Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “А ў нашых Асіповічах каторы раз перабоі з вакцынамі”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 24 ліпеня, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Уся сьвядомасьць Паўла Барадзіна хворая на “вірус саюзнай дзяржавы”. Ні адзін антыбіётык ня зможа вылечыць сьвядомасьць Паўла Барадзіна, бо працаваць яму не прапаноўваюць нідзе. Прыходзіцца рэанімаваць памерлы саюз, пры чым за вялікія грошы, і жыць насычаным, заможным жыцьцём, практычна нічога ня робячы, акрамя арганізацыі фэстывалю “Славянскі базар,” запрашаючы артыстаў, якія дорага не бяруць, і патухлых зорак”.

Спадарыня: “Хачу сказаць пра год абароны дзіцяці і як тых дзяцей абараняюць. Майму дзіцяці ўсяго толькі трынаццаць з паловай гадоў. Учора п’яны чалавек абразіў дзяўчыну нецэнзурнымі словамі, я выклікала міліцыю, а міліцыя не прыехала. Сёньня я хацела трапіць да начальніка міліцыі, на мяне коса паглядзелі і не пусьцілі да яго. Мне сказалі, што ён паехаў у сельскую мясцовасьць, але ён знаходзіўся на месцы. Аляксандр Рыгоравіч, за што Вы плаціце ім такія шалёныя грошы?! Цэны падвышаеце, голад для народу забясьпечваеце, у людзей вельмі нізкія аклады, жыць няма за што, а кошты растуць кожны дзень. Для народа ідзе галеча, для чыноўнікаў багацьце. Грабуць хто больш, ніхто не пакараны, ніхто за гэта ніякай адказнасьці не нясе. Дык калі ж будзе нейкая сумленнасьць і справядлівасьць? На мяне коса глядзяць і лічаць “ворагам народу”. Я ня вораг! Я за народ, я за сумленнасьць, я за справядлівасьць! Вельмі высокія кошты на агародніну. Цяпер лета. Кожная маці хоча даць свайму дзіцяці вітамінаў. А за што іх купіць, калі такія высокія кошты? Але чаму ж не павысіліся ні пэнсіі, ні заробкі?!”

Вячаслаў: “Напэўна, летась спадар Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч даў распараджэньне свайму ўраду закупіць у Даніі тэхналёгію вырошчваньня насеньня, якая больш эфэктыўная і эканамічная. Скажыце, калі ласка, ці Лукашэнка баіцца польскіх разьведчыкаў, ці яму Расея не дала грошай для закупу гэтай тэхналёгіі? Што Вам пра гэта вядома? Жыве Беларусь!”

Алесь Харытон, “моўны дылетант”, Краснае: “Вітаю Вас, шаноўныя! Я двойчы, сёньня і ўчора, праслухаў “Праскі Акцэнт,” цудоўны, зьмястоўны… Я зь вялікай цікавасьцю слухаў яго і ўчора, і сёньня, але я не магу не выказаць адну заўвагу. Звычайныя словы, якія суправаджаюць паняцьці “зьмены кадраў”: кадры тасуюць, перамяшчаюць ці яшчэ неяк, але ня тое слова ўжываецца ў лепшых “дамах Лёндана,” якое ўжылі гэтыя тры шаноўныя аўтары. Ня трэба схіляцца і цытаваць таго, хто так сказаў. Я лічу, што гэта абражае беларускую мову. Не забывайцеся, шаноўныя аўтары, што, слухаючы Вас, мы вучымся гаварыць па-беларуску. Я спадзяюся, што Вы дома, на кухнях сваіх, так не размаўляеце, а гаворыце таксама чыстай, файнай беларускай мовай. Паўтараю, мы вучымся ў Вас, слухаючы Вас. Посьпехаў Вам!”

Спадар: “Я часам слухаю Радыё Свабода, але тое, што кажуць пра Беларусь, пра прэзыдэнта і пра агульную сытуацыю ў краіне, – гэта нейкая дзіцячае лепятаньне. Хацелася б, каб у Вашых праграмах была такая рубрыка “Калі б я быў прэзыдэнтам”. Няхай бы апазыцыянэры, іх там 5-6 сустаршыняў, выступілі б з праграмай і расказалі б, што б яны зрабілі, калі б былі прэзыдэнтам ці прэм’ерам”.

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Добры вечар. Грошы-грошы… То на лядовыя палацы, то на высасаныя з пальца сьвяты ды “кірмашы,” а ў нашых Асіповічах каторы раз перабоі з вакцынамі. Майму ўнуку 4 месяцы, павінен быў ужо атрымаць дзьве прышчэпкі: ад дыфтэрыі, слупняку і коклюшу, а ў яго няма яшчэ ніводнай. Вось так і жывем”.

Спадар: “Толькі праслухаў гурт… Нават не зразумеў, як ён там называецца. І нават у сьпевах толькі два-тры словы зразумеў, а астатняе ўсё нейкае скавытаньне. Што гэта за музыка? Хто яму даў нейкае першае месца? Напэўна, толькі Ваша радыёстанцыя магла Вашаму гурту даць першае месца. Хіба гэта сьпевы і музыка? Адно скавытаньне”.
XS
SM
MD
LG