Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лібія за грошы адпусьціла баўгарскіх мэдыкаў


Валер Каліноўскі, Прага Пяць баўгарскіх мэдсёстраў і лекар-палестынец прыбылі сёньня ў Сафію рэйсам францускага ўрадавага самалёта з Трыпалі. Яны былі перададзеныя Баўгарыі лібійскімі ўладамі для адбыцьця пажыцьцёвага пакараньня за заражэньне ў 1999 годзе 426 лібійскіх дзяцей СНІДам. Прэзыдэнт Баўгарыі Георгі Пырванаў адразу запрасіў іх у сваю рэзыдэнцыю і падпісаў указ аб іх памілаваньні. Так закончылася іх 8-гадовае зьняволеньне ў Лібіі.

Падставай для вызваленьня баўгарскіх мэдыцынскіх сёстраў і лекара стала зьдзелка паміж ўладамі Лібіі і Эўразьвязам. Інтэнсіўныя перамовы паміж Трыпалі і Брусэлем доўжыліся некалькі тыдняў. Апошнім часам у іх бралі ўдзел жонка францускага прэзыдэнта Сэсілія Сарказі і эўракамісар у замежных справах Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жузэ Мануэль Барозу назваў вяртаньне на радзіму і вызваленьне мэдсёстраў і лекара "посьпехам для Эўразьвязу", рашэньнем, якое зрабіла магчымым поўную нармалізацыю адносін Лібіі з Эўрапейскім Зьвязам:

"Я запэўніў лібійскага прэзыдэнта Муамара Кадафі ў нашым жаданьні далейшай нармалізацыі стасункаў паміж Эўразьвязам і Лібіяй і сказаў яму, што мы зробім усё магчымае для гэтага, бо верым, што гэта ў інтарэсах Лібіі, і ў інтарэсах Эўропы, гэта патрэбна і дзеля лепшых стасункаў паміж Эўропай і арабскім ісламскім сьветам".

Паводле Барозу, пагадненьне з Трыпалі прадугледжвае дапамогу Лібіі ў паляпшэньні мэдыцынскага абслугоўваньня дзяцей, інфікаваных ВІЧ. Цалкам дэталі і ўмовы зьдзелкі не агалошваюцца.

Францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі ўжо заявіў, што ні Францыя, ні Эўразьвяз не заплацілі ніякіх грошай Лібіі за вызваленьне баўгарскіх грамадзян, і што ён асабіста накіруецца зь візытам у Трыпалі 25 ліпеня з мэтай дапамагчы гэтай краіне "вярнуцца ў сусьветную супольнасьць".

Гэтыя словы Сарказі разыходзяцца з заявамі, зробленымі лібійскімі прадстаўнікамі тыдзень таму. Адвакат сем''яў заражаных СНІДам дзяцей паведамляў, што тыя атрымалі грашовую кампэнсацыю ў памеры 460 мільёнаў даляраў – па адным мільёне кожнай сям''і.

Грошы прыйшлі зь Міжнароднага фонду Бэнгазі, няўрадавай некамэрцыйнай арганізацыі, створанай у 2006 годзе для дапамогі ў справе разьвіцьця мэдыцынскай структуры гэтага лібійскага гораду, у якім і адбылося заражэньне дзяцей СНІДам. Фонд фінансуецца Эўразьвязам, ЗША, Баўгарыяй, Лібіяй і Вялікай Брытаніяй.

Менавіта пасьля атрыманьня грошай сем''і заражаных дзяцей падпісалі дэклярацыю, у якой яны адмаўляліся ад патрабаваньня сьмяротнага пакараньня для баўгарскіх мэдыкаў. Гэта і дало падставу Вышэйшай судовай радзе Лібіі замяніць сьмяротны прысуд на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Міжнародныя экспэрты прыйшлі да высновы, што інфэкцыя дзяцей СНІДам адбылася да таго, як у шпіталь Бэнгазі прыехалі баўгарскія мэдыкі, і сталася вынікам кепскіх санітарных умоваў у шпіталі.

Некалькі гадоў таму Лібія сама з дапамогай грошай здолела вырашыць спрэчку адносна катастрофы самалёта над Брытаніяй, да якой мелі адносіны яе грамадзяне – Лібія заплаціла па 10 мільёнаў даляраў кожнай сям''і загіблых пасажыраў.
XS
SM
MD
LG