Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцак: прадпрымальнікі пратэстуюць супраць гігіенічных сэртыфікатаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты рады прадпрымальнікаў Слуцку наведалі чыноўнікаў гарвыканкаму. Яны дамагаюцца перагляду палажэньня Міністэрства аховы здароўя пра абавязковую гігіенічную сэртыфікацыю тавараў. Прадпрымальнікі церпяць з-за гэтага палажэньня вялікія страты. Калі ўлады не прыслухаюцца да іх патрабаваньняў, бізнэсоўцы зьбіраюцца распачаць агульнанацыянальны страйк.

У Слуцку ўлады пачалі караць прыватных прадпрымальнікаў, якія ня маюць гігіенічных сэртыфікатаў на свой тавар.

Міністэрства аховы здароўя ўвяло гэтую норму некалькі месяцаў таму. З пачатку чэрвеня ў розных гарадах краіны пачаліся адпаведныя праверкі на рынках. У прадпрымальнікаў, што ня маюць гігіенічных сэртыфікатаў, канфіскоўваюць тавар і караюць штрафамі.

Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, у некаторых рэгіёнах сканфіскаваны тавар рэалізоўваецца праз гандаль сыстэмы “канфіскат”.

Слуцкія прадпрымальнікі вырашылі пратэставаць. Сёньня яны сустрэліся з чыноўнікамі гарвыканкаму.

Гаворыць старшыня Рады прадпрымальнікаў Слуцку Соф’я Мецяшова:

“Гігіенічная сэртыфікацыя на сёньня проста невыканальная ў такім выглядзе, у якім яна прапанаваная Міністэрствам аховы здароўя.У нас адзіны цэнтар гігіены — у Салігорску. Там працуе пяць чалавек, экспэртыза зацягваецца на месяц. Як можна атрымаць сэртыфікат хутка? А толькі ў Слуцку дзьве з паловай тысячы прадпрымальнікаў”.

Асабліва пакутуюць ад гэтага новаўвядзеньня гандляры сэзонным таварам. Паводле Соф’і Мецяшовай, гарадзкія ўлады са зразуменьнем паставіліся да патрабаваньняў прадпрымальнікаў зьмяніць правілы выкананьня сэртыфікацыі.

Але вырашыць гэтае пытаньне на карысьць прадпрымальнікаў слуцкія ўлады ня могуць. Таму прадпрымальнікі зьбіраюцца прыехаць у Менск і пратэставаць у абласным выканкаме.

Лідэр кампаніі “За свабоднае прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў гаворыць, што такія ж праблемы і ў прадпрымальнікаў зь іншых рэгіёнаў Беларусі:

“Я думаю, што трэба трохі пачакаць, паглядзець, як будзе ўсё гэта працягвацца ў рэгіёнах. Калі працэс ня спыніцца, то, магчыма, у верасьні будзе ставіцца пытаньне пра агульнанацыянальны страйк”.

Паводле Віктара Гарбачова, прадпрымальнікі будуць патрабаваць ня толькі адмены гігіенічных сэртыфікатаў, але й адмены ўказу №760 Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога з 1 студзеня 2008 году бізнэсовец зможа наймаць на працу толькі сваякоў.
XS
SM
MD
LG