Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэмакратыі ў Беларусі больш, чым у многіх краінах Захаду”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

На працягу некалькіх мінулых месяцаў у розных рэгіёнах Беларусі пад кантролем мясцовай выканаўчай улады адбываліся ўстаноўчыя сходы грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”.

Многія палітыкі і палітолягі ўбачылі ў гэтым абрысы будучай “партыі ўлады”, якая ў пэрспэктыве можа быць створаная на аснове новай праўладнай грамадзкай арганізацыі.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Іван Антановіч з Гомелю:

“Калі міжнародныя структуры пачалі больш сур’ёзна цікавіцца правамі чалавека ў Беларусі, дык і ўлада стала крыху варушыцца. Але пры гэтым яна імкнецца зрабіць так, каб і козы былі сытыя, і сена цэлае. Вось таму і ствараюць партыю щлады — “Белую Русь”.

Не сумняюся, што ў яе ўвойдуць усе начальнікі — ад калгаснага брыгадзіра да старшыні аблвыканкаму. Адмоваў ня будзе, бо хто ж хоча, каб узьніклі праблемы з працай. Для народнага прадстаўніцтва намэнклятуру разбавяць простымі працаўнікамі, паабяцаўшы нейкія прывілеі. Словам, у выніку атрымаецца самая масавая партыя — поўная копія колішняй КПСС.

Такім чынам, да цалкам ляяльных уладзе прафсаюзаў, кампартыі, вэтэранаў, гайдукевіцкай ЛДПБ і БРСМ дадасца яшчэ адна масавая партыя. Пасьля гэтага можна аддаваць загад Палаце прадстаўнікоў, каб тая ўносіла папраўку ў Выбарчы кодэкс — уводзіла выбары па партыйных сьпісах, як гэта зроблена ва ўсіх цывілізаваных краінах, і нават у Расеі. Хоць насамрэч усё застанецца, як і было.

Але пад гэтай шыльдай можна будзе патрабаваць ад Эўропы і Амэрыкі адмены санкцыяў і пачатку супрацоўніцтва. Маўляў, мы ваша самае галоўнае патрабаваньне выканалі, цяпер чарга за вамі”.

Ня думаю, спадар Антановіч, што гэткім немудрагелістым чынам можна ўвесьці ў зман заходнюю супольнасьць. Дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, якой патрабуе Захад ад Менску, зусім ня зводзіцца да замены мажарытарнай сыстэмы на прапарцыйную.

Дарэчы, менавіта такой замены ніхто і не патрабуе. Выбары і без партыйных сьпісаў могуць быць сумленнымі і справядлівымі, а могуць цалкам фальшавацца. Як зрабіць так, каб выбарчая кампанія была справядлівай і дэмакратычнай, добра ведаюць і ў Менску, і на Захадзе. Уваход прадстаўнікоў апазыцыі ў склад выбарчых камісіяў, незалежнае назіраньне, роўны доступ да мэдыяў, аднолькавыя ўмовы для агітацыі — сьпіс можна працягваць…

Наколькі ўплывовай і магутнай сілай стане партыя ўлады (калі толькі дойдзе да яе стварэньня)? Згадка пра лёс КПСС — першае, што прыходзіць у галаву ў гэтым выпадку. Але, магчыма, беларускую намэнклятуру натхняюць іншыя узоры — напрыклад, досьвед Масквы зь ейнай праўладнай намэнклятурнай “Единой Россией”.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Гэтым разам слухач піша пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца тыя вясковыя жыхары, якія прадаюць дзяржаве малако:

“У вёсках Ляхаўцы, Асавая, Макраны часта здараецца так: раніцай малако забіраюць, а ўдзень вяртаюць назад ужо скіслае. І так калі не штодня, дык празь дзень. Бяруць толькі вечаровае, лічаць — ахалоджанае. А ранішняга не бяруць. Насельніцтва, вядома, незадаволенае, але пратэставаць не адважваецца: кожнаму патрэбная капейка.

Гэткая сытуацыя — ва ўсім Маларыцкім раёне. Але ў такім выпадку навошта прымаць малако, калі яно кепскае? Вядома, чаму так атрымліваецца. Вязуць гэтае малако ў Берасьце на завод, а гэта 70 кілямэтраў. А тут яшчэ сьпёка... Вядома, за гэты час яно згорнецца.

За польскім часам усё было па-іншаму. Малако перапрацоўвалі на месцы, у Макранскай малачарні. Выраблялі і масла, і сыры. Усё дастаўлялі ў Варшаву. Лядоўняў не было, дык клалі ў скрынкі лёд, загортвалі ў адмысловую паперу. І ўсё цудоўна захоўвалася. А ўсё чаму? Бо быў гаспадар. А цяпер такога гаспадара няма”.

Дыягназ ваш, спадар Сац, вычарпальны. Мушу заўважыць: там, дзе ў кіраўнікоў мясцовых калгасаў крыху болей прадпрымальнасьці, самастойнасьці й гаспадарскага разьліку, то і цяпер робяць гэтак жа: перапрацоўваюць малако (ды і мяса) на месцы, у сваіх цэхах.

Гэта і дадатковы прыбытак, і працаўладкаваньне сваіх людзей. І, галоўнае — усё на месцы, сыравіна паступае ў самым сьвежым выглядзе. Вядома, буйныя заводы ў абласных цэнтрах гэтым не задаволеныя: ім у выніку не хапае сыравіны, яны скардзяцца вэртыкалі, патрабуюць “націснуць” на ініцыятыўных калгасьнікаў. Але ці патрэбныя такія заводы, калі кожны раз сумняесься, ці ня скісьне малако, пакуль будзеш везьці яго па сьпёцы за дзясяткі кілямэтраў?

Ліст з украінскага Ужгараду. Нам піша Леанід Шчорс — пасьлядоўны крытык заходняй дэмакратыі ўвогуле і Радыё Свабода ў прыватнасьці.

“Мэта вашых перадачаў на Беларусь для мяне зразумелая: разбэсьціць як мага больш людзей. Вы пісьменныя і разумныя. Дзядзька Сэм дурням і гультаям плаціць ня будзе.

Але цікавы іншы факт. Вы знаходзіцеся ў Беларусі. Дзейнасьць кіраўніцтва краіны асьвятляеце толькі адмоўна, нават калі гэта дзейнасьць накіраваная на інтарэсы насельніцтва. Да мікрафона дапускаеце толькі незадаволеных уладай (а такія ў любой краіне заўсёды знойдуцца, нават у вашых улюбёных Злучаных Штатах).

Але ж факт, якога ніхто ня можа абвергнуць: Беларусь дзякуючы свайму прэзыдэнту Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, якога я вельмі паважаю, мае стабільную эканоміку і стабільнае грамадзтва. Ну, такіх асобаў, як Казулін, я ня лічу: бачыў па тэлевізары бойку зь ягоным удзелам.

Вы часта сьцьвярджаеце, што ва Ўкраіне дэмакратыя, парадак і г.д. Вы што — хочаце, каб у Беларусі быў такі ж бардак і такія ж палітычныя рэпрэсіі, як у нас? А што робіцца зь сельскай гаспадаркай? Усё разрабавана, у сёлах адны рэшткі былых фэрмаў. Наўкол быльнёг. Вы гэтага хочаце? На Лукашэнку трэба Богу маліцца, што захаваў краіну.

Вядома, праблемы ўсюды ёсьць. Вось вы хваліце Польшчу. А ўкраінскае тэлебачаньне паказала нядаўна ўсеагульны страйк польскіх дактароў. А вы маўчыце. Гэта што — падвойныя стандарты?

Так, Лукашэнка няўгодны Захаду, бо не танчыць пад іхную дудку. Ён самастойны, не халуй. Вось і ўвесь сакрэт. А дэмакратыі ў Беларусі больш, чым у многіх краінах Захаду, вы мне ўжо паверце. Дэмакратыя — гэта парадак у краіне”.

Да ліста спадар Шчорс прыклаў некалькі публікацыяў з украінскіх камуністычных газэтаў — пра тое, якіх эканамічных посьпехаў дасягнула Беларусь пры цьвёрдай уладзе Аляксандра Лукашэнкі.

Да мікрафона мы, спадар Шчорс, дапускаем тых, каму ёсьць што сказаць і чые меркаваньні могуць быць цікавымі й важнымі для беларускага слухача — незалежна ад таго, пагаджаемся мы з гэтымі меркаваньнямі ці не. Калі вы ўважліва слухаеце “Свабоду”, то не маглі не пераканацца ў тым, што мы пасьлядоўна прытрымліваемся гэтага прынцыпу.

Вядома, калі вы верыце толькі той інфармацыі пра Беларусь, якую зьмяшчае ваш камуністычны друк альбо беларускія афіцыйныя газэты — то ў вас узьнікае шмат пытаньняў.

Што ж, дарога ад Ужгараду да беларускай мяжы — не такая далёкая. Па якой бы беларускай шашы ні ехалі, збочце, праедзьце некалькі кілямэтраў далей ад прыдарожных пафарбаваных фасадаў — і запэўніваю вас, што ўбачыце і зарослыя быльнягом палеткі, і пакінутыя занядбаныя вёскі, і парожнія фэрмы бяз дахаў і вокнаў…

Што да вашага, спадар Шчорс, вызначэньня дэмакратыі як парадку ў дзяржаве. Парадак, згадайма, быў і ў гітлераўскай Нямеччыне — узорны нацысцкі парадак у лягерах сьмерці, у габрэйскіх гета, на прадпрыемствах, дзе працавалі рабы з паняволенай Усходняй Эўропы…

Парадак у дэмакратычнай дзяржаве — гэта парадак, які грунтуецца на законе, на свабодзе асобы і справядліва абранай народам уладзе. Такога парадку цяпер у Беларусі няма.

На заканчэньне кароткі ліст ад Міхаіла Лукашэвіча зь вёскі Вычулкі Берасьцейскага раёну:

“Вось вы там усё пра апазыцыю расказваеце, на вуліцу за дэмакратыю заклікаеце. Усё гэта добра. Але трэба вам выйсьці з вашых сутарэньняў на вуліцу і шырэй паглядзець на жыцьцё і на іншыя спосабы барацьбы за дэмакратыю. Людзей жа цікавіць не дэмакратыя, а іншыя рэчы. Вось, напрыклад, я вымушаны жыць на пэнсію 15 тысяч рублёў у месяц. Як выжыць? Вось што мяне цікавіць”

На вуліцу, спадар Лукашэвіч, мы нікога не заклікаем — гэтым займаюцца палітычныя партыі і грамадзкія рухі. Ваша справа — падтрымліваць такія заклікі ці не.

Што да сьцьвярджэньня пра тое, што людзям патрэбная не дэмакратыя, а дастатак у доме. Меркаваньне распаўсюджанае, не адзін вы яго часта паўтараеце. Ды толькі вось якая ўзаемазалежнасьць у сьвеце, пацьверджаная на прыкладзе дзясяткаў розных краінаў: калі няма ў дзяржаве дэмакратычнага ладу, няма і дабрабыту ў насельніцтва такой краіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG