Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады маўчаць пра лёс Сьцяпана Сухарэнкі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ужо некалькі дзён няма ніякіх зьвестак пра тое, дзе знаходзіцца звольнены на мінулым тыдні з пасады кіраўніка КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка. У пятніцу сайт “Беларускі партызан” паведаміў, што Сухарэнка і ягоны былы намесьнік Васіль Дземянцей нібыта арыштаваныя раніцай 20 ліпеня спэцпадразьдзяленьнем “Алмаз” і знаходзяцца ў Менскім сьледчым ізалятары. Але пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма. Што пра ўсё гэта думаюць людзі на вуліцы?

Слухаць:



Спадар: “Цяжка сказаць, хаця, зь іншага боку, і зразумела. У нас падобныя выпадкі былі. І заўсёды ніхто нікому нічога не гаворыць. У нас такая дзяржава”.

Хлопец: “Можа, нехта ня хоча, каб пра гэта ведалі? Можа, ён у турме? Напэўна, шкодзіў начальству”.

Пэнсіянэрка: “Паняцьця ня маю. Хачу толькі сказаць: як узарэш, так і зьбярэш. І я вельмі задаволеная. Я ня ведаю гэтага Жадобіна. Ён жа гэты… ахоўнік Лукашэнкі. І чула, што ён у блізкіх адносінах зь Віктарам Лукашэнкам. Але я задаволеная. Бо вэрсіі Сухарэнкі пра змовы й тэракты ў перадвыбарчую кампанію, гэта ягоныя выдумкі. І пра пацукоў таксама. Пасадзіў маладафронтаўцаў, слаўных хлопцаў нашай краіны. Гэта ягонае пакараньне, і ягоны праклён. І дай Бог, каб з ганьбай такіх праганялі, якія зьдзекуюцца з нашага народу”.

Спадар: “Я ня ведаю, а праўду ці скажуць?”

Карэспандэнт: “Чаму нічога не паведамляецца пра лёс нядаўна звольненага старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі?”

Спадар: “Мне здаецца, што не пра ўсё можна гаварыць. Відаць, была нейкая неадпаведнасьць ягонай дзейнасьці і дзейнасьці іншых чыноўнікаў”.

Хлопец: “А ў якой краіне мы жывем? Меркавалася, што так яно й будзе. Хутчэй за ўсё, ён нікуды ня зьнікне. Хутчэй за ўсё, як гэта звычайна бывае ў дыктатарскіх краінах, адбудзецца паказальны працэс”.

Спадар: “Ня ведаю. На лецішчы сядзіць чалавек і працуе”.

Хлопец: “Відаць, уладам не карысна, каб многа людзей ведала, як у нашай краіне пазбаўляюцца людзей”.

Дзяўчына: “Зьнік — значыць, зрабіў нешта нядобрае”.

Пэнсіянэр: “Відаць, нясе пакараньне. Пад сьледзтвам”.
XS
SM
MD
LG