакараў народ Беларусі, простых людзей, на якіх найперш адаб’юцца наступствы санкцыяў. Абуральна, што пры гэтым беларусам не расказваюць пра тое, чаму сталі магчымыя гэтыя санкцыі, і як доўга Эўразьвяз спрабаваў угаварыць беларускіх начальнікаў не парушаць правы незалежных прафсаюзаў.

Думаю, гэтая праблема ў многім залежыць ад прэм’ера Сідорскага. Калі яго сапраўды турбуе лёс простага рабочага люду, дык ён павінен у гэтым пытаньні ўвайсьці ў канфлікт з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Бо Лукашэнка цудоўна ведае, як можна вярнуць прэфэрэнцыі”.


З 1996 году, калі ў канфлікт з Аляксандрам Лукашэнкам паспрабаваў уступіць тагачасны прэм’ер Міхаіл Чыгір, ніводзін іншы кіраўнік беларускага ўраду канфліктаваць з прэзыдэнтам у прынцыповых пытаньнях не адважваўся.

І наўрад ці Сяргей Сідорскі стане выключэньнем. Лёс Міхаіла Чыгіра, якому давялося перажыць ня толькі адстаўку і апалу, але і турму, ва ўсіх ягоных пераемнікаў перад вачыма.

Колішні апазыцыйны актывіст, а цяпер палітычны ўцякач Яўген Мурашка даслаў нам зь Нямеччыны электронны ліст, у якім наракае на тое, што ягонай і ягоных аднадумцаў дзейнасьці надаецца цяпер, як ён лічыць, недастаткова ўвагі ў незалежных мэдыях:

“За чатыры гады, як мы заснавалі Зьвяз беларусаў Нямеччыны, ніводная інфармацыя, якую дасылалі на ваша радыё і на іншыя сайты, нідзе ня згадвалася.

Складаецца ўражаньне, што мы, палітычныя ўцекачы, якія апынуліся ў Нямеччыне, для беларускага грамадзтва, так бы мовіць, бязь вестак згінулі.

Кожны год, калі адзначаюць дзень уцекачоў, на вашым сайце згадваюцца толькі некаторыя прозьвішчы. А ў Нямеччыне ж, акрамя сем’яў Г.Карпенкі і Ю.Захаранкі, атрымалі палітычны прытулак сем’і Яўгена.Мурашкі і Галіны Арцёменкі, Зьмітра Майсеенкі і Тацяны Пінчук, Ігара Закрэўскага, якія з-за сваёй палітычнай дзейнасьці вымушаны былі пакінуць Беларусь. І шмат яшчэ нашых суайчыньнікаў тут чакаюць вырашэньня свайго лёсу.

Мы былі сябрамі БНФ, аднак наш лідэр В.Вячорка, кіруючыся ў Брусэль ці Страсбур, заўсёды абмінае Нямеччыну. Канечне, сёньня мы яму ўжо не цікавыя.

У свой час мы былі запатрабаваныя ў Беларусі, калі нашым партыйным “лідэрам” патрэбна было выконваць нейкую руцінную працу. І тым ня менш, мы і тут робім і будзем рабіць, можа, і непрыкметную, аднак усё ж працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны”.


Так, спадар Мурашка, мы асьвятляем у асноўным тыя грамадзка значныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі альбо зь Беларусьсю зьвязаныя.

Пра жыцьцё беларускай эміграцыі Радыё Свабода таксама распавядае — у нас ёсьць адмысловая праграма — “Беларускае замежжа”, якую вы, напэўна, слухаеце. І пра ўтварэньне і некаторыя акцыі Зьвязу беларусаў Нямеччыны мы ў свой час паведамлялі — калі была на тое апэратыўная інфармацыйная нагода. Але ўвесь час надаваць тэме эміграцыі шмат месца мы ня можам.

На заканчэньне допіс Мікалая Куксо зь Івянца Валожынскага раёну, які свой ліст прымеркаваў да 27 ліпеня — даты, якая да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады адзначалася ў Беларусі як Дзень Незалежнасьці. Спадар Куксо піша:

“Улада на Беларусі сёньня нагадвае адміністрацыю Расейскай імпэрыі, якая кіравала калёніяй, што называлася “Северо-Западным краем”, дзе забаранялася ўсё беларускае, і нават назва нашай краіны.

Цяпер у нас, напэўна, 99 працэнтаў чыноўнікаў размаўляе на мове былой мэтраполіі, а наша беларуская мова вынішчаецца самым дзікунскім чынам. Тых, хто размаўляе па-беларуску, лічаць неляяльнымі да ўлады, ледзь ня ворагамі. Каляніяльны характар улады пацьвярджае і тое, што яна скасавала Дзень Незалежнасьці, які адзначаўся 27 ліпеня ў гонар абвяшчэньня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, і замяніла яго днём вызваленьня Менску ад нацыстаў.

Вельмі прыкра і сумна, што практычна мы маем статус калёніі, дзе вынішчаецца ўсё беларускае”.


Разам зь лістом слухач даслаў шмат вершаў грамадзянскай тэматыкі. У адным зь іх ёсьць такія радкі:

“Душыцца ў школах усё беларускае, У прэсе, на радыё — гутарка руская. Песьні сьпяваюць суседняй краіны, Як быццам ня маем сваёй мы Радзімы...”

Дзякуй, спадар Куксо, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG