Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А.Лукашэнка распавёў пра “правалы”, за якія зьнялі С.Сухарэнку</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў папярэдняе кіраўніцтва КДБ. Кіраўнік дзяржавы ўскосна пацьвердзіў вэрсію пра канфлікт паміж КДБ і Міністэрствам унутраных справаў.

У КДБ Беларусі прайшла нарада, на якой Аляксандар Лукашэнка прадставіў на пасадзе новага старшыню КДБ генэрал-маёра Юр’я Жадобіна, былога начальніка службы аховы прэзыдэнта.

У выступе перад супрацоўнікамі апарату КДБ кіраўнік Беларусі рэзка скрытыкаваў былое кіраўніцтва КДБ:

“Апошні час выявілася тэндэнцыя да падзеньня арганізаванасьці й дысцыпліны, а таксама да зьніжэньня ўзроўню на ўсіх кірунках дзейнасьці КДБ. У шэрагу выпадкаў гэта прывяло да адкрытых правалаў”.

Пра якія правалы казаў Аляксандар Лукашэнка?

На нараду не дапусьцілі журналістаў незалежных выданьняў. Мяркуючы з паведамленьняў агенцтва Інтэрфакс, кіраўнік Беларусі казаў пра “крышаваньне” камэрцыйных структураў і ўтойваньне інфармацыі аб карупцыі, абураўся працаўладкаваньнем у КДБ паводле знаёмства і няздольнасьцю захоўваць сакрэты.

Ад новага старшыні КДБ Лукашэнка запатрабаваў “за год вычысьціць камітэт ад тых, хто заседзеўся”. Ускосна Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў вэрсію пра канфлікт былых кіраўнікоў КДБ з кіраўніцтвам МУС і Дзяржкантролю, пра якую паведамлялі недзяржаўныя мэдыі.

“Ужо сёньня на пэўных сайтах у інтэрнэце, розныя жоўтыя мэдыі мусоляць факты вашай супрацьпраўнай дзейнасьці. Гэта тычыцца і старшыні Дзяржканролю Зянона Ломаця, і іншага. Мяркую, у межах крымінальнай справы генэральны пракурор, цяперашняе кіраўніцтва КДБ і МУС раз;бяруцца”, – сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Нагадаем, у інтэрнэце і недзяржаўных мэдыях днямі прагучала вэрсія пра тое, што нібыта КДБ арганізаваў у Магілёве напад на старшыню Дзяржкантролю Зянона Ломаця. Паведамлялася, што пад выглядам міліцыянтаў яго нібыта зьбілі супрацоўнікі КДБ.

Пракуратура пацьвердзіла, што напад быў і вядзецца сьледзтва, але хто зьбіў старшыню Дзяржкантролю, не паведамілі. Раней пра затрыманьні высокапастаўленых міліцыянтаў супрацоўнікамі КДБ і наадварот — пра арышты міліцыяй афіцэраў КДБ — паведамлялі i дзяржаўныя мэдыі.

На афіцыйным узроўні заўсёды казалі, што ніякага канфлікту паміж сілавікамі няма – там проста “пазбаўляюцца ад несумленных супрацоўнікаў”.

Затое не знайшла пацьверджаньня вэрсія, што Аляксандар Лукашэнка зьняў Сьцяпана Сухарэнку за “несвоечасовы” скандал вакол польскіх шпіёнаў. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў контравыведнікам за “гэтую цудоўную працу”, аднак назваў яе ўсяго “пробліскам”.

Нагадаем, некаторыя назіральнікі палічылі, што шпіёнскі скандал падарве намаганьні нармалізаваць дачыненьні з Захадам – дзеля гэтага беларускі рэжым апошні час прыкладае шмат намаганьняў.

• Барацьба ўладных кланаў і адстаўкі ў КДБ, 18.07.2007 • Перастаноўкі ў КДБ: камэнтары, аналітыка, 17.07.2007
XS
SM
MD
LG