Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А. Лукашэнка: "Ніводзін кіраўнік у сьвеце не мае поўнага даверу да атачэньня"


Радыё Свабода У мінулую суботу француская газэта "Le Monde" апублікавала інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. У загаловак газэта вынесла словы кіраўніка Беларусі пра тое, што разьмяшчэньне ў Эўропе элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША можа выклікаць “глябальны канфлікт” і што НАТО – “незаконная арганізацыя”. Прапануем некаторыя з адказаў Лукашэнкі на пытаньні францускай газэты.

Карэспандэнт газэты нагадаў, што “Эўразьвяз і ЗША крытыкуюць адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі і ўводзяць санкцыі. Адносіны з Расеяй напружаныя. Ці не адчуваеце Вы сябе ізаляваным на міжнароднай арэне?”

Паводле Лукашэнкі, “ужо даўно пра нас кажуць, як пра ізаляваную краіну. Але як гэта магчыма, калі наш ВУП вырас на 9% з пачатку году? Ізаляцыі краіны ня існуе. У нас выдатныя адносіны з многімі іншымі краінамі сьвету. Як вы можаце ізаляваць краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы?”

"Ці гатовыя Вы адказаць на патрабаваньні Эўразьвязу наконт захаваньня правоў чалавека, каб палепшыць адносіны?" – спытаў карэспандэнт "Le Monde".

“Крокі, прапанаваныя Эўразьвязам, сьмеху вартыя, – адказаў кіраўнік Беларусі. Нам прапануюць рэформы, якія ў нас ужо даўно зробленыя. Мы гатовыя пачаць дыялёг з Эўразьвязам. Ёсьць пэўнае неразуменьне з боку эўрапейскіх чыноўнікаў: з аднаго боку нам прапануюць дыялёг, з другога – забараняюць выдаваць візы кіраўнікам, якія павінны яго весьці”.

Паводле Лукашэнкі “ў Эўразьвяза ёсьць іншы твар, які фінансуе апазыцыю. Ці хоча Эўразьвяз дыскутаваць з Беларусьсю ці хоча быць пасярэднікам паміж намі і апазыцыяй? Нам ніхто не патлумачыў, на якіх крытэрыях заснаваныя абвінавачваньні нас у дыктатуры”.

На думку кіраўніка Беларусі “дыктатура ў Беларусі немагчымая з прычыны нашага мэнталітэту і гісторыі. Магчыма, у Беларусі і ёсьць элемэнты жорсткасьці і аўтарытарызму, але гэта ў межах Канстытуцыі. Народ падтрымлівае ўладу, бо ў 90-я гады мы перажылі сытуацыю анархіі, падобную на тую, якую перажывае цяперашняя Ўкраіна, і ніхто ні хоча перажыць яе наноў”.

“Аднак вы страцілі месца ў Радзе Эўропы, – нагадаў журналіст. Вы хацелі б туды вярнуцца?”

“Гэта ад нас не залежыць,– быў адказ.– Гэта такія ж умовы, як і ў Эўразьвяза, якія прымушаюць нас сьмяяцца. Яны патрабуюць ад нас стандартаў, якія ня існуюць нават у Эўропе. Калі маніфэстанты правакуюць паліцыю і за гэтым ідуць сутыкненьні, крычаць аб гвалце над дэмакратыяй і свабодай. Але нядаўна ўсе бачылі, як рэагуюць Францыя і Нямеччына, калі парушаны закон. І ніводзін журналіст ня ліў кракадзілавыя сьлёзы”.

"Аднак няўрадавыя арганізацыі кажуць пра наяўнасьць палітзьняволеных у беларускіх турмах",– падкрэсьліў карэспандэнт.

"У беларускіх крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў – адказаў Лукашэнка. Гэта значыць, што ў нас няма палітзьняволеных, Тыя, хто зьяўляюцца зьняволенымі, сталі імі, бо парушылі канкрэтны закон".

На пытаньне “Ці маеце Вы намер адказаць на прапанову апазыцыі аб канструктыўным дыялёгу?” Лукашэнка заўважыў: "Чуў, што нехта хоча паразмаўляць з уладай. Але існуе 15 апазыцыяў. З кім размаўляць? Пра што? Што яны прапаноўваюць? Да таго ж вы, эўрапейцы, ужо вялі дыялёг ад імя апазыцыі. Я сумняюся, што мы маем патрэбу ў перамовах. У апазыцыі няма нічога, акрамя грошай, якія вы ёй даяцё, і якая павінна час ад часу даваць справаздачу , што яна з гэтымі грашыма робіць. Калі б апазыцыя даведалася, што заўтра яна можа прыйсьці да ўлады, яна б адмовілася".

Адказваючы на пытаньне "Ці зьяўляецца ваш сын Віктар пасьля прызначэньня на пасаду ў Радзе бясьпекі вашым пераемнікам", А. Лукашэнка адказаў:

"Ён не мае палітычных амбіцыяў. У мяне два сыны, якія ня хочуць прэзыдэнцкай парцы. Тое, што гавораць на Захадзе: "Калі Лукашэнка сыдзе, прыйдзе ягоны сын",– няправільна. Прызначаючы свайго сына памочнікам, я меў намер адкрыць канал дадатковай інфармацыі, і гэта працуе эфэктыўна. Ён зьяўляецца кампэтэнтным, і дапамагае мне прымаць рашэньні".

У сувязі з гэтым карэспандэнт газэты спытаў: "Ці не зьяўляецца гэта сьведчаньнем недахопу даверу да вашага атачэньня?"

А. Лукашэнка адказаў: "Ніводзін кіраўнік у сьвеце ня можа ганарыцца тым, што мае поўны давер да ўсіх, хто яго атачае. Таму мой сын мне і дапамагае".

Далей карэспандэнт газэты спытаў: "Ці не прыйшоў час пасьля трынаццаці гадоў улады саступіць сваё месца, і ці не шкадуеце вы аб чымсьці?"

"Вельмі мала прайшло часу для шкадаваньняў. Мы не памыліліся ў сыстэме. Толькі беларускі народ вырашае, ці я застануся, і калі я павінен буду сысьці. І эўрапейцы гэта ведаюць. Мой адзіны намер упрыгожыць Беларусь. Мая місія будзе выкананая, калі ў Беларусі будуць карыстацца такім жа ўзроўнем дабрабыту, як у Францыі, самай прыгожай краіне Эўропы. Нам ня трэба шмат часу, каб дамагчыся гэтага і калі гэта будзе мець месца, мая місія будзе выкананая".

• Сайт газэты " Le Monde" • А.Лукашэнка і А.Мілінкевіч далі інтэрвію газэце “Le Monde”, 10.07.2007
XS
SM
MD
LG