Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: “Стварэньне “партыі ўлады” – праява слабасьці”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская Gazeta Wyborcza піша сёньня пра два грамадзкія рухі ў Беларусі – “Белая Русь” і “За свабоду”: “да аднаго зь якіх беларусаў змушаюць далучацца пад прымусам, а другі нават не рэгіструюць.”

Gazeta Wyborcza піша, што атачэньне кіраўніка Беларусі мае намер ператварыць грамадзкую арганізацыю “Белая Русь”, структуры якой часта пад прымусам ужо створаныя ва ўсіх рэгіёнах краіны, у партыю ўлады.

“У нашу школу прыслалі паперу, у якой была пазначаная пажаданая колькасьць настаўнікаў, якія павінны далучыцца да арганізацыі. Дырэктар сказаў, што калі я не напішу заяву аб уступленьні, дык сёньня ж магу разьвітацца з працай”, -- цытуе штодзёньнік словы настаўніка адной зь вясковых школаў Гарадзенскай вобласьці.

Gazeta Wyborcza піша, што стварэньне “партыі ўлады” -- гэта праява слабасьці, бо раней Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што “не патрабуе ніякай партыі, маючы падтрымку народу”.

Адначасна газэта распавядае пра адмову беларускіх уладаў зарэгістраваць рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду”. Паводле штодзёньніка, Міністэрству юстыцыі не спадабаліся мэты руху, сярод якіх -- правядзеньне ў Беларусі свабодных выбараў.

“Шансаў на рэгістрацыю грамадзкай арганізацыі, якая не кантралявалася б уладамі, на дадзены момант няма... А для тых, хто мае намер дзейнічаць не зьвяртаючы ўвагі на дамову ў рэгістрацыі, прадугледжаны адмысловы артыкул у Крымінальным кодэксе – “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, паводле якога можна атрымаць да двух гадоў турмы”, -- піша Gazeta Wyborcza.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG