Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нью-Ёрку пахавалі паліцыянта Цімашэнку — ураджэнца Беларусі


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Нью-Ёрку на Мараўскіх могілках у Стэйтан-Айлэндзе адбылося пахаваньне 23-гадовага паліцыянта, ураджэнца Бабруйску Расэла Цімашэнкі. Словы спачуваньня бацькам Расэла выказалі мэр Нью-Ёрку, палітыкі, калегі, жыхары гораду.

Сям’я Цімашэнкаў эмігравала зь Беларусі ў ЗША на пачатку 1990-х. Пасьля сканчэньня паліцэйскай акадэміі ў студзені 2006-га Расэл Цімашэнка трапіў на службу ў 71-шы ўчастак Брукліну. За паўтара года афіцэр зрабіў пятнаццаць асабліва складаных затрыманьняў.

У панядзелак 9 ліпеня падчас патрульнай службы Расэл спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны ў твар. Увесь час пасьля раненьня паліцыянт знаходзіўся ў коме. Расэл Цімашэнка памёр у суботу 14 ліпеня.

У сваім спачувальным слове мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг сказаў, што “сам ён, як бацька, нават блізка ня можа ўявіць сабе гора бацькоў Расэла — Леаніда і Тацяны Цімашэнкаў”. “Гэтыя людзі страцілі адзінага сына, аднак я хачу, каб яны ведалі, што Расэл быў сапраўдным героем”, заявіў мэр.

“Гэта ўжо дзявяты выпадак у час майго знаходжаньня на пасадзе мэра, калі злачынцы забіваюць паліцыянта. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб у часе маёй далейшай працы не адбылося дзясятага пахаваньня. Мы зробім усё, што ад нас залежыць, у памяць пра гэтага цудоўнага паліцыянта”, – сказаў Майкл Блумбэрг.

Паводле словаў нью-ёрскага мэра, усе паліцыянты былі застрэленыя крымінальнікамі зь незаконна набытай зброі. Блумбэрг настойвае на жорсткіх заканадаўчых актах. Мэр крытыкуе тых палітыкаў з Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якія лічаць адпаведнае пакараньне на тры з паловай гады турмы вельмі жорсткім. Блумбэрг раіць гэтым палітыкам наведаць сям’ю загінулага паліцыянта.

У аўторак імёны забойцаў Расэла Цімашэнкі былі афіцыйна аб’яўленыя ў Бруклінскім акружным судзе. Гэта Дэкстэр Бостык, Робэрт Эліс і Лі Вудз, якія належаць да адной зь нью-ёркскіх крымінальных груповак.

Лі Вудз у часе затрыманьня прызнаўся дэтэктывам, што ў тую трагічную ноч, калі яны стралялі ў Цімашэнку і ягонага напарніка, яны мелі прадаць нелегальна набытыя пісталеты іншым крымінальнікам. Бостыку, Элісу і Вудзу выставілі абвінавачаньне ў наўмысным забойстве.

Паводле фэдэральнага заканадаўства, такія дзеяньні караюцца электрычным крэслам альбо ўвядзеньнем сьмяротнай іньекцыі. Аднак некалькі гадоў таму у штаце Нью-Ёрк аб’явілі мараторый на сьмяротнае пакараньне. Максымум, што чакае абвінавачаных – пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права на амністыю.

На агучваньне абвінавачаньня ў Бруклінскі суд прыйшлі чатырыста нью-ёркскіх паліцыянтаў, Тацяна і Леанід Цімашэнкі, а таксама сваякі злачынцаў.

Паводле нью-ёркскіх выданьняў, калі ў залю ўвялі абвінавачаных, многія паліцыянты не вытрымлівалі і называлі іх “нелюдзямі”, “падонкамі” й “адкідамі”.

“Мне трэба ўсяго пяць хвілінаў. Мне ня трэба ні пісталета, ні нажа. Я проста парву іх на кавалкі”, — гаварыла Тацяна Цімашэнка.

Пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня, калі скутых ланцугом злачынцаў накіравалі ў турму, бацька забітага паліцыянта Леанід Цімашэнка сказаў:

“Іхныя сваякі праходзілі паўз нас і глядзелі на нас так, быццам мы вінаватыя ва ўсім”.

Паводле нью-ёркскіх паліцыянтаў, яны не пакінуць без увагі сям’ю загіблага калегі.

У аўторак і сераду ў Дом рытуальных паслугаў ў Брукліне, дзе знаходзілася труна зь целам паліцыянта, на разьвітаньне з Расэлам прыйшлі сотні ўдзячных яму жыхароў Нью-Ёрку.

Шмат людзей прысутнічалі на адпяваньні Цімашэнкі ў Бруклінскай праваслаўнай царкве ды на сёньняшняй урачыстай цырымоніі пахаваньня на Мараўскіх могілках у Стэйтан-Айлэндзе.

Нью-Ёрк, 19.07.2007. Пахаваньне Расэла Цімашэнкі. Калегі не хаваюць слёзаў Калегі не хаваюць слёзаў. Фота Todd Heisler/The New York Times

Нью-Ёрк, 19.07.2007. Пахаваньне Расэла Цімашэнкі. Бацька Расэла Леанід Цімашэнка Бацька Расэла Леанід Цімашэнка. Steve White/Advance photo
XS
SM
MD
LG