Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Сілавік павінен быць стваральнікам, а не наглядчыкам”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 23 ліпеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Добры дзень! Крызыс “беларускага цуду” грукаецца ў дзьверы. Лукашэнка ня можа не разумець гэтага. Але колькі б ён не тасаваў сваю сілавую калоду, нічога ня зьменіцца – выпеставаная ім сыстэма выключае натуральны адбор, аснову захаваньня ўсяго жывога. Сілавік у першую чаргу павінен быць стваральнікам, а не наглядчыкам. Ахова інтарэсаў асобных высокапастаўленых целаў ня ёсьць аховай інтарэсаў дзяржавы ў цэлым”.

Вольга Дашкевіч, маці палітвязьня Зьмітра Дашкевіча: “Я і мой муж Вячаслаў удзячныя ад шчырага сэрца ўсім моладзевым актывістам, асабліва Паўлу Севярынцу, за арганізацыю аўтапрабегу да шклоўскай калёніі, дзе адбывае пакараньне наш сын. Велізарная падзяка ўсім тым людзям, якія віншавалі нашага Зьмітрыка зь ягоным 26-годзьдзем. Асабліва кранулі нас шчырыя словы павагі і добразычлівых адносінаў да Зьмітрыка дзьвюх жанчынаў. Дай Вам Бог усім здароўя і сьветлай будучыні. Дзякуй”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Цікавая атрымліваецца карціна. Цікава, як наша доблеснае КДБ спрацуе на сёньняшні дзень. Калі разваліўся Саюз, яны яшчэ маглі спрацавацца, але чаму яны нічога не зрабілі тады і цяпер? Мне падаецца так. Ня тыя маштабы, па вушы ў карупцыі. А часы Штырліцаў даўно закончыліся. А па-новаму працаваць людзі ня могуць, хаця людзі разумныя, адукаваныя і прафэсіяналы. А ці зробяць пераварот у далейшым, цікава паглядзець”.

Жэрдзеў, Гомель: “Мяне цікавіць наступнае пытаньне. Ужо некалькі разоў аб’яўлена пра стварэньне “Кола сяброў “Свабоды”. Але я ніяк не магу пабачыць статут клюбу. І я б хацеў, каб на гэта пытаньне адказаў Багдан Андрусышын, таму што пры ім пачыналася гэта справа. Чаму пасьля яго гэта справа заглухла? І вельмі важна, каб адказ даў Багдан Андрусышын. Спадзяюся, што такі адказ будзе”.

Барысаўчанін: “Як памяркоўны беларус хачу выказаць свой погляд на зьмену ўлады ў беларускім КДБ. Калісьці правадыр усіх часоў і народаў Іосіф Сталін таксама мяняў сваіх чэкістаў Ягоду на Яжова, потым Яжова на Берыю. А потым іх расстрэльваў, каб усе грахі скінуць на іх як на ворагаў народа. Наш “бацька” Аляксандр Рыгоравіч, відаць, таксама баіцца за сваю ўладу. Ды ён, відаць, больш хітрэйшы, і праводзіць зьмену сваіх паплечнікаў ад улады часьцей. І яшчэ. Я ня буду дзівіцца, калі ў крэсьле старшыні КДБ убачу ягонага старэйшага сына, Віктара Лукашэнку. Пажывем – пабачым”.

Уладзімер, Полацк: “Набліжаецца 27-га ліпеня, сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у 1990-м годзе Вярхоўны Савет, у якім, дарэчы, і Аляксандр Рыгоравіч сядзеў, прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці. Калі Аляксандр Рыгоравіч стаў прэзыдэнтам, дата 27 ліпеня яму нечым не спадабалася. Ён арганізаваў ганебны рэфэрэндум і перанёс Дзень незалежнасьці на 3-га ліпеня, то бок аб’яднаў яго з Днём вызваленьня Менску. І цяпер у таварышаў лукашыстаў ёсьць козыр: маўляў, чаго вы крычыце, у нас быў рэфэрэндум, і мы перанесьлі Дзень незалежнасьці на 3-га ліпеня. А я хачу ім запярэчыць, то бок у мяне ёсьць свой козыр, яшчэ лепшы, чым іхні. Пачну з таго, што ў любой гістарычнай падзеі ёсьць канкрэтная дата: чысло, месяц, год… Гэта, калі хочаце, гістарычны факт. А факты, як вядома, рэч упартая. Супраць гісторыі і фактаў нічога ня зробіш. Падабаецца гэта некаму ці не, але гэта гісторыя, і з гэтым трэба лічыцца ўсім, у тым ліку і Аляксандру Рыгоравічу. У гісторыі нешта зьмяніць ці перанесьці ні адзін рэфэрэндум ня можа. Вось вам мой козыр, таварышы лукашысты. Кіруючыся Вашай лёгікай, давайце перанясем Дзень перамогі з 9-га траўня, на 29. Давайце перанясем Дзень вызваленьня Менску з 3-га на 23-га ліпеня. Як вам гэта да спадобы? Таму напрыканцы хачу сказаць: таварышы лукашысты, перад тым, як галасаваць, трэба добра падумаць галавой. І менавіта галавой, а ня нейкім іншым месцам”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Магчыма, кіраўніцтва беларускага КДБ памянялася з такіх прычын. Па-першае. Былы супрацоўнік унутраных справаў Беларусі адкрыта заявіў, папрасіўшы палітычны прытулак, што Захаранка і іншыя зьніклыя палітыкі, тэлеапэратар Завадзкі загінулі ад цяперашняй улады і што вядома, калі і хто гэта зрабіў. Па-другое, магчыма, Масква амаль падрыхтавала замену Лукашэнку, але ён змог папярэдзіць гэта. Колькі год таму косаўскія альбанцы выйшлі на грандыёзны Марш пратэсту, і наперадзе мужныя людзі несьлі вялізную расьцяжку “Амэрыка, дапамажы!” Вось цяпер і нам трэба гэта просьба. Ангела Мэркель не дапаможа. Важней разам з Масквой падтрымаць курс эўра адносна даляра. Можа, крыху і сьмешныя гэтыя мае жаночыя палітычныя развагі, але ніколі яшчэ Беларусь не была так блізка да страты незалежнасьці, як цяпер. Наш прэзыдэнт, каб не ўцякаць у Іран, можа пагадзіцца і на стварэньне нейкай там Саюзнай дзяржавы на ўмовах Масквы. Мы ўсе назіраем, якую магутную прафэсійную рэкляму расейскія мэдыі, тэлевізія і радыё, даюць Пуціну. Яму патрэбен трэці тэрмін. Застаецца толькі далучыць Беларусь. Няхай жа гэта нават у страшным сьне нам, беларусам, не прысьніцца. Дык досыць жа гуляць у абыякавасьць да лёсу нашай Радзімы”.

Спадар: “Вось фактычна і закончылася разбурэньне пад назвай “рэканструкцыя” Цэнтральнай гарадзкой плошчы імя Леніна ў горадзе Пінску. Тыя блёкі, якія ляжалі на старым месцы, з дапамогай экскаватара і бульдозэра зрывалі. каб потым перакласьці ў іншае месца. Частка зь іх ператварылася ў шчэбень, а між тым, ім ужо шмат дзесяцігодзьдзяў. На некаторых зь іх можна было прачытаць дакладную дату – 23 ліпеня, напрыклад, 1938 году. Працаўнікі і грамадзяне сварацца на гарадзкія ўлады за тое, што яны так па-варварску зьнішчылі маставую, якая б магла яшчэ доўга служыць. Тыя словы, які выказваюць людзі на адрас гэтых кабінэтных разумнікаў, у асноўным ненарматыўная лексыка, як кажуць. Калі чыноўнікі не спытаюцца ў людзей, як рабіць, а самі пачынаюць ажыцьцяўляць свае ідэі, гэта вельмі сумна. Трэба было арганізаваць нейкі рэфэрэндум мясцовага значэньня, каб спытацца меркаваньне людзей”.

Спадар: “Зь вялікай павагай стаўлюся да Вас і слухаю перадачы, зьвязаныя зь літаратурным фэстывалем у Брне, дзе нібыта нашы вядучыя літаратары прадстаўляюць сваю наймагутнейшую творчасьць. Але прабачце, мне як прыхільніку літаратуры і досыць ня кепскаму знаўцу яе падаецца, што, можа, ня тыя крыху маладыя літаратары прадстаўляюць нашу літаратуру. Я нічога ня маю супраць некаторыя зь іх. Але, прабачце за выраз, ад той ахінеі, якую нясуць некаторыя прадстаўнікі (ня будзем называць імёны) апошнімі днямі фэстывалю, прабачце, вянуць вушы. Складваецца ўражаньне, што на Някляеве і Дранько-Майсюку і скончыцца беларуская літаратура, паслухаўшы некаторых зь іх. Колькі можна займацца адмываньнем грошай праз ПЭН-цэнтар? Няўжо цяжка было запрасіць сапраўды вядучых прадстаўнікоў зноў жа паэтычнага жанру?! Дзе, прабачце, там Сьпіцын, Вайкоў, Кустава, Будовіч ды той жа Патаранскі, які гучаў у Вас на хвалях? Ну, Вы хоць сумленьне майце нейкае. Хто гэтым займаецца? ПЭН-цэнтар? Людзі, якія нічога, акрамя сваіх ілюзіяў, нічога не прадстаўляюць у нашай культуры. Ну сумленьне трэба было б ужо мець...”

Спадарыня: “Заказчыка забойства палоніем спадара Літвіненка сьмела можна называць ядзерным тэрарыстам нумар адзін. Нават Усама бін Лядэн нішто ў параўнаньні з гэтым жахлівым чалавекам. І калі першая асоба ў дзяржаве называе “міні-крызысам” адносіны, зьвязаныя з забойствам спадара Літвіненкі ў Лёндане, то яна ня мае ніякага маральнага права прадстаўляць дадзеную краіну на ўсясьветнай арэне”.
XS
SM
MD
LG