Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Потэр выратаваў беларускі ліцэй?


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску адбылася прэм’ера мастацкага фільму “Гары Потэр і ордэн Фэнікса” паводле аднайменнага раману Джоан Роўлінг.

Кніга выйшла летам 2003 году, калі беларускія ўлады фактычна пазбавілі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа будынку і спрабавалі прызначыць сваё кіраўніцтва. Ліцэісты адразу ж заўважылі, што фантастычны сюжэт пра школу Хогвардз, дзе вучыцца Гары Потэр, вельмі нагадвае сытуацыю вакол Беларускага ліцэю. Ліцэісты нават запрасілі ангельскую пісьменьніцу ў Беларусь.

У пятай кніжцы пра Гары Потэра нават згадваецца Менск. “Я нарваўся на шалёных троляў на польскай мяжы і ў Менску ледзь не пасябраваў у бары з вампірам — а так было ўсё гладка...”

Дарэчы, у 2003-м новы бэстсэлер “Гары Потэр і ордэн Фэнікса” навучэнцы Беларускага ліцэю пачалі чытаць па-ангельску, нават не дачакаўшыся перакладу. І ўгледзелі там шмат цікавых паралеляў.

Апавядае тагачасны ліцэіст Франак Вячорка:

“Тады ўся Беларусь чытала “Гары Потэра”, таму што ўсё лета 2003 году прайшло пад знакам абароны ліцэю. Мы тады зладзілі шмат акцыяў. Кніжка пра Гары Потэра толькі паспрыяла таму, што праблема ліцэю выйшла на першы плян усяго беларускага грамадзтва.

Зьявіліся публікацыі ў вядучых беларускіх газэтах, першая паласа “Комсомольской правды в Белоруссии” была прысьвечаная паралелям паміж кнігай Джоан Роўлінг і Беларускім ліцэем”.

Сюжэт “Гары Потэра і ордэну Фэнікса” такі: у школу Хогвардз Міністэрства магіі прызначыла новую дырэктарку Амбрыдж, якая абсалютна не разьбіраецца ні ў магіі, ні ў чараўніцтве, але гэта не перашкаджае ёй усталёўваць свае парадкі. Але фінал у кнізе шчасьлівы: Гары Потэр зь сябрамі перамагаюць, і ў школу вяртаецца яе ранейшы кіраўнік Домблдар, які да таго ж ачольвае і Міністэрства магіі.

Менавіта летам 2003 году зьявіўся загад намесьніка міністра Казіміра Фарыны прызначыць дырэктаркай ліцэю замест Уладзімера Коласа інспэктарку гарадзкога аддзелу адукацыі Тамару Шчарбацэвіч. Тагачасныя ліцэісты знайшлі яшчэ шмат агульнага.

Франак Вячорка працягвае:

“Там зьяўляецца і шэраг іншых паралеляў, шэраг іншых герояў: рыцары сьмерці, якія ў беларускай рэчаіснасьці падобныя на беларускі АМАП. Там можна ўгледзець тагачаснага міністра адукацыі Брыгадзіна, і Фарыну... Пры экранізацыі ніякія беларускія паралелі ня ўлічваліся, але паралелі сюжэтныя захаваліся”.

Тады, у 2003-м, ліцэісты напісалі адкрыты ліст аўтарцы раману Джоан Роўлінг і запрасілі наведаць Беларусь. Ліст перадалі праз амбасаду Вялікабрытаніі. Андрэй Хадановіч напісаў верш “Гары Потэр — ліцэіст”, зьявілася і песьня.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас прызнаецца, што тады даволі важкі том, на 850 старонак, не адолеў — часу не было, але:

“Гісторыя была сапраўды цікавая, і фільм я з задавальненем паглядзеў. Было прыемна прачытаць верш, прысьвечаны Гары Потэру — студэнту нашага Беларускага ліцэю, які напісаў наш выкладчык спадар Хадановіч.

Аднак на ліст, які напісалі ліцэісты аўтарцы, адказу не было, і ў Менск яна не прыехала. Але, я лічу, што гэта ня вельмі страшна, таму што гісторыя зь ліцэем мела вельмі вялікі розгалас, адгукнулася шмат людзей, і ліцэй атрымаў вельмі моцную падтрымку”.

Уладзімер Колас лічыць, што менавіта кніга пра Гары Потэра дапамагла тады фактычна абараніць ліцэй. Вось і сёньня ён распавядаў, што ліцэісты цяпер вучацца ў Польшчы і паглядзелі ўжо фільм “Гары Потэр і ордэн Фэнікса”, усясьветная прэм’ера якога адбылася 13 ліпеня.

У Менску паказ стужкі пачаўся 19 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG