Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 19 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

На форумах парталу абмяркоўваюць навіну: кіраўнік краіны жорстка папярэдзіў супрацоўнікаў КДБ пра недапушчальнасьць зрошчваньня з бізнэсам. “А што тычыцца асобных камэрцыйных памкненьняў, дык ведайце, рукі паадсякаем да плячэй”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новага старшыню КДБ Юрыя Жадобіна. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Рашыў КДБ ператрахнуць...”

“Няхай заб’е сябе ап Фэлікса”.

“Пакуль Лукашэнка меў мільярды расейскіх нафтадаляраў, ён яшчэ ўяўляў аўтарытэт для атлусьцелай “братвы” сілавікоў. Але цяпер ён усё болей яго губляе, яго перастаюць баяцца, бачыць яго бясьсільле, млявыя спробы кшталту: “Ломаць – ідзі й разьбярыся!” – прыводзяць да такіх разборак і супрацьстаяньняў тых самых спэцслужбаў, у якіх сваё войска, фінансы, улады і г.д. Ня горш, чым у Лукашэнкі”.

“Лукашэнка з КДБ не сябруе? Ну-ну, паглядзім хто каго. Хто ня ведае – наша ГБ насамрэч прамаскоўскае – афіцэры стажыроўку ў Маскве ў ФСБ праходзяць. Ня выключана, што сярод іх могуць быць і расейскія агенты”.

У суполцы Жывога журналу зьявіўся новы палітычны каляж з нагоды адстаўкі былога старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Верка Сярдзючка з тварам, як у Аляксандра Лукашэнкі, сьпявае: “I want to sing, Сьцёпа, гудбай”.

На сайце адзін з чытачоў пакінуў такі камэнтар да артыкулу пра тое, што ўкраінскія ўлады маняць, кажучы, быццам фосфарнай хмары не існуе: “Я зараз знаходжуся ў Луцку і магу пацьвердзіць, што ўкраінская ўлада хлусіць свайму народу. Сам бачыў над Луцкам фосфарную хмару у той час, калі цэнтральныя ўлады казалі, што раён паражэньня – 90 квадратных кілямэтраў. А Луцк ад месца здарэньня знаходзіцца больш за 100 кілямэтраў. Паўсюль па горадзе чуваць пах часнаку – характэрны пах фосфару. Учора на маіх вачох маладому хлопцу на вуліцы стала кепска».

Публіцыст Аляксандар Тамковіч піша ў суполцы Жывога журналу “Наконт цьверджаньня пра тое, што “талеркі” выкарыстоўваюцца найперш дзеля прагляду порна й спорту, дык тут я пагаджаюся толькі часткова. Магчыма, для гэтых мэтаў спадарожнікавыя антэны ў нас і зьявіліся. Але цяпер порна й спорту хапае й бязь іх. Бянтэжыць іншы нюанс – “талеркі” зьявіліся задоўга да зьмены ўлады, а ўзяліся за іх толькі цяпер... Дарма некаторыя мяркуюць, што ўсё гэта ня мае дачыненьня да Менску. Яшчэ як мае... толькі ў Менску месьціцца галаўны завод акцыянэрнага таварыства “Гарызонт”, якія будзе выпускаць “правільныя” спадарожнікавыя антэны".

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG