Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская прэса піша пра “вайну за ўладу ў Беларусі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Вайна за ўладу ў Беларусі” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары адной з найбольш масавых польскіх газэтаў “Dziennik”. Ён прысьвечаны апошнім перастаноўкам высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў у Беларусі.

“У Беларусі надыходзяць вялікія перамены. Спачатку Аляксандар Лукашэнка зьняў кіраўніцтва КДБ, а цяпер плянуе зьмяніць прэм’ера. Паводле нашых суразмоўцаў, гэта доказ таго, што прэзыдэнт упершыню ў сваёй кар’еры страціў кантроль над змаганьнямі ўнутры намэнклятуры”, - піша Dziennik.

Паводле газэты, галоўная барацьба ідзе цяпер паміж групамі чыноўнікаў, сканцэнтраванымі вакол Пятра Пракаповіча і Уладзімера Навумава, за чым пільна сочыць апазыцыя, бо ад выніку гэтага змаганьня будзе залежыць, “у які бок пойдзе беларуская дыктатура”.

Dziennik адзначае, што на фоне “цяперашняга змаганьня за ўплывы ўжо бачныя контуры значна больш складанай апэрацыі – забесьпячэньня мяккай перадачы прэзыдэнцкай улады”.

“Аналітыкі перакананыя, што ператасоўка ў КДБ і гульні на самым версе ўлады робяцца дзеля таго, каб падрыхтаваць глебу для сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара, але сытуацыя выйшла з-пад кантролю і ператварылася ў сапраўдную “спробу сілаў”. Праблема яшчэ ў тым, што Віктар занадта малады і не арыентуецца ў складанасьцях намэнклятурных гульняў”, - напісала ў артыкуле “Вайна за ўладу ў Беларусі” польская газэта Dziennik.
XS
SM
MD
LG