Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на Свабодзе


Ягор Маёрчык, Менск Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы Свабоды на мінулым тыдні

Пра “партыю ўлады”

Іван Антановіч, Гомель: “Калі міжнародныя структуры пачалі больш сур’ёзна цікавіцца правамі чалавека ў Беларусі, дык і ўлада стала крыху варушыцца. Але пры гэтым яна імкнецца зрабіць так, каб і козы былі сытыя, і сена – цэлае. Вось таму і ствараюць партыю улады – “Белую Русь”. Не сумняюся, што ў яе ўвойдуць усе начальнікі – ад калгаснага брыгадзіра да старшыні аблвыканкаму. Адмоваў ня будзе, бо хто ж хоча, каб узьніклі праблемы з працай. Для народнага прадстаўніцтва намэнклятуру разбавяць простымі працаўнікамі, паабяцаўшы нейкія прывілеі. Словам, у выніку атрымаецца самая масавая партыя – поўная копія колішняй КПСС.

Такім чынам, да цалкам лаяльных уладзе прафсаюзаў, кампартыі, ветэранаў, гайдукевіцкай ЛДПБ і БРСМ дадасца яшчэ адна масавая партыя. Пасьля гэтага можна аддаваць загад Палаце прадстаўнікоў, каб тая ўносіла папраўку ў Выбарчы кодэкс – уводзіла выбары па партыйных сьпісах, як гэта зроблена ва ўсіх цывілізаваных краінах, і нават у Расеі. Хоць насамрэч усё застанецца, як і было. Але пад гэтай шыльдай можна будзе патрабаваць ад Эўропы і Амэрыкі адмены санкцыяў і пачатку супрацоўніцтва. Маўляў, мы ваша самае галоўнае патрабаваньне выканалі, цяпер чарга – за вамі”

Аб прыватызацыі

Алесь Марціновіч, Баранавічы: “Калі Лукашэнка і дапусьціць прыватызацыю, дык толькі ў такой форме, у якой магчыма прадухіліць небясьпечныя для сваёй улады сацыяльныя наступствы. А што да вонкавых крэдытаў, то для такой краіны, як Беларусь, зусім дапушчальная пазыка на ўзроўні 4-5 мільярдаў даляраў.

Году зь 2003-га ў Беларусі адбываецца няўхільнае маёмаснае расслаеньне насельніцтва. За 15 год доля непатрэбных працоўных месцаў моцна скарацілася, штат на большасьці прадпрыемстваў заўважна “ўсох”. Таму я нават блізка не чакаю паўтору ў Менску падзеяў зь іншай эры – траўня-чэрвеня ’91-га году.

На пачатку 90-х гадоў у беларускім грамадстве працэнтаў на 90 пераважаў шкурна-каўбасны дыскурс менталітэту (інакш не было б фэномэну Лукашэнкі для нашага рэгіёну Усходняй Эўропы). Тады беларус быў яшчэ сацыялістычным саўком. У 2007-м – усё інакш: беларус зрабіўся постсаўком выродлівай рынкавай сыстэмы з правіцелем лацінаамэрыканскага тыпу. Гэткая сумесь Парагвая Стрэснэра, Вэнэсуэлы Чавэса і Кубы Кастра. Праўда, усё гэта згладжваецца генетыкай паўночнага тэмпэраменту. Так ці інакш, лёс няўхільна цягне беларусаў у рынак. І беларус за апошнія 15 год непрыкметна перастаў быць саўком, які патрабуе ад улады толькі каўбасы, і прыстасаваўся да своеасаблівай рынкавай эканомікі. У гэтай новай якасьці насельніцтва не такое небясьпечнае для Лукашэнкі, якім яно было для Малафеева, Кебіча і Дземянцея ў ’91-м годзе.

Так што Лукашэнка правядзе прыватызацыю ў форме выгаднага продажу прадпрыемстваў вонкавым кампаніям за 3-4 гады. Усё адбудзецца пад ягоным кантролем. Гэта будзе не стыхія эпохі (як у іншых краінах у сярэдзіне 90-х), а звычайная руціна. І я ня бачу ніякай магчымасьці наступстваў прыватызацыі кшталту стотысячных натоўпаў у Менску з так званых “абаронцаў маёмасьці Радзімы”.

Пра вясковыя клопаты

Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна: “У вёсках Ляхаўцы, Асавая, Макраны часта здараецца так: раніцай малако забіраюць, а ўдзень вяртаюць назад ужо скіслае. І так калі не штодня, дык праз дзень. Бяруць толькі вечаровае, лічаць – ахалоджанае. А ранішняе ня бяруць. Насельніцтва, вядома, незадаволенае, але пратэставаць не адважваецца: кожнаму патрэбна капейка.

Гэткая сытуацыя – ва ўсім Маларыцкім раёне. Але ў такім выпадку навошта прымаць малако, калі яно кепскае? Вядома, чаму так атрымліваецца. Вязуць гэта малако ў Берасьце на завод, а гэта – 70 кілямэтраў. А тут яшчэ сьпёка... Вядома, за гэты час яно згорнецца.

За польскім часам усё было па-іншаму. Малако перапрацоўвалі на месцы, у Макранскай млячарні. Выраблялі і масла, і сыры. Усё дастаўлялі ў Варшаву. Лядоўняў не было, дык клалі ў скрынкі лёд, загортвалі ў адмысловую паперу. І ўсё цудоўна захоўвалася. А ўсё чаму? Бо быў гаспадар. А цяпер такога гаспадара няма”.

Пра беларуска-расейскае аб’яднаньне

Мікола Канаховіч, Пружаны: “Пераконваць такіх людзей у палітычнай амаральнасьці ня бачу ніякага сэнсу, бо яны ўжо ніколі, да самага скону не зразумеюць, што такое Радзіма, воля, чалавечыя гонар і годнасьць, матчына мова, запаветы продкаў...

Асабіста я ведаю шмат выхадцаў з Расеі, якія ня толькі інтэграваліся ў наша беларускае грамадства, але і сталі сапраўднымі патрыётамі-адраджэнцамі, за што ім найвялікшае дзякуй. Але нямала і такіх сініцыных, якім наша краіна дала бацькоўскі прытулак, працу, кар’еру, а яны замест ўдзячнасьці паводзяць сябе, у пэўным сэнсе, як акупанты.

Я як чалавек з выразнай грамадзянскай пазыцыяй магу толькі параіць ненавісьнікам беларушчыны. Хлопцы, сядайце на цягнік альбо ў байдарку – і самі, бяз нас, беларусаў, вяслуйце на Усход. Магчыма, дзе-небудзь у Сыбіры вам і знойдзецца месца, бо ў Маскве хапае і сваіх паслугачоў.

Калі ж вы ня спыніцеся і будзеце сваімі “маніфэстамі” парушаць Канстытуцыю, дык рана ці позна атрымаеце позву ў Генеральную пракуратуру. Бо ў вашых дзеяньнях праглядваюцца прыкметы дзяржаўнай здрады”.

Пра тапаніміку

Кастусь Сырэль, Вушачы: “Наогул, тапаніміка – рэч тонкая і далікатная. Можна так назваць вуліцу ці вёску, што нашчадкі рагатаць і плявацца будуць. У наш час мала хто з жыхароў Берасьцейшчыны памятае, што ў іх вобласьці некалі быў – хочаце верце, хочаце не, – калгас «Имени шести условий товарища Сталина» (знарок не перакладаў на беларускую мову, бо нейкая нягегліца атрымліваецца). Разумею, што час быў такі, калі давалі назву: паспрабуй, прагаласуй супраць - на лесапавал загрыміш. Ну, якія пачуцьці можа выклікаць гэтая назва і той, хто яе даваў, сёньня?

