Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Куды рушыла фосфарнае воблака, дагэтуль невядома


Ігар Карней, Менск Мы працягваем сачыць за сытуацыяй вакол аварыі грузавога цягніка з фосфарам у Львоўскай вобласьці і атрутным воблакам, якое ўтварылася ў выніку гарэньня рэчыва. Цяпер падымаюць цыстэрны з жоўтым фосфарам і аднаўляюць чыгунку.

Украінскія інфармацыйныя агенцтвы перадаюць, што шпіталізаваныя 145 чалавек, зь іх 43 — дзеці. Тым часам прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка абвінаваціў Кабінэт міністраў у замоўчваньні рэальных наступстваў аварыі.

Прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі Віталь Навіцкі паведаміў сёньня, што пакуль пагрозы для тэрыторыі й насельнікаў краіны няма. Паводле яго, беларускія спэцыялісты знаходзяцца ў кантакце з украінскімі калегамі.

У аддзеле мэтэапрагнозаў рэспубліканскага Гідрамэтэацэнтру лічаць, што атрутнае воблака рухаецца ня ў бок Беларусі. Прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Украіны заяўляюць, што фосфарнае воблака ўжо не існуе.

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Беларусі ня маюць дакладнай інфармацыі пра маршрут руху фосфарнага воблака. Але там патлумачылі, пры якіх абставінах воблака можа быць небясьпечным для Беларусі.

Гаворыць намесьнік міністра Аляксандар Апацкі:

“Што да самаго воблака, то нам дагэтуль ня могуць дакладна адказаць: ёсьць яно ці не — менавіта як воблака сфармаванае, альбо гэта нейкія парэшткі. Бо вядома, што асноўная маса асела на населеныя пункты блізу месца аварыі.

Але нават пры самым нэгатыўным разьвіцьці сытуацыі, калі і ружа вятроў будзе ў бок Беларусі, і хуткасьць, і дождж якраз трапіць на куток Беларусі, перадусім на Берасьцейшчыну, то воблака як такое нічым ня страшнае. Прайшло, пакруцілася і адышло.

А вось ападкі з воблака разам з дажджом небясьпечныя, бо могуць трапіць у ваду. Ад рэакцыі зь вільгацьцю ў воблаку можа ўтварыцца пара фосфарнай кіслаты, але калі кіслата нават трапіць у воднае асяродзьдзе, то ўсё залежыць ад яе канцэнтрацыі”.

Дырэктар Кіеўскага экалягічна-культурнага цэнтру Ўладзімер Барэйка сёньня заявіў, што воблака пайшло на паўночны захад. На думку эколяга, яно можа пайсьці як на палескія вобласьці Ўкраіны, так на Беларусь і Польшчу. Барэйка нават выказаў меркаваньне, што атрутныя рэчывы ўжо выйшлі за межы Львоўшчыны.
XS
SM
MD
LG