Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь хоча рэструктурызаваць доўг за газ і гатовая плаціць пеню


Уладзімер Глод, Менск Перамовы ў Маскве паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам” сёньня спыніліся. Яны будуць працягнутыя заўтра ў Менску. Беларусі бок па-ранейшаму просіць сваіх расейскіх партнэраў пра адтэрміноўку аплаты за газ — каля 500 мільёнаў даляраў. Сёньня беларуская дэлегацыя прапанавала за магчымую адтэрміноўку плаціць пеню.

Калі расейскую дэлегацыю з самага пачатку ачольвае намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому” Валеры Голубеў, дык беларускую з учорашняга дня ўзначальвае міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц. Менавіта зь яго вуснаў прагучала прапанова пра выплату пені.

З гэтай нагоды кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу на тое, што ў беларускага ўраду было паўгоду, каб прыстасаваць эканоміку да новых цэнаў на расейскі газ. Але, на ягоную думку, урад гэтага не зрабіў:

“Перадусім кідаецца ў вочы адсутнасьць прафэсіяналізму ва ўраду. Тое, што ніякіх захадаў не было зроблена, сьведчыць пра тое, што прэм’ер Сідорскі, якому спадар Лукашэнка публічна даў неабходныя паўнамоцтвы, нічога не зрабіў. Ён ня змог супрацьпаставіць сябе тым лабістам, якія патрабавалі не скарачаць датацыяў зь бюджэту.

А тое, што ўрад гаворыць пра гатовасьць плаціць пеню, дык гэта яшчэ дадатковыя страты, што лягуць на плечы падаткаплатнікаў, з-за адсутнасьці стратэгічных дзеяньняў нашага ўраду”.

Міністар Азярэц таксама прапанаваў “Газпрому” рэструктурызацыю запазычанасьці за атрыманы сёлета Беларусьсю газ.

Яраслаў Раманчук кажа, што на практыцы гэта можа выглядаць так:

“Прыкладам, кажуць, што мы па-ранейшаму будзем плаціць ня 100 даляраў за тысячу кубоў газу, а толькі 55. А розьніцу аформім як даўгавыя каштоўныя паперы Міністэрства фінансаў. І гасіць іх будзем, прыкладам, пад 20% у год цягам яшчэ пяці гадоў.

Тут схемаў можа быць вельмі багата. Проста ёсьць жаданьне раскласьці плацяжы на пяць гадоў, каб прыстасавацца да гэтых варункаў працы. Але ж пытаньне палягае ў тым, як выкарыстаюць у Беларусі гэты час: з розумам, ці як у гэтыя паўгоду, калі ўсё праелі і нічога не зрабілі?”

На 25 ліпеня ў Менску заплянаваны пазачарговы сход акцыянэраў “Белтрансгазу”. На ім павінна быць зацьверджаная кандыдатура новага генэральнага дырэктара.

23 ліпеня Аляксандар Лукашэнка афіцыйна пагадзіўся на прызначэньне на гэтую пасаду Ўладзімера Маёрава — намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму.

Запазычанасьць Беларусі перад “Газпромам” дасягнула амаль 500 мільёнаў даляраў. Яна ўзьнікла з прычыны таго, што ў першай палове году за кожную тысячу кубамэтраў газу беларускі бок пераводзіў на рахункі “Газпрому” ня 100 даляраў (кошт адной тысячы кубамэтраў), а толькі 55. Расейскі канцэрн пагадзіўся на такую разьліковую форму, але папярэдзіў, што запазычанасьць трэба будзе ліквідаваць не пазьней за 23 ліпеня.

• Беларусь гатова заплаціць пеню за адтэрміноўку аплаты за газ, 24.07.2007
XS
SM
MD
LG