Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці могуць замежныя госьці крытыкаваць Беларусь?


Іна Студзінская, Менск Як вы ставіцеся да таго, што замежныя госьці крытыкуюць Беларусь? Ці можа госьць крытыкаваць гаспадара? Гэтыя пытаньні нашая карэспандэнтка задавала на вуліцах Менску.

Спадарыня: “Калі ёсьць за што крытыкаваць — чаму б і не? Усё добра — ні ў адной краіне не бывае. У любой краіне ёсьць нейкія мінусы, і калі людзі іх бачаць і паказваюць на іх — гэта падстава ўбачыць гэтыя недахопы самім і выправіць іх. У нас ёсьць шанец іх выпраўляць, а не крыўдаваць, што нас крытыкуюць”.

Спадар: “Я лічу, нас маюць права крытыкаваць. Кожны чалавек мае права выказваць сваё меркаваньне, калі нешта не падабаецца”.

Юнак: “Канечне, мае права. Калі хтосьці з нашай краіны выяжджае ў іншую краіну, ён таксама кажа, што ім падабаецца, што не падабаецца”.

Дзяўчына: “Я лічу, што могуць, калі яны бачаць, на што нам трэба зьвярнуць увагу”.

Спадарыня: “Безумоўна, кожны мае права выказваць сваё меркаваньне. Чаму ён павінен маўчаць, калі штосьці ня так?”

Спадар: “Могуць. Да крытыкі трэба ставіцца з разуменьнем. Крытыка ў некаторых выпадках вельмі карысная рэч, каб вызначыць памылкі й выправіць”.

Юнак: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны ведаць, што іншаземцам не падабаецца ў нашай краіне”.

Спадарыня: “Няхай “клявешчуць”, як у тым анэкдоце... А ўвогуле, калі што ня так, няхай людзі кажуць, што думаюць. Людзі маюць права выказвацца пра тое, што яны пабачылі так, як ім гэта падалося”.

Юнак: “Могуць. Калі нешта дрэнна, трэба выпраўляць, каб стала добра”.

Спадар: “Канечне, маюць права”.

Карэспандэнтка: “А крытыка можа дапамагчы? Да яе могуць прыслухацца?”

Спадар: “Абавязкова. Яшчэ таварыш Сталін казаў, што “крытыка — гэта лякаматыў прагрэсу”. Крытыка ёсьць прагрэсам”.

Юнак: “Трэба крытыкаваць. Калі бяз крытыкі, то так і застанецца: уключаеш тэлевізар — у нас усё добра, выходзіш на вуліцу — аказваецца, усё далёка ня так добра, як па тэлевізары паказваюць”.

Спадар: “Без камэнтароў. Я ня буду нічога казаць”.

Юнак. “Кожны мае права выказваць сваё меркаваньне. Яно можа быць добрым, можа і дрэнным. Могуць, канечне, выказвацца”.

Спадарыня: “Кожны чалавек мае права выказваць сваё стаўленьне да чаго-небудзь, але ці ўспрымуць ягоную крытыку — вось пытаньне”.

Юнак: “А чым замежнікі адрозьніваюцца ад іншых, ад тых жа беларусаў? Яны таксама маюць права патрабаваць тут, да прыкладу, кваліфікаваных паслугаў”.

Спадар: “Калі крытыка абгрунтаваная, то цалкам могуць. І трэба прыслухоўвацца”.

Юнак: “Крытыкаваць ня могуць”.
XS
SM
MD
LG