Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 24 ліпеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На партале “Наша Ніва” камэнтуюць арышты палітыкаў Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна, якім інкрымінавалі “заклікі да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі”. Камэнтары:

“Верагодна, ім спатрэбілася ізаляваць Севярынца. Толькі вось навошта?..”;

“Як гэта навошта? Напярэдадні акцыі 27 ліпеня...”;

“Паняцьця закон у гэтай дзяржаве даўно не існуе”;

“А дзе імёны судзьдзяў ? Трэба ж ведаць”;

“Усё канстатуеце факты. Дэмакратыі хочацца? Ня будзе, пакуль не перастанеце гуляць у “маральных і хрысьціянскіх”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра чарговыя праблемы ў сфэры беларуска-расейскіх разьлікаў за пастаўкі газу. 23 ліпеня Беларусь мусіла заплаціць 450 мільёнаў даляраў за пастаўкі ў першым паўгодзьдзі, але не заплаціла. Камэнтары:

“А праз пару гадоў будзе апошні рэфэрэндум: “Вы ЗА дадатак у назьве Беларусь “Паўночна-заходні край?”;

“Цікава было б паслухаць камэнтары ідэолягаў БРСМ, няхай разгоняць нашы цёмныя прадчуваньні”;

“Усё прададуць, што Беларусі застанецца? Крыўдна. І пазыкі засталіся, і грошай ня бачыць”;

“Цябе непакоіць, што распрадаецца штосьці тваё без твайго ведама. Не бяры да галавы”.

У гасьцёўні музычнага парталу “Тузін гітоў” ідуць дыскусіі пра мову на фэстывалі “Басовішча”. Шэраг гуртоў, што ўдзельнічаюць у конкурснай праграме, перакладаюць свае расейскамоўныя праграмы, а выканаўцы часам нават ня могуць павітацца з публікай са сцэны. Камэнтары:

“Басовішча” зрабіла сабе імя на беларускамоўнай рок-музыцы, гэта яго фармат, калі хочаце. Сьпяваеш па-руску – прабівай іншыя фэстывалі. Выбар ёсьць заўжды”;

“Непасрэдна пра музыку – ані слова, усіх толькі мова цікавіць. Ды якая розьніца! Можа, “Басовішча” фэстывалем мовы зрабіць? Музыкі ж амаль няма!”;

“Навошта сваімі ж рукамі заганяць сябе ў межы, прычым часьцяком у ня вельмі якасныя межы? Так жа ніхто і разьвівацца ня будзе, таму што, каб трапіць на “Басы”, дастаткова будзе проста па-беларуску што-небудзь напісаць... які ў гэтым сэнс?”

Блогер burbalka піша ў сваім дзёньніку пра ўспрыманьне шэрагам людзей сучаснай жаночай моды: “Адзін бацюшка з Падляшша: “Апошнія часы насталі, жанчыны ў нагавіцах, адракліся ад таго вобразу, у якім жанчыну стварыў Бог першапачаткова”. На што ён намякаў? На тое, што жанчына мусіць хадзіць у чым маці нарадзіла, у чым Бог стварыў?”

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG