Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: сяржанта пасадзілі на тры гады за нестатутныя стасункі


Радыё Свабода Завяршыўся судовы разгляд крымінальнай справы, распачатай Віцебскай міжгарнізоннай пракуратурай супраць малодшага сяржанта 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады Дзяніса Шушкевіча, які зьбіў салдата-шарагоўца. За "перавышэньне ўлады, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы", ён мусіць адсядзець тры гады ў турме.

Суд таксама абавязаў былога дэсантніка сплаціць 2 мільёны рублёў кампэнсацыі пацярпеламу, якому давялося ампутаваць селязёнку, ды яшчэ 2 з паловай мільёны – за ягонае лячэньне ў шпіталі.

Як патлумачыў у судзе былы малодшы сяржант, яму падалося, што салдат-першагодак з ягонага аддзяленьня дрэнна выконвае фізічныя практыкаваньні. Таму ён вырашыў "павучыць" нядаўняга прызыўніка. У выніку хлопец, які прыехаў служыць у Віцебск з Менскай вобласьці, апынуўся на апэрацыйным стале. Ягоны крыўдзіцель, жыхар Магілёву, быў арыштаваны.

Інцыдэнт у 103-й мабільнай брыгадзе, якую падчас афіцыйных імпрэзаў прынята называць "элітай сучаснага беларускага войска", адбыўся ў красавіку гэтага году.

Паводле віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, факты нестатутных адносін у 103-й мабільнай брыгадзе былі вядомыя й раней. Але ні сваякі, ні самі салдаты тэрміновае службы не рашаліся скардзіцца.
XS
SM
MD
LG