Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОга” – 23 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Вітаю!

Беларусь плянуе стварыць інстытут спэцымпарту тытуню й тытунёвых вырабаў – гэтую навіну ад агенцтва «Інтэрфакс» абмяркоўваюць на форумах парталу TUT.by Меркаваньні ўдзельнікаў:

“Як і ў СССР, дзе манапалізм дзяржаўны квітнеў, чынавенства будзе мець болей магчымасьцяў атрымліваць хабар ад замежных дастаўцаў тытунёвых вырабаў за права дастаўляць нам цыгарэты. А расплаціцца за ўсё гэта хабарніцтва, натуральна, народ! Хабар будзе закладзены ў кошт! Вось яна – дэбюракратызацыя на справе, а не на словах прэзыдэнцкай Дырэктывы №2!”

“І бяз гэтага цыгарэты ў паўтара раза даражэйшыя, чым ва Ўкраіне, дык яшчэ й манаполію вырашылі арганізаваць”.

“Як ні сумна, але пакуль любая высокапрыбытковая справа, якая афармляецца па законе і зь якой плацяцца ўсе падаткі, перастае быць высокапрыбытковай... то як вазілі нелегальна, гэтак і будуць вазіць, і нічога тут ня зробіш...”

“Цыгарэты я не палю. Але палю люльку, ну, часам маленькія цыгаркі. Тое, што цяпер можна знайсьці ў нашых крамах з тытуню для люлькі – гэта жах. Увогуле, прапанова ніякая, толькі 2 брэнды ня самыя якасныя. Таму вымушаны прывозіць тытунь з-за мяжы. Пачак тытуню вагой 50 грамаў, такі ж самы як у Менску, напрыклад, у Барсэлёне каштуе 2,80 эўра, у нас жа – 17 000 рублёў. Цікава, колькі ён будзе каштаваць пасьля манапалізацыі гэтай галіны... здаецца, не патаньнее”.

Нехта Zihzah піша ў ЖЖ-суполку by_politics “Аўтарытэтная й аб’ектыўная праграма “Наши новости” на ОНТ паведаміла ў суботу: «У Пінску знойдзеныя старажытыня захаваньні (...) У часе работ па рэканструкцыі цэнтральнай плошчы гароду (...) археолягі дасталі з-пад зямлі пяць паўразбураных трунаў з парэшткамі абезгалоўленых людзей. Археолягі мяркуюць – гэтыя людзі былі пахаваныя ў 1648 годзе. Тады мясцовае насельніцтва паўстала супраць польскіх захопнікаў. Горад быў цалкам разбураны. Практычна ўсе жыхары – пакараныя сьмерцю». Апусьцім у гэтай гісторыі сюжэт "Усебеларускае рэканструкцыі", а зьвернем увагу на глыбіню гістарычных ведаў карэспандэнта ці сьвядомую хлусьню. Януш Радзівіл, які ў 1648 годзе штурмам узяў паўсталы Пінск, сапраўды быў вядомы сваёй жорсткасьцю пры падаўленьні хваляваньняў сялян і бедных мяшчан, распаленых засланымі атрадамі казакоў Хмяльніцкага. Зрэшты, гуманнасьцю ня вызначаліся і апошнія. Але які зь ягамосьці Януша паляк – вялікі гетман ВКЛ, віленскі ваявода, нават не каталік – пратэстант. Да таго ж, менавіта ён спрабаваў вывесьці ВКЛ з вуніі, падпісаўшы новую вунію са Швэцыяй. Ці так няймёцца "чэсным" лішні раз закінуць палякам?»

Блогер l_u_f_t піша ў сваім ЖЖ: “Ах як у бээсэсэрачцы любяць усё памяншальна-ласкальнае! У крамках ляжаць “пяльменікі “хатнія”, “каўбаска “адмысловая”, “вяндлінка “баярская”, піва “нулёвачка”, камаровачка радуе “агурчыкамі “нежынскімі” і памідоркамі “крымскімі”, бест прапануе зьніжкі на “мабільнічкі”. Блінчыкі, гарэлачка, піўко, дранічкі, шашлычкі, сьвятачкі, мяска, электарацік, нарэзачка, кавалачкі, рыбка-да-піўка, кумпячок, лукашэначка, эўравакенцы, цукерачкі... Цьфу...”

На сайце Generation.by зьмешчаны артыкул “Больш, чым рок''н''рол: легенда "Plastic People of the Universe”. У артыкуле расказваецца пра легендарны чэскі рок-гурт, які ў 1970-я гады перасьледвалі камуністычныя ўлады. “Для людзей, якія слухалі песьні й прыходзілі на канцэрты ня гледзячы ні на што, Plastic People рабіліся ўжо ня проста рок-гуртом, а жывым прыкладам нонканфармізму ў грамадзтве, дзе было зручна прыстасоўвацца і жыць «як усе». Сумнавядомай стала падзея сакавіка 1974, якая атрымала назву «Чэска – Будзеёвіцкая бойка». У мястэчку Рудольфаў, што ля Чэскіх Будзеёвіц, быў заплянаваны канцэрт некалькіх гуртоў, у тым ліку і “Plastic People”. Дазвол улады быў папярэдне атрыманы. Але ў апошні момант зьявілася паліцыя й забараніла правядзеньне канцэрту. Сотні фанатаў, што прыехалі проста паслухаць свае ўлюбёныя гурты, былі сагнаныя на вакзал. Па дарозе іх жорстка зьбівалі. Перапісаўшы імёны і арыштаваўшы шэсьць чалавек, моладзь пасадзілі ў цягнік і адправілі назад у Прагу. Пазьней вельмі шмат людзей павыключалі з унівэрсытэтаў, а тыя, хто зьбіраўся паступаць, так і не паступілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG