Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва: справа аб выдачы ўцекача зь Беларусі адкладзеная


Тацяна Поклад, Вільня Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Аляксандар Янкоўскі, просьба якога аб палітычным прытулку вырашаецца ў Бэльгіі, быў затрыманы ў часе сваёй паездкі ў Літву на просьбу беларускіх праваахоўчых органаў. Сёньня Віленскі акруговы суд часова адклаў справу аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.

37-гадовы Аляксандар Янкоўскі быў затрыманы на польска-літоўскай мяжы. Ён мае беларускае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў Бэльгіі, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Справа Янкоўскага аб палітычным прытулку ў Бэльгіі пакуль што ня вырашаная.

Сёлета Аляксандар Янкоўскі прасіў палітычнага прытулку і ў Літве, але Літва яму адмовіла на той падставе, што Янкоўскі ўжо мае дазвол на сталае жыхарства ў Бэльгіі. Пры гэтым міграцыйны дэпартамэнт Літвы беларускаму грамадзяніну дазвол на часовае пражываньне ў Літве.

Як паведамляе літоўская прэса, намесьнік генэральнага пракурора Беларусі А.Іваноўскі ў заяве да пракурора Літвы цьвердзіць, што нібыта 29 траўня 1999 году ў славацкім горадзе Бойніца А.Янкоўскі разам з хаўрусьнікамі напаў на супрацоўнікаў масажнага салёну, зьбіў іх, пагражаў ім нажом і патрабаваў грошы. У заяве зь Беларусі паведамляецца, што А.Янкоўскі быў затрыманы славацкімі паліцыянтамі, але адразу вызвалены. Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі А.Іваноўскі таксама паведаміў літоўскай пракуратуры, што А.Янкоўскі 2 верасьня 2001 году ў Астраўцы ў рэстарацыі “Беларусь” напаў на двух наведнікаў і зьбіў іх.

У 2002 годзе А.Янкоўскі быў аб’яўлены ў вышук у Беларусі, але ўжо ў той час ён хаваўся ў Літве, а ў жніўні 2002 году папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі.

З.Піменаў: “Той, хто вёў справу супраць А.Янкоўскага, сам цяпер сядзіць у турме”

Старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня з Бэльгіі Зьміцер Піменаў паведаміў нашаму радыё, што гэта ўжо ня першы выпадак, калі беларускія ўлады пачынаюць крымінальную справу супраць беларускіх палітычных уцекачоў з Бэльгіі.

На думку Піменава, што палітычная матывацыя справы супраць Янкоўскага відавочная:

“Лічу, што гэта менавіта з-за яго палітычнай актыўнасьці. Адносна таго, што на яго была нейкая крымінальная справа, я даведаўся наступнае: гэтая справа сфальсыфікаваная. Той чалавек, які падаваў на Янкоўскага ў суд, зрабіў гэта пад прымусам, на яго чынілі ціск міліцыянты. Ужо ёсьць расьпіска, што той, хто падаваў на Янкоўскага ў суд, ніякіх прэтэнзіяў ня мае. І той, хто вёў справу супраць Янкоўскага сем ці пяць гадоў таму, сам цяпер сядзіць у турме”.

Раней Аляксандар Янкоўскі ня раз езьдзіў у Вільню – да сястры сваёй маці, якая там жыве, а таксама ў сувязі з сваім бізнэсам, – але дасюль ніхто яго не затрымліваў, кажа Зьміцер Піменаў. Генэральная пракуратура Літвы гэтым разам у адказ на просьбу зь Беларусі зьвярнулася ў Віленскі акруговы суд з просьбай аб экстрадыцыі Янкоўскага.

На судзе Аляксандар Янкоўскі заявіў пра тое, што яго ў Беларусі за палітычную дзейнасьць ня раз затрымлівала і жорстка зьбівала міліцыя, што яму пагражалі “стратаю здароўя і волі”, калі ён будзе і надалей падтрымліваць КХП-БНФ.

Экстрадыцыя Аляксандра Янкоўскага адкладзеная

Сёньня найбольшы інфармацыйны партал краінаў Балтыі DELFI цытаваў словы прадстаўніцы генэральнага пракурора Літвы. Яна падкрэсьліла, што Аляксандар Янкоўскі абвінавачваецца ў крымінальных, а не палітычных злачынствах: “Мы даўно супрацоўнічаем зь Беларусьсю і дасюль не было падставаў сумнявацца ў кампэтэнцыі беларускіх калег”.

Сёньня Віленскі акруговы суд, які разглядаў пытаньне аб экстрадыцыі Аляксандра Янкоўскага, вырашыў яшчэ раз зьвярнуцца ў Бэльгію і высьветліць, ці вырашана справа аб яго палітычным прытулку.

Аляксандр Янкоўскі вызвалены, але ў яго забралі дакумэнты.

Сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня з Бэльгіі ўжо зьвярталіся з просьбай вызваліць Янкоўскага ў амбасаду Літвы і ў Віленскі акруговы суд. Беларусы Бэльгіі плянуюць арганізаваць пратэсты перад літоўскай амбасадай у тым выпадку, калі Віленскі акруговы суд вырашыць пытаньне аб экстрадыцыі Янкоўскага станоўча.

Тым часам заўтра беларусы Бэльгіі плянуюць пікет з пратэстам супраць затрыманьняў у Беларусі Паўла Севярынца і маладафронтаўцаў.
XS
SM
MD
LG