Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Яшчэ адна абвінавачаная ў справе “Маладога Фронту”</B>


Любоў Лунёва, Менск Актывістку “Маладога фронту” Насту Азарку зь Нясьвіжу выклікалі ў Менскую абласную пракуратуру і ўручылі афіцыйнае абвінавачаньне — удзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Наста стала трэцяй рэгіянальнай актывісткай, якой пагражае зьняволеньне. У жніўні ў Салігорску будуць судзіць Івана Шылу, абвінавачаньне прад’явілі Яраславу Грышчэню ў Баранавічах.

Наста Азарка падчас допыту ў абласной пракуратуры атрымала афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту”.

Сьледчы Вітольд Аляксееў паведаміў дзяўчыне, што пакуль ня будзе перадаваць справы ў суд. Ён падоўжыў тэрмін сьледзтва яшчэ на адзін месяц.

Наста Азарка апавяла “Свабодзе”, што для яе сёньняшні допыт ня стаўся нечаканым:

“Паводле факту абвінавачаньня я скажу, што не зьдзіўляюся гэтай справе. Думаю, што па затрыманьнях, агульным становішчы ў краіне гэтага трэба было чакаць. Гэтая справа тычыцца ня толькі мяне асабіста, але і ўсяго “Маладога фронту”, тых хлопцаў, над якімі цяпер ідуць працэсы, якіх таксама абвінавачваюць. Думаю, што гэтыя справы яшчэ будуць працягвацца”.

Насту Азарку некалькі разоў затрымлівалі міліцыянты за ўдзел у вулічных акцыях. Яе прыцягвалі да адказнасьці за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на вуліцах Нясьвіжу.

У пракуратуру дзяўчыну выклікалі па тэлефоне менавіта ў той дзень, калі зь Менску стартаваў аўтапрабег на знак салідарнасьці з маладафронтаўцамі. У Нясьвіж удзельнікі акцыі паехалі, каб падтрымаць Насту Азарку.

Павал Севярынец: “Гэта чарговы ўдар рэжыму па моладзі”
Гаворыць Павал Севярынец:

“Невыпадкова Наста атрымала абвінавачаньне паводле 193-га артыкулу менавіта ў той дзень, калі мы праводзілі прабег салідарнасьці зь сябрамі “Маладога фронту”. Яшчэ чатыры крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, у тым ліку новая па Зьмітру Дашкевічу — гэта чарговы ўдар рэжыму па моладзі.

Але “Малады фронт”не спыніць, нават, калі адабралі машыны, затрымлівалі за гэтыя двое сутак нас па ўсёй Беларусі, былі задзейнічаныя вялізныя сілы міліцыі. Настолькі баяцца духу і моцы маладафронтаўцаў”.

Наста Азарка мусіць зьяўляцца на допыты ў Менскую абласную пракуратуру. Ад яе не патрабавалі падпіскі пра нявыезд, як гэта было ў справе Івана Шылы. Шаснаццацігадовага Івана будуць судзіць у Салігорску ў жніўні.

Пяцёх менскіх актывістаў “Маладога фронту” напрыканцы траўня аштрафавалі й далі папярэджаньні.

Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтара году зьняволеньня ў шклоўскай турме.

• Нясьвіж: Насьці Азарцы выставілі абвінавачаньне, 20.07.2007 • Пачасьціліся допыты маладафронтаўцаў у рэгіёнах, 4.06.2007 • Маладафронтаўцы застануцца на волі, 29.05.2007 • Зянон Пазьняк: “Моладзь - у эпіцэнтры змаганьня”, 28.05.2007 • Наста Азарка: “Цяперашнім дарослым палітыкам не стае запалу”, 11.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG