Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Завяршылася онлайн-канфэрэнцыя з паэтам Уладзімерам Някляевым


Радыё Свабода На сайце "Свабоды" прайшла онлайн-канфэрэнцыя з паэтам Уладзімерам Някляевым. Поўны тэкст канфэрэнцыі можна прачытаць на старонцы форуму --> http://archive.svaboda.org/forum/Forum.aspx .

У інтэрвію "Свабодзе" Ўладзімер Някляеў сказаў:

"27 ліпеня – дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Тыя людзі, якія стаяць па нацыянальны бок барыкадаў, дагэтуль лічаць, што ніякай незалежнасьці нямашака, усё гэта падман і палітычныя гульні – карацей, яны ня бачаць таго, чаго ім хацелася ў рамантычны час пачатку 90-х гадоў. Афіцыёз жа сьцьвярджае: вы маеце незалежную Беларусь, і незразумела, чаго вам патрэбна?

Я нейкі час – можа, палову таго тэрміну, пакуль ля ўлады знаходзіцца Лукашэнка – лічыў таксама, што гэта ня тая незалежнасьць, якая нам патрэбна. Але ў працэсе эвалюцыі – як сваёй асабіста, так і нашай краіны, грамадзтва – я прыйшоў да высновы: калі б мы нейкім цудам займелі тую незалежнасьць, пра якую мы марылі – моўную, этнаграфічна-культурную незалежнасьць, – то, хутчэй за ўсё, мы ня мелі б ніякай незалежнасьці. І нават той, якая існуе сёньня. Што, можа, нейкім промыслам Боскім ці – ня ведаю – высілкамі якіх людзей тая "крывая" незалежнасьць якраз уратавала Беларусь для таго, каб яна зь цягам часу набыла тыя прыкметы, пра якія мы на пачатку 90-х думалі і марылі".

Уладзімер Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласьці. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі. Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі (1962 – 1966), на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту (1971, г. Масква), скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, працаваў у газэце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопісу "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

У 1999 выехаў у Польшчу. На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве (20.07.1999) выступіў з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.

Кнігі: "Адкрыццё". Мн., 1976, "Вынаходцы вятроў" Мн., 1979, "Знак аховы" Мн., 1983, "Местное время" М., 1983, "Наскрозь" Мн., 1985, "Дерево боли" М., 1986, "Галубіная пошта" Мн., 1987, "Веда" Мн., 1989, "Прошча" Мн., 1996, "Выбранае" Мн., 1998, "Так" Мн., 2004.


26 ліпеня а 19-й гадзіне паводле менскага часу Уладзімер Някляеў выступіць на літаратурным фэсьце ў чэскім горадзе Брно.

• Месяц аўтарскага чытаньня. VIII фэстываль • Онлайн-канфэрэнцыя з Уладзімерам Някляевым, 13.12.2006 • Вэб-сайт Някляева
XS
SM
MD
LG