Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 14.07.2007- 20.07.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Ідзе перадпродажная падрыхтоўка Беларусі. Самыя лепшыя прадпрыемствы ў Беларусі, два нафтаперапрацоўчыя заводы, маюць рэнтабэльнасьць адзін працэнт. Трэба нешта зь імі рабіць. Значыць, трэба дурных беларусаў пераконваць, што яны мусяць разьвітацца зь вялікай уласнасьцю, бо ня могуць ёй кіраваць. Таму ні прэзыдэнт, ні ўрад не зьбіраюцца рабіць нейкія рэформы, ставіць ініцыятыўны, малады ўрад. Сядзіць тая ж намэнклятура, якая ўсё гэта і прафукае”

Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія”

“Мяне нават прымусілі зьняць бялізну і павярнуцца ў адзін бок, потым ў другі. Быццам я магла ззаду ў бюстгальтары нешта пранесьці патаемнае. Усе ягады праткнулі нажамі, пірагі і тарты разрэзалі на кавалкі. Мы ўвесь час адчувалі гэты ціск і цяпер разумеем, як гэты ціск адчувае тата кожны дзень у калёніі”

Вольга Казуліна, дачка былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі – пра асабовы агляд напярэдадні спатканьня з бацькам у калёніі

“Сухарэнка дзейнічаў як салдат: грымела шмат, а толку было мала”

Сяргей Сацук, рэдактар газэты «Ежедневник» - пра адстаўкі ў кіраўніцтве КДБ

“Ратацыя ў сілавых структурах – звычайная зьява... сёньняшнія адстаўкі ня маюць таго, што было б варта камэнтару”

Сяргей Гайдукевіч, адмысловы пасланьнік МЗС Беларусі ў краінах Эўразьвязу – пра адстаўкі ў кіраўніцтве КДБ

“Быў 1937 год, і пасьля вялікіх рэпрэсіяў пачысьцілі НКВД. Такім чынам, цяпер ня толькі аднавілася былая сыстэма, але вяртаюцца і да былых мэтадаў: спачатку органы чысьцяць грамадзтва ад іншадумцаў, потым чысьцяць іх. Розьніца толькі ў тым, што ў нас цяпер не расстрэльваюць ні апазыцыянэраў, ні тых, хто іх ловіць”

Тацяна Процька, старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту – пра адстаўкі ў кіраўніцтве КДБ

“Цяпер небясьпекі чакаюць ад Масквы. Мабыць, тых, хто мае кантакты зь ёй, з тымі, хто мае кантакт з Масквой — вось гэтых людзей будуць прыбіраць. Нават “пацукі” і “польскія шпіёны” не дапамогуць”

Мікола Статкевіч, сацыял-дэмакратычны палітык, былы палітвязень – пра адстаўкі ў кіраўніцтве КДБ

“Цяпер мы будзем мець экранізацыю твораў – бяздарных, убогіх, прымітыўных – гэтага новага Саюзу пісьменьнікаў, на чале якога генэрал Чаргінец. Мы і будзем мець міліцэйскае мастацтва, мастацтва зь лямпасамі”

Уладзімер Халіп, рэжысэр – пра сытуацыю на кінастудыі “Беларусьфільм”

“Лукашэнка заўсёды спрабуе гуляць на супярэчнасьцях груповак у сваім атачэньні, ён баіцца таго, што нехта адзін зойме побач зь ім дамінуючую пазыцыю. Таму калі перамагае адна групоўка, ён кампэнсуе яе іншымі людзьмі, каб нехта мог яму "настучаць" на іншага. У гэтым асноўны прынцып функцыянаваньня цяперашняй беларускай улады”

Павал Шарамет, кіраўнік аддзелу спэцыяльных праграм расейскай тэлекампаніі “Первый канал” – пра адстаўкі ў кіраўніцтве КДБ

“Нашы маладыя супрацоўнікі, супрацоўнікі апэратыўнага зьвяна, наколькі мне дакладвалі, працавалі сумленна і прынцыпова ў адрозьненьне ад вас, палкоўнікаў і генэралаў, якія сядзяць тут”

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас прадстаўленьня ў КДБ новага кіраўніка ведамства Юрыя Жадобіна

“Я заўсёды казаў і я ўпэўнены, што пісьменьнік мае права на ўцёкі, мае права на слабасьць... ”

Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік – у «Начной Свабодзе» пра сваю эміграцыю зь Беларусі
XS
SM
MD
LG