Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўташколы ў Беларусі на мяжы банкруцтва


Ігар Карней, Менск Беларускія аўташколы, дзе навучаюцца будучыя кіроўцы, перажываюць не найлепшыя часы. Пра гэта наўпрост кажуць кіраўнікі ўстановаў. “Ураўнілаўка” ў аплаце іх паслугаў, якая адбіваецца на заробках супрацоўнікаў школаў, прывяла да цякучкі кадраў. Апроч таго, да 80% аўтапарку ўжо даўно выкарысталі свой рэсурс і аўташколы ў любы момант могуць збанкрутаваць.

У Менску блізу паўсотні аўташколаў. Адна з самых запатрабаваных – “Атлант-М”, беларускага дылера нямецкага канцэрну “Фольксваген”. Тут навучаюцца на 3-4-гадовых нямецкіх аўто, а не на старых “Жыгулях”.

Старыя “Жыгулі” ураўнялі з новыми “Фольксвагенамі”

Пастановай Савету Міністраў вызначаныя аднолькавыя памеры платы за навучальны працэс, незалежна ад формы ўласнасьці і ўмоваў навучаньня. Як кажа дырэктар аўташколы “Атлант-М” Сяргей Шубіч, ураўнілаўка ў коштах не прывяла ні да чога добрага:

“Калі летась я запісваў людзей на 2007 год, ахова была вымушаная выклікаць нарад міліцыі, каб суцішыць натоўп. Таму што пачалі проста адзін з адным біцца. Хтосьці запісаўся а 2-й ночы (пачаўшы папярэдні запіс у чаргу, як у савецкія часы), а хтосьці прыйшоў а 6-й раніцы. І сьпісы, сфармаваныя з ночы, парвалі. Калі мяне ахова выклікала ў 6.30, крычалі: гатовыя заплаціць мільён, запішыце!

Але я ня маю права ўзяць, бо на мяне адразу надзенуць кайданкі. Саўмін ацаніў нашу паслугу ў 589 670 рублёў, і ўсё. Чаму вы тады не пашыраецеся? Кажу, а за які, уласна кажучы, кошт пашырацца? Калі ў гэтую калькуляцыю ніводная арэнда не ўваходзіць! Я плачу за арэнду клясаў, за арэнду офіса, за арэнду аўтадрому. Я плачу блізу 3 тысяч даляраў штомесяц, аказваю паслугу насельніцтву, але яны ў калькуляцыю ня ўключаныя. І я плачу з прыбытковай часткі. Таму я і ў стратах”.

Цяпер кіраўнікі аўташколаў ня могуць самі вызначаць кампэнсацыю ад істотнага падаражаньня энэрганосьбітаў. Прыкладам, час практычнага кіраваньня павялічыўся ад 29 да 40 гадзінаў, а выдаткі на бэнзін фактычна не зьмяніліся. Пры тым, што калі год таму кошт паліва вызначалі з разьліку 53 цэнты, то цяпер АІ-92 каштуе 90 цэнтаў.

Фінансавую нястачу аўташколы мусяць кампэнсаваць коштам уразаньня заробкаў інструктараў, якія цяпер рэдка перавышаюць 250 даляраў. Першым прыкметным вынікам новаўвядзеньняў стала цякучка кадраў, якая пачалася ў аўташколах. Другім – якасьць падрыхтоўкі курсантаў, якія ўсё часьцей трапляюць у рукі да выпадковых выкладчыкаў.

На дарогах інструктары баяцца сваіх выхаванцаў

Вольга нядаўна закончыла аўташколу і прызнаецца: практычных ведаў атрымала надзвычай мала. Зацікаўленасьці з боку кіраўніцтва школы навучыць лепей не было, і нават яе былы інструктар не хаваў страху, убачыўшы яе на дарозе:

“Калі ён мяне ўбачыў, ён нават спыніўся і некалькі разоў перапытаў: ты сама езьдзіш? З такім намёкам, што, маўляў, пастаў машыну ля домa і хадзі пешшу”.

Карэспандэнт: “То бок, інструктар, які навучае кіраваньню аўтамабілем, сам ня ўпэўнены, што ягоныя вучні будуць калісьці езьдзіць?”

“Ён баіцца! Прынамсі, ён і не хаваў таго, што баіцца, што я ежджу. Бо яшчэ падчас навучаньня папярэджваў: вось ты іспыты здасі, але табе ўсё роўна гэтага вельмі мала, каб ты езьдзіла”.

Дырэктар аўташколы “Атлант-М” Сяргей Шубіч зьвяртае ўвагу на тое, што насамрэч трэба было б зрабіць зацікаўленым ведамствам. Перадусім, зірнуць, на якіх машынах у 90% школаў навучаюць курсантаў, заўтрашніх кіроўцаў:

“Атрымалася, як заўсёды… Я ня ведаю, зь якіх памкненьняў зыходзіла кіраўніцтва, уводзячы перадусім абмежаваньні ў суме аплаты паслугаў ды іншае. Лепей бы яны ўвялі абмежаваньні па тэрмінах эксплюатацыі машын. Але як толькі яны падлічылі, што калі ўвесьці абмежаваньне на вучэбныя машыны старэйшыя за 10 гадоў, то адразу (прынамсі, як сказалі ў “Транстэхніцы”) 80-90% школ перастане існаваць. Таму што парк у аўташколах – па 15-20 гадоў. І гэта лічыцца нібыта нармальным тэрмінам эксплюатацыі машын”.

Пры ўсім тым, ахвотных запісацца на курсы падрыхтоўкі кіроўцаў ня менее. Папярэдні запіс адбываецца за 3-4 месяцы, а ў тым жа “Атлант-М” – на паўгоду наперад.

• Cлонім: канфлікты й страйкі ў аўташколах, 17.05.2007 • Навучаньне ў аўташколах: “Усё будзе толькі даражэць, будзе толькі горш”, 16.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG