Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Сьцяпанам Сухарэнкам сочаць?


Алесь Дашчынскі, Менск Былы шэф КДБ Сьцяпан Сухарэнка пасьля адстаўкі накіраваўся да маці ў вёску Здудзічы Сьветлагорскага раёну. Тут яго і адшукалі журналісты.

Сьцяпан Сухарэнка пагадзіўся на інтэрвію для “Народнай волі”, але адказваў не на ўсе пытаньні. Прынамсі, ён ня ведае сапраўднай прычыны адстаўкі і месца сваёй новай працы. Кажа, што рашэньне прэзыдэнта не абмяркоўваецца.

Ці зьвязаная ягоная адстаўка са зьбіцьцём старшыні Дзяржкантролю Зянона Ломаця? На гэтае пытаньне Сухарэнка сказаў: калі б гэта была правакацыя супраць міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, то ў ягонай сытуацыі цяпер апынуўся б Навумаў.

Паводле карэспандэнткі “Народнай волі” Марыны Коктыш, спадар Сухарэнка не захацеў камэнтаваць таго, што цяпер адбываецца ва ўладзе:

“Ён сказаў, што да адстаўкі павінен быць гатовы любы кіраўнік зь першага дня прызначэньня на пасаду. Ён кажа, што застаецца чалавекам прэзыдэнта, што калі яго паклічуць, ён будзе яму служыць”.

Чуткі пра свой арышт Сухарэнка камэнтуе ня вельмі ахвотна. Кажа, што “самыя розныя здагадкі пра яго хадзілі і яшчэ пэўна будуць хадзіць”.

Маці Сьцяпана Сухарэнкі жыве ў звычайнай хаце, без тэлефона. Побач – дом, дзе вырас кіраўнік тэлеканалу ОНТ Рыгор Кісель. Зь ім яны разам расьлі, хадзілі ў школу.

Былы шэф КДБ зьдзівіўся прыезду журналістаў, кажа Марына Коктыш:

“Калі мы прыехалі, ён разам з усёй сваёй сям’ёй сядзеў побач з бацькоўскім домам. Выгляд у яго быў такі звычайны. Ён кажа, што нікуды не зьнікаў, што ён адразу сабраў сваю сям’ю і зьехаў да матулі. Да нядаўняга часу яны там усе разам адпачывалі”.

Сьцяпан Сухарэнка кажа, што за ім назіраюць. Калі прыехалі журналісты, то побач з домам стаяла нейкая машына з антэнамі, кажа Марына Коктыш:

“Ён сам зьвярнуў на яе ўвагу, сказаў, што гэтая машына зьявілася незадоўга да нашага прыезду. Потым, калі мы прыехалі й пачалі размаўляць, там яшчэ праехала машына, спынілася за некалькі мэтраў да гэтага дома і вельмі так павольна праехала побач з намі, паглядзелі два хлопцы адтуль. Ён сам кажа, што за ім так глядзяць. Назіраюць”.

Сваякі зь вёскі Здудзічы не прызнаваліся падчас размовы па тэлефоне, што там быў Сьцяпан Сухарэнка. Жонка яго брата, які памёр восем гадоў таму, Настасься Іванаўна так выказалася адносна звальненьня сваяка з пасады шэфа КДБ:

“Проста шкада чалавека. Я лічу, што ў таго, хто яго звольніў, няма ні сэрца, нічога на сьвеце. Думаеце, прыемна слухаць родным вось такое?! І ведаць, што чалавек аддаў усё сваё жыцьцё, усё сваё здароўе. Вывучыўся, вышкрабся, як кажуць. Дык вось, прыемна?

Я ўжо сама захварэла, проста мне яго як чалавека шкада. І ведаю, што такіх людзей пашукаць трэба. Вельмі непрыемна і нядобра вось такое слухаць. Гэта так вось проста чалавека ўтапіць, раздушыць, вось і ўсё.

Ну, ведаеце, дзякуй Богу, што жывы. І каб Бог даў яму здароўя. Калі чалавек захоча пражыць, ён пражыве. У любым месцы будзе працаваць і пражыве”.

• Сьцяпан Сухарэнка ў адпачынку, паведаміла “Народная Воля”, 23.07.2007 • Дзе знаходзіцца Сьцяпан Сухарэнка?, 23.07.2007 • Дзе знаходзяцца генэралы КДБ Сухарэнка і Дземянцей?, 20.07.2007 • А.Лукашэнка распавёў пра “правалы”, за якія зьнялі С.Сухарэнку, 19.07.2007 • Чысткі ў КДБ: “Лукашэнка проста спужаўся”, 19.07.2007 • А.Волчак: “Жадобін – чалавек Віктара Лукашэнкі”, 17.07.2007 • Якой была кар’ера Сухарэнкі?, 17.07.2007 • М.Статкевіч: “Сухарэнка не блішчэў інтэлектам”, 17.07.2007 • У чым прычына адставак у КДБ?, 17.07. 2007
XS
SM
MD
LG