Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine”: Беларускія ратацыі, альбо Лукашэнка супраць уласнага КДБ


Радыё Свабода Уплывовае нямецкае выданьні камэнтуе апошнія кадравыя зьмены ў беларускім Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.

“Лукашэнка прыгразіў сваім патэнцыйным праціўнікам, што адсячэ ім рукі да плечаў. Гэтым разам ён меў на ўвазе зусім не апазыцыю, якая цяпер у выніку расколу наўрад ці небясьпечная для рэжыму. Размова ішла пра Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, які дагэтуль меў вялікі аўтарытэт як апірышча дыктатуры”, — піша “Frankfurter Allgemeine”.

Паводле выданьня, звольненым на гэтым тыдні кіраўніку КДБ Сьцяпану Сухарэнку і ягонаму намесьніку Васілю Дземянцею не дапамагла нават чарговая перамога над падступным праціўнікам —польскімі шпіёнамі.

Не ўратавалі Сухарэнку і яго папярэднія заслугі — тыя ж затрыманьні гэтак званых тэрарыстаў напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, “відавочна сасьпеў канфлікт, які мае эканамічныя вытокі. Рабіць у Беларусі штосьці без дазволу можа толькі адзін чалавек, які знаходзіцца на вяршыні ўладнай піраміды. Супраць таго, хто хоча вяршкі зьлізваць, дыктатар скіроўвае сваю цяжкую артылерыю і выкарыстоўвае прымусовую ратацыю. У чэрвені паводле абвінавачаньня ў карупцыі затрымалі высокіх чыноўнікаў КДБ”.

Паводле выданьня, “Лукашэнка, аднак, ня стаў крытыкаваць усю “кантору” агулам. Нарэшце, яму патрэбныя ўласныя прэтарыянцы ў барацьбе супраць дэмакратаў”.

Цяпер забясьпечваць парадак сваёй “жалезнай мятлой” павінен 52-гадовы кадравы афіцэр Жадобін. Як піша нямецкая газэта, “неўзабаве трэба чакаць чарговых ратацыяў, і ня толькі ў КДБ”.

“Пасьля таго, як Расея спыніла танныя пастаўкі энэрганосьбітаў, для Беларусі настае складаны час… Ня так даўно ўрад вымушаны быў скасаваць сацыяльныя льготы для такіх катэгорыяў, як пэнсіянэры, студэнты, ліквідатары Чарнобылю. Падобныя захады закрануць да 2008 году сем зь дзесяці мільёнаў насельніцтва”, піша “Frankfurter Allgemeine”.

Паводле выданьня, надалей Лукашэнку спатрэбяцца новыя ахвярныя казлы, якія б адказалі за так званыя беспарадкі.
XS
SM
MD
LG