Але вернемся ў сталіцу. Што тычыцца яе галоўнай вуліцы, то, акрамя ўсяго астатняга, яна адметная яшчэ і тым, што, бадай, пераназывалася рэкордную колькасьць разоў. Мяркуйце самі: Захар’еўская, Савецкая, імя Адама Міцкевіча, Хауптштрасэ, праспект імя Сталіна, Ленінскі праспект, праспект імя Францішка Скарыны – гэта ўсё сёньняшні праспект Незалежнасьці, або яго частка. Ня выключаю, што гэтым сьпіс перанайменьняў яшчэ ня скончыўся. Асабіста мне неяк больш даспадобы быў наш Францішак Скарына, а ня размножаная ў шматлікіх постсавецкіх гарадах даніна незалежнасьці. На мой розум, дык хапіла б Менску і плошчы Незалежнасьці”.

Пра архітэктурную спадчыну

Анатоль Жэрдзеў, Гомель: “Гадоў зь дзесяць таму мне давялося пабываць ва украінскім горадзе Каневе. Ёсьць там храм 12-га стагодзьдзя. За восем стагодзьдзяў чаго толькі ён ня вытрымаў. Але найбольш пацярпеў ад сучасных гора-рэстаўратараў, якія вырашылі правесьці вадзяное ацяпленьне. Ды па савецкаму праекту, ды рукамі савецкіх жа п’янтосаў-будаўнікоў. Урэшце рэшт тое ацяпленьне аднойчы пацякло, падмыла падмурак – і храм пачаў расколвацца на часткі. Сумна было глядзець на той цуд старажытнага дойлідства, абцягнуты мэталёвым бандажом.

Вось чаму мяне вельмі хвалюе тая хуткасная рэстаўрацыя полацкага храму з падводам ацяпленьня і электрычнасьці, пра якую распавядала Свабода. І мне вельмі зразумелы ўчынак галоўнага рэстаўратара, які падаў у адстаўку з-за умяшальніцтва чыноўнікаў зь іхнай бесталковай мітусьнёй.

Камандзіроўка у горад Канеў – ня вельмі дарагая. Няхай бы яны паехалі туды і паглядзелі на вынікі такой “рэстаўрацыі”.

Трохі даражэйшай была б камандзіроўка ў Італію, дзе збудаваньні стаяць не адно тысячагодзьдзе, і дзе ёсьць адмыслоўцы, якія дасканала ведаюць, як трэба зьберагаць такія будынкі. Але ж накіроўваць туды трэба не абмежаваных чыноўнікаў, а адмыслоўцаў, якія змаглі б здабыць там неабходныя веды”.

Пра дэмакратыю і росквіт Беларусі

Леанід Шчорс, Ужгарад (Украіна): “Мэта вашых перадачаў на Беларусь для мяне зразумелая: разбэсьціць як мага больш людзей. Вы пісьменныя і разумныя. Дзядзька Сэм дурням і гультаям плаціць ня будзе.

Але цікавы іншы факт. Вы знаходзіцеся ў Беларусі. Дзейнасьць кіраўніцтва краіны асьвятляеце толькі адмоўна, нават калі гэта дзейнасьць накіравана на інтарэсы насельніцтва. Да мікрафону дапускаеце толькі незадаволеных уладай (а такія ў любой краіне заўсёды знойдуцца, нават у вашых улюбёных Злучаных Штатах).

Але ж факт, які ніхто ня можа абвергнуць: Беларусь дзякуючы свайму прэзыдэнту Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, якога я вельмі паважаю, мае стабільную эканоміку і стабільнае грамадства. Ну, такіх асобаў, як Казулін, я ня лічу: бачыў па тэлевізары бойку зь ягоным удзелам.

Вы часта сьцьвярджаеце, што ва Украіне дэмакратыя, парадак і г.д. Вы што, хочаце, каб у Беларусі быў такі ж бардак і такія ж палітычныя рэпрэсіі, як у нас? А што робіцца з сельскай гаспадаркай? Усё разрабавана, у сёлах адны рэшткі былых фэрмаў. Наўкол быльнёг. Вы гэтага хочаце? На Лукашэнку трэба Богу маліцца, што захаваў краіну.

Вядома, праблемы ўсюды ёсьць. Вось вы хваліце Польшчу. А ўкраінскае тэлебачаньне паказала нядаўна ўсеагульны страйк польскіх дактароў. А вы маўчыце. Гэта што – падвойныя стандарты?

Так, Лукашэнка няўгодны Захаду, бо не танцуе пад іхную дудку. Ён – самастойны, не халуй. Вось і ўвесь сакрэт. А дэмакратыі ў Беларусі больш, чым у многіх краінах Захаду, вы мне ўжо паверце. Дэмакратыя – гэта парадак у краіне”.

Міхаіл Лукашэвіч, вёска Вычулкі Берасьцейскага раёну: “Вось вы там усё пра апазыцыю расказваеце, на вуліцу за дэмакратыю заклікаеце. Усё гэта добра. Але трэба вам выйсьці з вашых сутарэньняў на вуліцу і шырэй паглядзець на жыцьцё і на іншыя спосабы барацьбы за дэмакратыю. Людзей жа цікавіць не дэмакратыя, а іншыя рэчы. Вось, напрыклад, я вымушаны жыць на пэнсію памерам 15 тысяч рублёў у месяц. Як выжыць?– вось што мяне цікавіць”.

Пра пагрозу Беларусі

Спадар: “Найвялікшая пагроза для Беларусі сыходзіць ад сучаснай улады, дыктатарскага рэжыму гэтай улады. Улада зьнішчае беларускую мову, беларускую культуру, гісторыю, навуку. Найбольш актыўныя барацьбіты за сьветлую будучыню Беларусі або зьнішчаныя, або сядзяць у турмах, або вымушаны зьехаць за мяжу. Чуў зьвесткі, што гадоў праз 50 у Беларусі застанецца толькі 5 мільёнаў насельніцтва. А праз 100 гадоў толькі мільён. Ня будзе чаго нішчыць і сам рэжым лопне. На Беларусі атрымаецца купалаўскае “Раскіданае гняздо”. Але ж Бог літасьцівы. Жыве Беларусь!”

Пра скандал з польскімі шпіёнамі

Спадарыня: “Адказваю на пытаньне тыдня. Разваляць і зьнішчаць Беларусь не шпіёны з Захаду ці Ўсходу, а карупцыя, якая нас пажырае. Ну нашто шпіёну рызыкаваць жыцьцём, калі можна досыць лёгка купіць тое, што яму трэба. Да пабачэньня”.

Падпалкоўнік запасу Майсеенка Генадзь: “Шчырае прывітаньне! Наконт тэлевізійнага шоў пра польскіх шпіёнаў. Акрамя рогату і мілаваньня, якое пасьля паказу ўзьнікае ў разумных людзей. Мушу дадаць яшчэ пару штрыхоў. Першае, сапраўдную працаздольнасьць і якасьць супрацьпаветранай аховы зьлёгку з дапамогай сучасных тэхналёгій мажліва зьведаць праз сучасныя зямныя спадарожнікі. Другое. Дзякуючы ад дамове аб звычайнай зброі, зь якой, як выказаўся пан Лукашэнка, Беларусь ня выйдзе ў бліжэйшы час, таксама Польшча, як сябра НАТА, лёгка мусіць атрымаць усю інфармацыю, якую Беларусь павінна поўнасьцю даваць, бо праверкі робяцца ўстаноўча кожныя паўгода. Адсюль польскія шпіёны, як і само беларускае КДБ, аб контравыведачнай працаздольнасьці, якасьці гаварыць проста не выпадае, толькі сьмеху і вартыя. Не з дарма ў расейскага ФСБ мянушка нашага КДБ даўно ператварылася ў кантору “белых малпаў”. З павагай”.

Пра КДБ

Спадар: “Рашэньне Лукашэнкі зьмяніць кіраўніцтва ў Камітэце дзяржбясьпекі – гэта адзін з тых крокаў моцных, мудрых. Знайдзіце каго-небудзь у сьвеце, каб так адкрыта і выразна раскрытыкаваў самую паважаную арганізацыю, таму што там найсумленьнейшыя людзі, высокакваліфікаваныя спэцыялісты, яны ўсё ведаюць. І ён не пабаяўся, як калі паехаў у Сэрбію. Яго некаторыя ўчынкі заслугоўваюць павагі. А Ваша тая Калінкіна нават слова “КДБ” выгаварыць ня можа. Усё нармальна. Сьвятое месца пустым быць не павінна”.

Спадарыня: “Фактычна, павінен быць абнародаваны сапраўдная прычына адстаўкі Сухарэнкі. Верны служка дыктатара Лукашэнкі, магчыма, захоча трапіць у давер да такіх, як Калякін, Лябедзька. І празь іх будзе ў курсе ўсёй працы апазыцыйнага руху, і будзе весьці раскольніцкую ці правакацыйную дзейнасьць. Калі ня будзе вядома сапраўдная прычына адстаўкі Сухарэнкі, значыць дыктатар Лукашэнка задумаў ці распрацаваў нейкі вельмі хітры плян. Так што Аляксандру Мілінкевічу і ўсім яго памошнікам і аднадумцам неабходна быць асьцярожнымі”.

Ларыса, Менск: “Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі павінен працаваць на карысьць дзяржавы. Ну нельга перасьледаваць апазыцыю, якая выказвае нейкія іншыя думкі і ўносіць прапановы, каб палепшыць становішча ў эканоміцы і наагул у жыцьці. Прыслухайцеся да іх. Павінны быць сустрэчы, трэба выслухаць адзін аднаго. Зь нечым не пагадзіцца, паспрачацца, знайсьці нейкае выйсьце. І зусім ужо нельга перасьледаваць моладзь, якая вучыцца ў іншых краінах. Дайце ім спакойна правесьці канікулы. Ніякай небясьпекі зь іх боку няма. Калі скончыцца іх вучоба, яны самі зробяць свой выбар: працаваць у сваёй краіне альбо там, дзе вучыліся”.

Пра паўсядзённае жыцьцё

Спадар: “Добры дзень. Вось вырашылі мясцовыя ўлады горада Пінску да 900-годзьдзя нашага гораду зрабіць рэканструкцыю Цэнтральнай плошчы. І раптоўна 13 ліпеня бульдозэр адкапаў 4 магілы, 4 труны, 2 зь якіх былі з чалавечымі шкілетамі. Працы прыпыніліся. І вось 18 ліпеня прыехалі вучоныя зь Менску, знакаміты археоляг і яго памочнікі, і прывялі раскопкі. Яны абвінавацілі мясцовыя ўлады, што тыя пачалі раскопкі ў старажытнай частцы гораду, ні з кім не параіўшыся папярэдне, не папытаўшы дазволу, у выніку гэтага бульдозэр перамяшаў шмат магіл, чалавечых костак і гэтак далей. І вось працы прыпыненыя і, быццам бы, распачынаецца крымінальная справа супраць мясцовых уладаў. Я ня ведаю дакладна. Але мне гэтая інфармацыя здаецца вельмі цікаваю. Стары прафэсар адчытваў мясцовых чыноўнікаў нібыта школьнікаў, якія ня ведаюць і не шануюць сваю гісторыю, а жывуць толькі сёньняшнім днём, ды і чым яны жывуць невядома”.

Спадарыня: “ Колькі словаў пра вёску. Мая знаёмая пры сустрэчы распавяла, што на зь сям’ёй пераехала на сталае жыхарства з горада ў вёску. І з гонарам, з радасьцю сказала: “У аграгарадок”. Ну дай ёй Бог шчасьця і дабрабыту там. Але я пацікавілася, а як жа так атрымалася – ў калгасе, на вёсцы мая знаёмая не працавала. Адказ такі: сваячка яе – загадчыца на калгаснай фэрме, дапамагла, прыстроіла трохі вартаўніком, пэнсія ў яе і мужа, добры кавалак зямлі … і хапае. Хваліла Лукашэнку. І я зразумела, што цяпер аграгарадкі – надзейны электарат кіруючага прэзыдэнта на вёсцы. Можа, толькі для гэтага і будаваліся яны за дзяржаўныя вялікія грошы. Былы электарат на вёсцы. былы, паціху адыходзіць і стаміўся ад прэзыдэнта. Толькі як жа адносіны да зямлі? Хто па-сапраўднаму на ёй будзе працаваць, любіць яе? Толькі ўласьнік. Але дзяржаўная палітыка на вёсцы, відаць па ўсім, зусім іншая. І яшчэ. Хачу падказаць тым, хто амаль грэбліва адклікаецца пра Радыё Свабода і яе слухачоў. Вы, таварышы, слухаеце і будзеце слухаць нашу “Свабоду” з-за пачуцьця страху, які ўсё больш авалодвае Вамі. Вельмі-вельмі хацелася б памыліцца і думаць, што будзеце слухаць таму, што ня ўсё беларускае ад Вас адышло. І яшчэ. Дзяржаўнаму радыё і тэлебачаньню Вы таксама, як і мы, ня верыце. “Свабода,” Вас усё цяжэй лавіць у эфіры і розныя замінкі. Вы чутныя добра раніцай, але, на жаль, большасьць Вашых слухачоў сьпяшаецца на працу раніцай”.

Пра будаўніцтва АЭС

Шукалава Ларыса Ўладзімераўна, Магілёў: “Пра набалелую праблему. Пытаньне пра энэргарэсурсы востра стаіць у нашай рэспубліцы. Усім вядома, што ўрад вырашыла пабудаваць атамную электрастанцыю і такім чынам вырашыць даўнюю праблему. Аднак сродкаў на такую будоўлю няма, то бок зьняцьце льготаў з грамадзянаў Беларусі сьведчыць пра недахоп фінансаў. Акрамя гэтага плян пра будаўніцтва атамнай станцыі цягам 2-3 год наводзіць на думкі пра якасьць гэтага будучага будаўніцтва.у розных краінаў такія будоўлі займалі 10-12, а тое і 15 год. Пры “ўдарных” тэмпах існуе верагоднасьць паўтору Чарнобыльскай трагедыі. Таму асноўная маса насельніцтва супраць такога будаўніцтва. Наш народ панёс вялізныя страты ад мірнага атама, і нельга дапусьціць новыя выпрабаваньні і пакуты. Для вырашэньня праблемы энэргазабесьпячэньня неабходна перагледзець выкарыстаньне мясцовых крыніцаў. Так па меркаваньню навукоўцаў, запасы нафты ў Беларусі дастатковыя для забесьпячэньня нашай краіны, толькі трэба пракантраляваць, куды і як ідуць гэтыя рэсурсы. Газ, які атрымліваецца пры здабычы нафты, наагул толькі забруджвае паветра, а не выкарыстоўваецца на прызначэньню. Варта напомніць і пра тое, што наша рэспубліка адна з найбольш багатых краінаў ня толькі ляснымі рэсурсамі, але і воднымі запасамі. Але на прылаўках нашых крамаў знаходзяцца толькі прывазныя рыбныя прадукты. А пра існаваньне рачнога транспарту мы і ня чуем. Будаўніцтва гідраэлектрастанцый дапаможа вырашыць праблему энэргазабесьпячэньня і абараніць насельніцтва ад новых чарнобыльскіх выпрабаваньняў. А таксама дапаможа адрадзіць рачны транспарт. Акрамя гэтага, гідраэлектрастанцыі, іх будаўніцтва, а таксама будаўніцтва вадасховішчаў зьверне ўвагу на рыбныя рэсурсы нашай краіны. Ёсьць у Беларусі і досьвед будаўніцтва ветравых электрастанцый. Таму няма неабходнасьці ў атамнай энэргетыцы”.

Пра Радыё Свабода

Віктар Пятровіч Канцывенка, Рэчыца: “У мяне на Вас прапанова. Вы вельмі шмат адхіляецеся на непапулярную тэматыку не такую патрэбную грамадзтву, як хацелася б чуць. Больш аддавайце ўвагі эканамічным праблемам вобласьцей, рэгіёнаў. Таму што эканамічная сытуацыя цяпер накаляецца. Напрыклад, мінусоіда па імпарту складае 162 мільёна даляраў толькі за квартал. Вы ўяўляеце, што можа быць напрыканцы году?! Таму ня трэба гэтых паездак па вёсках, дзе пяюць, вершы складаюць… больш асьвятляйце эканамічную сытуацыю. То бок народ мала пра гэта ведае. Беларускае тэлебачаньне і радыё такую інфармацыю практычна не дае. У Вас вераць, таму давайце больш эканамічнай інфармацыі. Напрыканцы года нешта павінна ж грымнуць у гэтых справах. Усяго добрага”.

Спадар: “ Паслухаў Ваш “Сымбаль Веры,” і вось маці мая хоча сказаць, і хачу. Каб гэта прагучала для ўсіх беларусаў. У тыя гады, калі яна была вельмі малая, 14 гадоў, яна пешшу ішла ў Лучаі Пастаўскага раёна, каб паступіць у сельска-гаспадарчую школу, хаця яна была выдатніца ў сваёй школе. Але яе не прынялі, таму што яна была некаталічка. І тут настаўнік і ксёндз вельмі наваліліся на гэту дзяўчынку. якой было ўсяго 14 гадоў, каб яна перайшла ў каталіцкую веру. А я думаю, што Вы гэта не прапусьціце ў сваёй перадачы".

Спадар: “Ня часта прыходзіцца сядзець так позна, звычайна ўжо сплю. Ды вось пацікавіўся, што Вы даяце ў гэтай так званай “Начной Свабодзе”. Вось зь цяжкасьцю даслухаў урыўкі з гэтай … “Сапсаваныя” лялькі”. Звычайная балбатня! На ўзроўні, можа, 4-5 клясы. Дзеці б напісалі такое. Канечне, там свая “закваска” ёсьць, але гэта звычайная балбатня. Вось некалі запрашаў людзей, а Вы і абвестку не зрабілі, ну, можа, адзін раз, каб напісалі добрую песьню накшталт гімну, каб людзі зьбіраліся на плошчы і нешта аб’яднальнае сьпявалі. І дагэтуль нічога не сьпяваць. Вось Аляксандр Памідораў, зноў гэты грукат. Магу слухаўку паднесьці да прымача, паслухалі б самі. Ня ведаю, ці слухае Вас хто-небудзь у гэты час. Не было водгукаў на гэту начную Вашу перадачу. Увогуле, мне здаецца, што Вы шмат часу аддаяце гэтай пустой балбатні ”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Атрымаў сёньня Вас дыск “Начная чытанка”. Вялікі дзякуй. Некаторых пісьменьнікаў я ўжо паслухаў яшчэ раз. Бліжэйшымі днямі паслухаю ўвесь дыск у фірмовых навушніках. Апошні разьдзел “Начная каманда не разьвітваецца” не адкрыўся. Магчыма. Ён і не павінен адкрывацца. А з асабістых выказваньняў чальцоў каманды выступ Ягора Маёрчыка даволі дасьціпны: пісьменьнікі, аказваецца. звычайныя людзі, а зусім не жыхары нябёсаў. Як успрымаецца дыск іншымі людзьмі, якія ня слухаюць “Свабоду,” я не магу сказаць, бо ні з кім асабліва не кантактую. А вось параду даць магу. Парада мая такая: трэба выдаць дыск перадачаў Аляксандра Памідорава “Гукапіс,”.
XS
SM
MD
LG