Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 20 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

На форумах парталу зьявілася галінка “Расейцы хочуць за газ $280”. Вось некаторыя развагі пра стан беларуска-расейскіх энэргетычных справаў.

“Дык калі ласка... Няхай хочуць. Хоць 380 даляраў. Ну дык няхай тады прыбіраюцца ўжо заўтра зь Вілейкі й Ганцавічаў. Ужо заўтра выведуць сваю сыстэму супрацьпаветранай абароны зь Беларусі, якая ў парушэньне Канстытуцыі і нэўтральнага статусу нашай дзяржавы знаходзіцца на нашай тэрыторыі. А перад тым як прыбрацца, цалкам аплацяць за ўвесь час іх знаходжаньня й абслугоўваньня. І атрымаюць цэны рынкавыя на транзыт”.

“З нашай “эфэктыўнай” вытворчасьцю, канечне, 280 умоўных адзінак удараць па прыбытках некаторай групы асобаў... толькі найхутчэй будзе, як у анэкдоце пра падвышэньне коштаў на цыгарэты: “Тата, цяпер ты будзеш меней паліць! – Не, дачушка, цяпер мы будзем меней есьці”.

“Гэта проста адметная рыса плебсу – жадаць усё адразу і на халяву. Увогуле ж кошты вызначае вытворца, адсюль ідзе паняцьце рынкавай цаны...”

Блогерка , якая цяпер жыве ў Брытаніі, піша пра свае ўражаньні ад наведаньня радзімы: “На Беларусі пасьля выданьня адпаведнага ўказу змагаюцца з карупцыяй. Пад гэтым разумеюць дачу хабару службовым асобам... Вось у маім родным горадзе асудзілі лекара, ён нібыта ўзяў хабар 20 тысячаў беларускіх рублёў. Цётка доўга хадзіла, спрабавала яму хабар даць, а ён ня браў. Але ўрэшце рэшт зьявілася міліцыя ды знайшла ў яго кішэні халата гэтую купюру. Ён кажа, што ня браў, праверце адбіткі пальцаў. Тым ня менш яго, дзядзьку гадоў пад 60, пасадзілі за гэтыя 10 даляраў у сьледчы ізалятар. Пасядзіць пару месяцаў, прысудзяць яму тыя ж 2 месяцы, выпусьцяць. У чалавека судзімасьць, а каму гэта трэба?”

На сайце абмяркоўваюць навіну пра тое, што ў гістарычным цэнтры Горадні зносяць флігель палаца віцэ-адміністратара, пабудаванага ў 1794 годзе. У флігелі былі сьцены, якія цалкам захаваліся, адну зь іх ужо зьнеслі. На гэтай пабудовы павінен паўстаць праваслаўны храм. Рэакцыі наведнікаў сайту:

“Неўзабаве будзем жыць, як у Менску... Сярод шэрых будынкаў... Вынік без вайны...”

“Чаму ва ўсіх краінах таньней правесьці СВОЕЧАСОВУЮ кансэрвацыю помніка і не бурыць яго, чым рабіць новабудоўлю? Чаму нашыя доблесныя ўлады даводзяць архітэктурныя помнікі да такога стану? Чаму ў такім горадзе з 350 архпомнікамі няма рэстаўрацыйнага прадпрыемства? Пытаньні без адказаў! Сёньня гарадзкая культура “дзякуючы” магілёўскім люмпэн-калгасьнікам і абыякавым гарадзенскім саўкам сапраўды стала больш “танная” на адзін помнік. Проста сорамна!»

«Калі валяць дамы эпохі Тызэнгаўза і на гэтым месцы ўзводзяць храм – гэта гэтулькі ж амаральна, як футбол на габрэйскіх могілках».

Літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына зьмяшчае рэцэнзію на кнігу “Японкі не старэюць і не тлусьцеюць” Уільяма Дойла і Наомі Марыяма. “Натуральна аўтары сьцьвярджаюць, што ў японцаў самы здаровы лад жыцьця – пры гэтым апісваецца, як спэцыяльныя людзі ў пальчатках літаральна бітком набіваюць пасажыраў у электрычкі, калі тыя едуць на працу, самыя лепшыя лядоўні – якія, звычайна, ставяць у пакоі, бо кухні ў іх памерам са шпакоўню, і натуральна самая здаровая ежа... Я, пакуль не прачытала кнігу, таксама ў гэта верыла. Але вывучэньне прадстаўленых рэцэптаў выклікала ў мяне шок. Практычна ва ўсе стравы японскія мамкі – а кніга менавіта пра мамчыну кухню – дадаюць салёны соевы соўс, воцат, цукар і сакэ. Больш таго, у беларусаў зь японцамі ёсьць адзін агульны салат: капуста, соль, воцат, цукар, алей. Можа ўсё ж менавіта беларуская кухня самая здаровая? А не жывуць беларусы доўга, бо ня бачаць сэнсу?»

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG