Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абвешчаны саюзны конкурс на стварэньне помніка Фёдару Дастаеўскаму ў нашым Дастоеве”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 20 ліпеня ў розныя гады мінулага.

“Советская Белоруссия” ў 1947 годзе піша да Дня фізкультурніка: “Ва ўмовах панскай Польшчы спорт зьяўляўся прывілеем багатых, а рабоча-сялянская моладзь, задаўленая эксплюатацыяй, не магла і думаць аб фізычнай культуры. Толькі пасьля таго, як на Піншчыне ўсталявалася савецкая ўлада, фізычная культура зрабілася сапраўдным народным рухам. Там, дзе ніколі раней ня бачылі спартовых пляцовак і інвэнтару, цяпер створаны і працуюць цэлыя калектывы”.

Год 1957. “Колхозная правда” ў рэдакцыйным артыкуле зьвяртае ўвагу: “Працай ільноцерабільшчыкаў павінны пастаянна цікавіцца партыйныя арганізацыі. Яны мусяць сістэматычна дасылаць да людзей, што абслугоўваюць агрэгаты, агітатараў для правядзеньня гутарак, чытак газэт, падвядзеньня вынікаў спаборніцтва... Давайце ж, таварышы ільноцерабільшчыкі, папрацуем так, каб аказаць калгасьнікам істотную дапамогу ва ўборцы ільну. Гэта будзе нашым працоўным падарункам 40-й гадавіне Вялікага Кастрычніка...”

На гэтым тыдні 1997 году намесьнік міністра культуры Уладзімер Рылатка выказваецца ў “Культуры” пра дачу Рэпіна ў Здраўневе: “Відаць, экспазіцыя будзе ўмяшчаць у сабе вось гэты трыадзіны дух народаў Расіі, Украіны, Беларусі, бо ў рэпінскай душы ўсё гэта спалучаецца нейкім своеасаблівым чынам... Словам, “рэпінскі” праект варты шырокамаштабнай, агульнай праграмы. Як, напрыклад, цяпер абвешчаны саюзны конкурс на стварэнне помніка Фёдару Дастаеўскаму ў нашым Дастоеве”.
XS
SM
MD
LG