Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта таталітарным рэжымам патрэбныя пакаяньні?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Іранскае тэлебачаньне паказала пакаяньні двух іранцаў, якіх падазраюць у шпіянажы на карысьць ЗША.

Прызнаньні іранцаў Халефа Эсфандыяры і Кіяна Тайбахша суправаджаліся сцэнамі рэвалюцыяў ва Ўкраіне, Кыргыстане і Грузіі. Камэнтатары зьвязвалі падзеі ў гэтых краінах са спробамі ЗША зьмяніць сытуацыю ў Іране.

Сучасная гісторыя Беларусі таксама ведае прыклады публічнага пакаяньня грамадзянаў. Сёлета беларускае тэлебачаньне трансьлявала пакаяльныя прызнаньні былога ўдзельніка праграмы Каліноўскага студэнта Міхайлава.

Паказвалі па тэлевізіі й прызнаньні былога вайскоўца Раскіна, які пагадзіўся супрацоўнічаць з польскай выведкай.

Навошта беларускаму рэжыму патрэбныя публічныя пакаяньні?

Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч згадвае выпадкі з адвакацкай практыкі:

“Бо важна ня толькі апанэнта перамагчы, але паказаць і тое, што ён зламаўся ўнутры, падпарадкаваўся ўладзе. Гэта для дыктатуры нават больш важна.

На прыкладзе Аляксандра Казуліна скажу, што такія спробы таксама былі. І ня толькі адносна яго. Ведаю, што асабіста вязьняў ці іх сваякоў заклікалі напісаць лісты да Лукашэнкі, каб ён іх памілаваў. Але, наколькі мне вядома, ніводны гэтага не зрабіў”.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што практыка публічных пакаяньняў сьведчыць пра недэмакратычнасьць палітычнага рэжыму:

“Нагадаю, што падобныя пакаяньні выкарыстоўваліся яшчэ ў Савецкім Саюзе, прыкладам, падчас бухарынскага працэсу. Яны патрэбныя дзеля таго, каб запэўніць людзей у аб’ектыўнасьці, у законнасьці перасьледу іншадумцаў.

Але міжнародная супольнасьць зь недаверам ставіцца да такіх фактаў пакаяньня. Іх ацэньваюць як доказ ілжы, доказ ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва”.

Мікалай Статкевіч удакладніў, што ўлада нават не прапаноўвала яму пакаяцца, бо ўсе ведаюць пра ягоную прынцыповасьць:

“Таталітарныя грамадзтвы вымагаюць, каб ім далі адну бясспрэчную праўду, носьбітам якой ёсьць улада. Перашкаджае гэтаму апазыцыя. Таму апазыцыю трэба альбо зьнішчыць, альбо паказаць яе нікчэмнасьць.

Адной з формаў доказу манаполіі ўлады на праўду ёсьць пакаяньне апазыцыі. Дзеля гэтага патрэбная публічнасьць. Заўважце, што калі дысыдэнты 1970-х гадоў перасталі каяцца публічна, працэсы над імі сталі закрытымі.

Улады хацелі б дамагчыся пакаяньня і ад беларускай апазыцыі, але не ўдаецца. І тады ўжываюць спосабы ілжэпакаяньня. Бяруць нікому невядомага чалавека і паказваюць яго на экране, дзе ён распавядае, як трэба пацукамі атручваць ваду альбо як ён прадаваў радзіму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG