Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці замірацца Вялікабрытанія і Расея?


Кастусь Бандарук, Прага Расея заявіла аб сваім намеры выслаць з краіны чатырох брытанскіх дыпляматаў ў адказ на аналягічныя крокі афіцыйнага Лёндану.

Аб рашэньні Крамля паінфармаваў брытанскага амбасадара ў Маскве Энтані Брэнтана, а затым і журналістаў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік расейскага Міністэрства замежных справаў Міхаіл Камынін.

Камынін: "Паслу афіцыйна ўручаная нота аб тым, што чатыры супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Маскве аб''яўленыя пэрсонамі нон-грата. Яны павінны пакінуць тэрыторыю Расейскай фэдэрацыі цягам 10-ці дзён. Зробленыя Масквой крокі, як самі бачыце, маюць адрасны, узважаны і самы мінімальны, неабходны характар. Мы былі вымушаныя пайсьці на такі крок з улікам зробленага Лёнданам сьвядомага выбару на карысьць пагаршэньня адносінаў з нашай краінай".

Камынін дадаў, што Расея таксама спыніць выдачу візаў брытанскім афіцыйным прадстаўніком да часу, пакуль Лёндан не патлумачыць зьмены парадку выдачы брытанскіх візаў расейскім прадстаўнікам. МЗС Расеі заявіла, што супрацоўніцтва паміж брытанскімі і расейскімі сілавымі органамі ў галіне барацьбы з тэрарызмам стала немагчымым.

У сваю чаргу, міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Мілібэнд асудзіў рашэньне Масквы і выказаў расчараваньне тым, што Масква ня хоча супрацоўнічаць зь Лёнданам ў расьсьледаваньні сьмерці Літвіненкі і адмаўляецца выдаць Андрэя Лугавога.

Мілібэнд: “Гэта відавочна, што мы лічым высылку чатырох супрацоўнікаў нашай амбасады поўнасьцю неабгрунтаванай, і мы зробім усё магчымае каб яны і іхныя сем’і былі добра дагледжаныя”.

Прадстаўнік прэм’ера Майкл Элам заявіў, што ў пытаньні экстрадыцыі Лугавога Лёндан ня мае намеру адступаць і будзе ўздымаць гэтае пытаньне на міжнароднай арэне. Брытанскія ўлады падзякавалі за падтрымку з боку іншых краін. У прыватнасьці дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс заклікала Расею да экстрадыцыі Лугавога і супрацоўніцтва ў расьсьледаваньні справы Літвіненкі.

У сваю чаргу, выступаючы ў Малдове, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаў ўпэўненасьць у тым, што “з гэтым міні-крызісам мы справімся і расейска-брытанскія адносіны будуць разьвівацца нармальна”.
XS
SM
MD
LG