Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым беларускі КДБ розьніцца ад спэцслужбаў краінаў Захаду?


Альгерд Невяроўскі, Менск На гэтае пытаньне Беларускай Свабоды сёньня адказвалі жыхары Менску. Такое пытаньне ім задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Калі тут адзін чалавек можа хутка замяніць іншага, то ў іншых краінах, відаць, так не бывае. Я ўчора чытаў, што Лукашэнка даў каманду ўсіх замяніць — каму мала да пэнсіі, каму на пэнсію. Абнавіць склад, бо не выконваюць сваіх функцыяў. А функцыі ва ўсіх кадэбэшнікаў адны й тыя ж ва ўсіх краінах. А ў нас чамусьці яны іх не выконваюць”.

Хлопец: “Відаць, у заходніх спэцслужбах лепшая арганізацыя працы. У іх спэцслужбаў лепшыя сувязі, больш глябальныя праблемы перад імі стаяць. А задача КДБ Беларусі — абарона цяперашняй улады ад таго, што ёй пагражае”.

Спадарыня: “Я ня ведаю пра спэцслужбы Захаду, таму нічога не магу вам сказаць”.

Спадар: “Напэўна, назвай”.

Спадар: “Я ня думаю, што павінен у нечым розьніцца. Задача ва ўсіх адна і тая ж — бараніць дзяржаву”.

Карэспандэнт: “Чым розьніцца Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі ад аналягічных спэцслужбаў краінаў Захаду?”

Спадар: “У нас патрыятызм, а там грошыкі”.

Хлопец: “Адрозьненьні ў падыходзе да мерапрыемстваў, мітынгаў. Бо што я бачыў у нас — гэта проста антыдэмакратычна”.

Спадар: “У нас больш жорсткія мэтады ў КДБ. Выклікаюць на размовы часьцей, чым у ЦРУ. ЦРУ усім сьведкам, што фігуруюць у справах, дае новыя кватэры, імёны, пашпарты, каб гарантаваць бясьпеку. А ў нас такога няма”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што нічым. Адна задача”.

Спадар: “Мне здаецца, што яны выконваюць адны і тыя ж функцыі. А чым розьняцца, я ня ведаю, бо там не працую”.

Спадар: “Спадчынай савецкай эпохі”.

Спадар: “Па-першае, назвай. Па-другое, наш КДБ — гэта спадчына Савецкага Саюзу. І розьніца ў састарэлых мэтадах. Натуральна, трэба браць прыклад зь іншых спэцслужбаў і мяняць назву”.
XS
SM
MD
LG