Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь”: “Свабодныя вершы, напісаныя Сьвятлом”


Радыё Свабода З аглядам 9-га фотатыдня вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 12 – 18 ліпеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Тацяна Аляксеева Валярына (Валерыя Кустава) Ева Гілевіч Уладзь Грыдзін Паліна Грынчанка Раман Забела Сяргей Пялеса Кастусь Сырэль Уладзімер Ткачэнка Уладзімер Урбановіч Slava

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 8 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімір Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Slava, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзмітрый Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак 8 тыдзень: Ева Гілевіч, Minka, Сяргей Міхальчук

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, просім даслаць або скантактавацца з прыёмнай Менскага бюро Свабоды для ўдакладненьня стасункаў, тэлефон 280 35 24 (Юлія Цімафеева). Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ

Нябёснае і зямное

Надыходзіць часіна лета, калі Неба на захадзе сонца, а часам і па захадзе да поўнага сутоньня, стаецца асабліва маляўнічае, фантастычна прыгожае, быццам Вялікі Творца ладзіць нам на сходзе дня велічныя спэктаклі Сьвятла. Зьява добра падступная і выразная там, дзе гарызонт адкрыты на ўсе бакі сьвету, і цяжка адарваць позірк ад вячэрняга нябёснага краявіду. Як сонца разьвітваецца зь зямлёю, спрабуюць уразіць наведнікаў нашай фотагасьцёўні Ева Гілевіч (пераможца мінулага тыдня) і Ўладзь Грыдзін. Тэму працягнуць Slava -- згадкай пра фэстываль “Магутны Божа”, Уладзімер Урбановіч – будслаўскі рэпартаж, Сяргей Пялес – кобрынскі краявід з царквою і сьпелым жытам, Раман Забела – яшчэ адзін погляд на кляштар бэрнардынаў у Менску ды інш.

(с) Ева Гілевіч Неба – яно жывое. Кунцаўшчына, Менск

(с) Ева Гілевіч Неба – яно жывое. Кунцаўшчына, Менск

(с) Ева Гілевіч Неба – яно жывое. Над Нямігай, Менск

“Неба для мяне – жывая істота, якая плача, радуецца, сумуе, злуецца, – камэнтуе свае фотаўражаньні Ева. – І неад''емная частка гэтай істоты – аблокі, што значаць яе настрой. Спадзяюся, на здымках адлюстраваны і чароўныя малюнкі, і мая радасьць, маё захапленьне жывымі фарбамі”.

(с) Ева Гілевіч Неба – яно жывое. Над роднай вёскай Устрона, Барысаўскі раён

(с) Ева Гілевіч Неба – яно жывое. Над роднай вёскай Устрона, Барысаўскі раён

Нечаканая прысутнасьць чалавека на здымку Ўладзя Грыдзіна і ўдалая назва кампазыцыі робяць працу нашага сталага аўтара поўнай пачуцьця і філясофскага напружаньня. Другі здымак - больш лірычны, але ня менш малюнкавы.

(с) Уладзь Грыдзін На кругавідзе

(с) Уладзь Грыдзін Увечары. Над рэчкай Вузьлянкай, Вілейскі раён (с) Slava Касьцёл св. Станіслава ў Магілёве, дзе адбываецца фэстываль "Магутны Божа"

(с) Slava Мікалаеўская царква і манастыр, 1636, Магілёў, пойма Дняпра. На супрацьлеглым беразе -- сучасная забудова

Завітаем цяпер на Мядзельшчыну, дзе мястэчка Будслаў з касьцёлам у самым цэнтры, ды мястэчка Засьвір з кляштарам кармэлітаў на беразе аднайменнага возера. Аўтар фотарэпартажу – Уладзімер Урбановіч, прызёр трэцяга тыдня, сталы ўдзельнік нашага вэрнісажу.

(с) Уладзімер Урбановіч Будслаўскі рэпартаж. Размова на ўлонках. Касьцёл Спачыну Найсьвяцейшай Дзевы Марыі

(с) Уладзімер Урбановіч Будслаўскі рэпартаж. Шчырая патаемнасьць. Касьцёл Спачыну Найсьвяцейшай Дзевы Марыі

(с) Уладзімер Урбановіч Будслаўскі рэпартаж. Перад дарогай дадому: у кожнага свая малітва

(с) Уладзімер Урбановіч Касцёл i кляштар кармелiтаў, помнік архітэктуры барока, пачатак 18 ст., вёска Засвiр

Аўтар наступнай фатаграфіі -- Сяргей Пялес. Гэта ягоны дэбют.

(с) Сяргей Пялес Кобрынскі краявід з царквою і сьпелым жытам. Царква збудаваная прыканцы 17 ст., в. Буховічы

Ліст ад Рамана Забелы, сталага ўдзельніка фатаконкурсу.

“Пра сытуацыю вакол кляштару бэрнардынаў, -- піша ён, -- шмат сказана і напісана. Былі й здымкі. Вось і мы з сябрам не ўстаялі перад спакусай пабываць там, убачыць і адчуць. Было гэта яшчэ ў траўні. Больш за ўсё цікавіла архітэктура помніка. Камяніца ўнікальная, як звонку, так і знутры. Дасылаю тое, чаго яшчэ нібыта "ня бачылі". Гэта вокны "бэрнардынаў" з выявамі-адлюстраваньнямі ў іх. Таксама ўразіла гарышча будынка. Яно досыць добра захавалася.Там пануюць галубы, цямрэча й цішыня. Вельмі выразныя кроквы, бэлькі – канструкцыі нібыта простыя, але надзейныя і цёплыя ад часу. Цяжка ўявіць, што ўсё гэта могуць вывезьці на звалку, зламаць, панішчыць дзеля нейкіх "люксаў".

(с) Раман Забела Кляштар бэрнардынаў у Менску. Адлюстраваньне 1

(с) Раман Забела Кляштар бэрнардынаў у Менску. Адлюстраваньне 2

(с) Раман Забела Кляштар бернардынаў у Менску. Гарышча

(с) Раман Забела Кляштар бернардынаў у Менску. Краты на акне

Дзякуй, Раман, за дасланыя здымкі. Вы ня проста падняліся на гарышча – паглядзець і адчуць адтуль, але падняліся прыступкай вышэй у асэнсаваньні балючай тэмы гістарычнага асяродзьдзя сродкамі фатаграфіі і асабістага прыкладу (мо, загучна?). У Вашых вокнах застанецца дакор і роспач, боль і маўчаньне. Застануцца і нашы надзеі. На сканчэньне рубрыкі – вясковая пастараль ад Уладзімера Урбановіча.

(с) Уладзімер Урбановіч У бабулі на вакацыях

Бел-чырвона-белае

(с) Тацяна Аляксеева Замест назвы: дата 14 ліпеня (субота) і эмацыйны подпіс да фота: “Гэта сёньня ля кінатэатра “Кастрычнік”

І хваляваньне, і радасьць аўтаркі з Менску. Цалкам падзяляем. Дзякуй, Тацяна.

(с) Уладзімер Ткачэнка Пагоня за кратамі -- вітраж на Віцебскім чыгуначным вакзале. "Цікава, што думае наконт свайго твора (яго выкарыстаньня) аўтар вітражу, экспэрты-мастацтвазнаўцы?..”

Імя Уладзімера – новае ў нашых старонках, і гэты здымак мы скарысталі ў якасьці візытоўкі сёньняшняй яго досыць ёмістай публікацыі (гл. далей).

(с) Slava Малюнак на сьцяне "хрушчоўкі", Магілеў

Гарадзкі краявід з “фрэскай”

“Прывітаньне” ад Паліны Грынчанкі, прызёркі сёмага тыдня. Ейны пераможны сюжэт запомніўся наведнікам сайту “краявідам, адлюстраваным у мыльнай бурбалцы”. Гэты раз Паліна менш лірычная. Чытаем ліст: “Здымку можна даць назву "Прывід камунізму". Гэты шэдэўр эпохі сацрэалізму дагэтуль упрыгожвае сабою фабрычны будынак на вуліцы Крапоткіна ў Менску. Плюшч сваім лісцем так шчыльна закрыў сцены і наблізіўся да партрэта, што, зірнуўшы на выяву, найперш думаеш: "Было, ды быллём парасло!" У прамым сэнсе, як бачым. Але ж не, не парасло яшчэ. На жаль, прывід камунізму хітра пасміхаецца нам не толькі з "фрэсак" на старых збудаваннях.”

(с) Паліна Грынчанка Прывітаньне “беларускім сябрам”

Вазёрныя краявіды

(с) Уладзімер Ткачэнка Возера Дрывяты, Браслаўскі раён

(с) Уладзімер Ткачэнка Блакітныя хвалі возера Сьвіцязь, Наваградскі раён

(с) Лідзія Калбасіч Разам. Сінхроннае плаваньне

Здымак цікавы спалучэньнем цудоўных сілюэтаў на здымку: птушыных – на першым пляне, і архітэктурных, аддалена набярэжных (другі плян). Аднак жа на процілеглым беразе бачым і “вежу” іншага кшталту, хутчэй за ўсё гаспадарча-камунальнага прызначэньня, якая моцна псуе культурна-эстэтычны плян мястэчка. На жаль, распаўсюджаная зьява, асабліва недапушчальная што да гістарычных месцаў і архітэктурных помнікаў. Аўтарка не пазначыла геаграфіі свайго здымка, аднак я насьмелюся меркаваць, што гэта Глыбокае.

(с) Лідзія Калбасіч “А гэта нашы дзеці”



“Санаторны рай”. Восем гадоў пасьля

Аўтар з Ушачаў Кастусь Сырэль падае, бадай, сэнсацыйны рэпартаж зь “месца падзеі”, дзе… нібыта нічога не адбываецца. Расьце трава ды ўсё. Зарастаюць мільярды народных грошай, даўгабуд ператвараецца ў руіны.

Глянем спачатку зьверху – здымак зроблены з дэльтаплану невядомым аўтарам. Віцебшчына, лясы Ушаччыны, два возеры -- адно, што далей, у правым баку здымка, Вечалле. Ад яго і назва будучага санаторыя.

(с) Аўтар невядомы

Восем гадоў таму ў нумары за 25 жніўня 1999 года газета “Зьвязда” назвала ушацкі праект “курортным раем”, а сканчэньне ўсіх работ “паабяцала” праз 12-13 месяцаў. Працягвае Кастусь Сырэль.

(с) Кастусь Сырэль Лясное возера Вечальле. Прыгожае, чыстае. Адно з самых глыбокіх у Беларусі.

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. Адзін з карпусоў. 4 ліпеня 2007

Камэнтуе аўтар: “Цагляная кладка пачала разбурацца. Прылягаючая тэрыторыя зарастае быльлём і хмызьняком. І толькі вецер гуляе па памяшканьнях бяз вокан і дзьвярэй, а часам і бяз даху. Нешта мне гэта ўсё нагадвае. Што? Руіны палацаў ў Гальшанах або Смалянах? Фільм Таркоўскага “Сталкер”? Храм Артэміды, Калізей, ды эгіпецкія піраміды?”

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. Адзін з карпусоў. 4 ліпеня 2007

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. Адзін з карпусоў. 4 ліпеня 2007

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. Адзін з карпусоў. 4 ліпеня 2007

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. Вытворчае памяшканьне. Здаецца, тут павінна была разьлівацца ў бутэлькі мінеральная гаючая вада. 4 ліпеня 2007

(с) Кастусь Сырэль Санаторны рай “Вечальле”. З гаражоў санаторыя пакуль ня выехала ніводнага аўтамабіля. 4 ліпеня 2007

“Астатнія шматлікія будынкі санаторыю, таксама як і стадыён, сажалкі ды каскад вадаспадаў, – сьведчыць Кастусь Сырэль, -- прыблізна ў гэткім жа стане. Хіба што газавая гаспадарка ў поўным парадку -- хоць сёньня давай газ у кацельню санаторыю. Тым часам працягласьць трасы – каля трох кілямэтраў... Кажуць, самыя лепшыя спосабы “адмываньня” (ці абнаяўленьня) грошай – гэта вайна і будаўніцтва. Хто і колькі “адмыў” ва Ўшацкіх лясах? У чыіх кішэнях асела значная частка бюджэтных сродкаў, што пайшлі на незавершаную будоўлю, застаецца таямніцай”.

Жудасна сабе ўявіць, але зусім недалёка, у суседняй Магілёўскай вобласьці, ідзе падрыхтоўка пляцоўкі пад будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Рэжым абяцае народу энэргетычны рай.

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Фігура атлета ў гістарычнай сядзібе “Альбярцін” (прыз – радыёпрымач)

(с) Уладзімер Ткачэнка Палац спорту (на фасадзе напісана “Дворец спорта”), разьмешчаны ў флігелі сядзібы “Альбярцін”, што ля Слоніма

“Такая пашана і ўвага да гісторыка-культурнай спадчыны” – міжволі ўздыхае аўтар здымка. Сядзібны дом “Альбярцін” – архітэктурны помнік позьняга клясыцызму. Флігель – двухпавярховы мураваны будынак эклектычнай архітэктуры.

Здымак выдатна трапляе ў актуальны кантэкст захаваньня гістарычнай спадчыны Беларусі і “бурнага” будаўніцтва спартыўных аб’ектаў пад кіраўніцтва галоўнага Атлета краіны. Мае віншаваньні!

Зьмяшчаем яшчэ два здымкі Уладзімера Ткачэнкі.

(с) Уладзімер Ткачэнка Сьвятое месца - буслы зьвілі гняздо на Крыжы касьцёла ў вёсцы Празарокі, Глыбоцкі раён

(с) Уладзімер Ткачэнка Рука Ільліча. Помнік правадыру ў Смаргоні

Дрэва і Крыж паядналіся ў адзін надмагільны помнік (прыз – радыёпрымач)

(с) Сяргей Пялес Жыцьцё і памяць.

“Дрэва зраслося з Крыжам на старых закінутых каталіцкіх могілках у Кобрыне”, -- так камэнтуе свой здымак Сяргей (другі ягоны здымак вышэй).

Гэта захапляючая цікавостка. І крыж, і камель дрэва (здаецца, таполя) паядналіся нароўні ў адзін помнік хутчэй за ўсё безыменнай магілы. Напатканая ўдача. Добра выкананы фатаздымак. Віншую, Сяргей.

Ставок, у якім яшчэ цячэ жывая вада (прыз – радыёпрымач)

У намінацыі “тэма” за першынство “паспрачаліся” Валярына (Валерыя Кустава) і Раман Забела (гл. вышэй, у вокны “бэрнардынаў”). Абодва аўтары – актыўныя ўдзельнікі фатаконкурсу, іхныя публікацыі часам блізкія -- выразна пазначанай аўтарскай індывідуальнасьцю.

“Дасылаю Вам крыху фотаў, што былі зробленыя на ўскрайку Менску ў раёне Сухарава ля стаўка, у якім цячэ-бруіцца з-пад зямлі жывая вада, -- піша Валерыя. -- Я часьцютка тут баўлю свой час, загойваючы душу”.

Гэта чацьвёртая публікацыя Валерыі Куставай. Знойдзена тэма і жанр -- аўтарскі рэпартаж, падобны на белы верш, гэткі фотавэрлібр, што вельмі ўласьціва фатографцы Куставай (хто ня ведае, яна і паэтка з “наканаваньнем” Рыгора Барадуліна). Варта прыгадаць у нашых старонках і яе незадаўненае жартаўлівае эсэ “Дзеўка Беларусь”, і нечаканыя мэтафары ў флярыстычных практыкаваньнях, і “Менскія двары”.

Вам перавага, Валярына. Удалых “спробаў аб’ектыву”! Чакаем новых вэрлібраў, напісаных Сьвятлом.

(с) Валярына Абрыс радзімы ў нябёсах

(с) Валярына Крыху сонца ў халоднай вадзе (1)

(с) Валярына Крыху сонца ў халоднай вадзе (2)

(с) Валярына Лёс

(с) Валярына Масток

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах, Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG