Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт будзе ствараць сілавую мэгаструктуру пад Віктара Лукашэнку”


Віталь Цыганкоў, Менск На якіх матывах грунтуецца кадравая палітыка ў дзяржаве? Чым выкліканыя апошнія перастаноўкі ў КДБ? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Цыганкоў: “Апошнія кадравыя перастаноўкі, у прыватнасьці, прызначэньне на пасаду кіраўніка КДБ кіраўніка службы бясьпекі прэзыдэнта Юрыя Жадобіна вымушае пагаварыць пра заканамернасьці кадравай палітыкі цяперашняй улады. “Я прызначыў Юр''я Віктаравіча не таму, што ён вялікі прафэсіянал. Але я ўпэўнены, што ён парадак навядзе. У нас у КДБ не хапае элемэнтарнага парадку,” – гэтае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, вядома ж, гаворыць само за сябе.

Тым ня менш, на вашую думку, якія крытэры ляжаць у падмурку сёньняшняй кадравай палітыкі? Паводле якіх крытэраў людзі выходзяць наверх, займаюць адказныя пасады?”

“Кадры набіраюцца паводле прынцыпу пэрсанальнай адданасьці”

Лябедзька: “Цяпер падбор кадраў вядзецца паводле прынцыпу пэрсанальнай адданасьці Аляксандру Лукашэнку.

Але ад 1994 да 1996 году быў невялікі прамежак часу, калі прафэсіяналізм быў нейкай каштоўнасьцю. У першым складзе ўраду былі зусім розныя людзі: тэхнакрат Чыгір, дэмакраты Багданкевіч і Ганчар, і побач зь імі людзі, што прадстаўлялі старую намэнклятуру. Тады яшчэ ішла барацьба, што перацягне – прафэсіяналізм альбо пэрсанальная адданасьць той асобе, што сядзіць у галоўным крэсьле. Але гэты пэрыяд працягнуўся нядоўга – былі адстаўкі спачатку Ганчара, потым Багданкевіча і, нарэшце, прэм’ера Чыгіра разам зь міністрам Сасновым”.

Цыганкоў: “Такім чынам, на вашу думку, ад 1996 году ў Беларусі ўсталявалася сыстэма, дзе галоўнае –асабістая адданасьць прэзыдэнту. Пра гэта часта кажуць аналітыкі і апазыцыйныя палітыкі. Але, згадзіцеся, немагчыма ўвесь час прызначаць на адказныя міністэрскія ды іншыя пасады зусім непрафэсіяналаў, людзей, якія не разьбіраюцца ў гэтых пытаньнях?”

Лябедзька: “Калі ўзяць палітычны ўзровень, то там – найперш пэрсанальная адданасьць.Што датычыць сярэдняга ўзроўню, там яшчэ прысутнічае прафэсіяналізм. Калі, напрыклад, казаць пра Нацыянальны банк, то там ёсьць вучні Станіслава Багданкевіча, якія ведаюць сваю працу, і там ёсьць вынікі. Тое ж самае можна сказаць пра шматлікія міністэрствы – на сярэднім узроўні там хапае прафэсіяналаў.

Але калі мы гаворым пра палітычны ўзровень – узровень віцэ-прэм’ера, сілавікоў, то тут толькі адзін прынцып – пэрсанальная адданасьць. Нельга назваць ніводную асобу, якая б мела свой погляд, сваю пазыцыю, і адстойвала яе на нейкіх нарадах...”

“Жадобін як адзіны зь сілавікоў меў прамы “доступ да цела”

Цыганкоў: “Анатоль, КДБ неаднаразова і рознымі сродкамі дзейнічаў супраць вас як супраць аднаго зь лідэраў апазыцыі. Якія пачуцьці выклікалі ў вас перастаноўкі ў КДБ?”

Лябедзька: “Мяркую, нам варта чакаць сур’ёзных зьменаў. Раней Лукашэнка спрабаваў стварыць як мага больш сілавых структураў, каб яны падглядалі адна за адной, каб стваралася паміж імі канкурэнцыя, і ў гэтай канкурэнцыі ён атрымоўваў тыя вынікі, якія ставяцца перад сілавымі структурамі.

Зараз можа ісьці размова пра стварэньне адной сілавой мэгаструктуры – вельмі моцнай. Я прагназую, што КДБ будуць перададзеныя некаторыя функцыі і нават структуры МУС, Пракуратуры і Рады Бясьпекі. Лукашэнка вымушаны глядзець наперад, яму патрэбна моцны сілавы “дах”, ня толькі для сябе, але і на выпадак рэалізацыі сцэнару, калі Віктар Лукашэнка будзе пераемнікам.

Трэба ствараць новую каманду, з новых людзей, – для гэтых функцыяў не падыходзіў Сухарэнка. А Жадобін за апошні час моцна ўзмацніўся, ён як адзіны зь сілавікоў меў прамы “доступ да цела” – усе астатнія дакладвалі праз Шэймана. Жадобін за гэты час, узначальваючы “гвардзейцаў Лукашэнкі”, даказаў, што ён можа быць ключавой фігурай новай каманды для Віктара Лукашэнкі”.

Цыганкоў: “Але стварэньне такой структуры можа парушыць балянс паміж рознымі ведамствамі...”

Лябедзька: “Справа ў тым, што ў Лукашэнкі было 13 гадоў на тое, каб зразумець, што гэтыя сталінскія прыёмы (адзін кантралюе другога і піша на яго даносы) не прывялі да такіх вынікаў, каб Лукашэнка заставаўся спакойным. Гэта прывяло да тых маленькіх войнаў, якія разгараюцца паміж рознымі кланамі. І Лукашэнка праз апошнія кадравыя зьмены моцна ўдарыў па некалькіх групах – Сідорскага-Тозіка, Шэймана, Канаплёва. Зь іх аслабленьнем падвышаецца статус памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктара Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG