Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>“Газпром” пагражае павялічыць кошт газу да 280 даляраў?</B>


Радыё Свабода У Маскве працягваюцца перамовы прадстаўнікоў расейскага “Газпрому” і беларускага “Белтрансгазу”. Беларуская дэлегацыя, якая знаходзіцца там ужо некалькі дзён, просіць у расейскага манапаліста адтэрміноўкі з аплатай газу.

Абодва бакі пацьвярджаюць факт перамоваў і іх галоўную мэту. Але пра падрабязнасьці і ў Маскве, і ў Менску гаварыць адмаўляюцца. Прынамсі, у прэсавай службе канцэрну “Газпром” адбылася такая размова з Радыё Свабода:

“Вы ведаеце, пакуль няма ніякай інфармацыі”.

“А перамовы скончыліся ці працягваюцца?”

“Нават пра гэта я не магу вам сказаць. Вам патрэбна размаўляць з Купрыянавым, нашым прэсавым сакратаром”, — адказала прадстаўніца прэсавай службы

У прыёмнай Сяргея Купрыянава мне паведамілі:

“А ён у адпачынку”.

Аднак са словаў першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі вядома, што Беларусь мусіць разьлічыцца за даўгі да 23 ліпеня.

Запазычанасьць узьнікла таму, што ад пачатку году Беларусь, паводле дамоўленасьці з “Газпромам”, плаціла за кожную тысячу кубоў газу не 100 даляраў, а толькі 55. Адсюль і зьяўленьне доўгу, які набліжаецца да 500 мільёнаў даляраў.

280 даляраў за тысячы кубамэтраў?

Аднак, паводле расейскай газэты “Взгляд”, “Газпром” просіць беларусаў ня толькі разьлічыцца з даўгамі, але і пагражае павялічыць кошт за тысячу кубоў газу да 280 даляраў.

Намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін, які сочыць за перамовамі, такога варыянту не адкідае:

“Ідзе нармалёвы гандаль. Гандаль натуральны. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне разумеюць, што кошты на газ маюць падвышацца. Хаця б таму, што яны падвышаюцца і ў Расеі.

А зь беларускага боку, як я разумею сытуацыю, ёсьць натуральнае жаданьне зрабіць дынаміку падвышэньня цэнаў больш паступовай. І ў гэтым якраз і ёсьць існасьць гандлю. “Газпром” павінен даць пэўны прагноз — як ён будзе падвышаць кошты, каб былі да гэтага падрыхтаваныя”.

Беларускія прадпрыемствы і ў першай палове 2007 году плацілі беларускай дзяржаве поўныя кошты за газ.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, грошы, якія сабраліся коштам розьніцы ў цэнах, а таксама тыя 625 мільёнаў даляраў, што “Газпром” сёлета пералічыў за акцыі “Белтрансгазу”, знаходзяцца быццам бы на спэцыяльным рахунку Нацыянальнага банку Беларусі.

Грошы для разьлікаў ёсьць?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук пацьвярджае, што грошы для разьлікаў ёсьць: Міністэрства фінансаў Беларусі штомесяц рапартуе пра вялікі прафіцыт бюджэту, які даходзіць да 5—6% валавога ўнутранага прадукту. Чаму ж тады ўрад ня хоча пагасіць запазычанасьць “Газпрому”?

Спадар Раманчук цьвердзіць:

“Тое, што ўрад ня можа разьвітацца з гэтымі грашыма, сьведчыць пра тое, што ён ня ведае, як узяць з эканомікі гэтыя даляры, каб гэта не паўплывала на валютны курс і не прывяло да рызыкі дэвальвацыі”.

Тым часам Расея падрыхтавала яшчэ адзін сюрпрыз — яна адразу на 10% узьняла нафтавае мыта. Што гэта значыць для Беларусі?

Яраслаў Раманчук гаворыць, што Беларусі вельмі нявыгадна, каб яе нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы прастойвалі:

“У нас прынятая пастанова, што ўрад кампэнсуе расейскім экспартэрам нафты ў Беларусь 90% мыта. Ад 180 даляраў — гэта адна сума. Цяпер яна ўзрасьце. Значыць, зь бюджэту краіны запатрабуецца больш грошай, каб плаціць нафтаперапрацоўчаму комплексу”.

• У.Сямашка: “Напэўна, я прайшоў па лязу нажа", 19.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG