Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За віншаваньне Зьмітра Дашкевіча — арышт


Любоў Лунёва, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Кірыла Мацкевіча і Ўладзімера Сяргеева. 20 ліпеня яны намагаліся вывесіць расьцяжку ў Менску на мосьце празь Нямігу з надпісам “З днём народзінаў, Зьміцер Дашкевіч!” Хлопцаў затрымалі й абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Трое сутак да суду іх трымалі ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” некалькі гадзінаў чакалі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, пакуль прывязуць затрыманых.

На судзе ў Кірыла Мацкевіча і Ўладзімера Сяргеева як сьведкі давалі паказаньні супрацоўнікі ДАІ Сяргей Туркін і Андрэй Глухараў.

Ні ў пратаколах затрыманьня, ні ў абвінавачаньні нічога не казалася пра тое, што хлопцаў затрымалі за вывешваньне расьцяжкі.

Сяргей Туркін паведаміў, што затрымалі хлопцаў а дванаццатай гадзіне — за тое, што яны на мосьце нібыта нецэнзурна лаяліся, размахвалі рукамі й крычалі. Ён прызнаў, што ў іх была пятнаццацімэтровая расьцяжка. Але, паводле міліцыянта, не таму яны на двух патрульных машынах апынуліся ў той момант на мосьце.

Разам з хлопцамі ў акцыі ўдзельнічала дзяўчына. Яны сьведчыла, што хлопцы самі на патрабаваньне міліцыянтаў зьнялі расьцяжку і селі ў машыну. Яны размаўлялі па-беларуску і не брыдкасловілі.

Судзьдзя Тацяна Паўлючук першым арыштавала Кірыла Мацкевіча на 10 сутак.

Кірыл пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе”:

“Улады баяцца палітычнага аспэкту, бо Зьміцер Дашкевіч лідэр “Маладога фронту” прызнаны палітвязьнем, які адбывае пакараньне менавіта за свае палітычныя перакананьні. Таму ўлады выкарыстоўваюць такія няшчырыя і несправядлівыя мэтады, каб аказваць ціск на маладых людзей”.

Маці Кірыла апавяла, што бацькі суткі ня спалі, бо зь міліцыі патэлефанавалі толькі празь дзень, а восьмай раніцы:

“Тэлефон не адказваў. Тэлефанавалі кожныя паўгадзіны... Самі разумееце хваляваньне бацькоў. Нам ніхто нічога не паведаміў, і яму не далі патэлефанаваць. На наступны дзень нам патэлефанавалі і сказалі, што ён знаходзіцца на Акрэсьціна”, – гаварыла Ірына Мацкевіч.

Уладзімера Сяргеева судзьдзя Тацяна Паўлючук таксама арыштавала на 10 сутак.

Павал Севярынец прысутнічаў на судзе. Ён параўнаў палітычныя судовыя працэсы канца 1990-х і цяперашнія:

“Дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі робяцца ўсё больш нахабнымі. Калі раней казалі, што затрымліваюць за правядзеньне несанкцыянаванага пікету, то цяпер ідзе адна грубая хлусьня, грубая фальсыфікацыя. Маладых людзей абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы. І гэтая грубая кампрамэтацыя ўсё роўна ідзе. Магчыма, у вярхах дадзены загад зрабіць з маладзёвага руху зборышча мацяршчыньнікаў, хуліганаў, наркаманаў. Відаць міліцыянты ўжо не вытрымліваюць памераў гэтай хлусьні і пачалі ўжо задзейнічаць супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі”.

Уладзімер Сяргееў адзначыў, што паводле новых правілаў, кожнага арыштаванага неабходна выводзіць на шпацыр ня менш за гадзіну. Але гэтае правіла не выконваецца. Супрацоўнікі турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе будуць адбываць арышт маладафронтаўцы, адмовілася прыняць харчовую перадачу. Яны спаслаліся на новы выканаўчы Адміністрацыйны кодэкс.

Менск, 23.07.2007. Паплечнікі Сяргеева і Мацкевіча ў судзе Паплечнікі Сяргеева і Мацкевіча ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG