Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым розьніцца беларускі КДБ ад аналягічных службаў краінаў Захаду?


Радыё Свабода Пра тое, чым розьніцца беларускі КДБ ад аналягічных спэцслужбаў заходніх краінаў, гаварылі сёньня мінакі на вуліцах Наваполацку.

Спадар: “Просты абываталь, просты чалавек у нашай краіне ня ведае, чым займаюцца нашыя спэцслужбы. Ня ведае, якая ў іх структура, якое іх прызначэньне і г. д. Таму нічога канкрэтнага сказаць не магу. Папросту мы ня ведаем, за што яны ядуць свой хлеб. Ну, выконваюць, відаць, нейкія заданьні”.

Юнак: “Я не арыентуюся ў гэтым пытаньні, і мне гэта не цікава”.

Спадар: “Іх задачы — выкананьне пэўных дзяржаўных функцыяў. І прынцыпова яны нічым ня розьняцца адно ад аднаго”.

Спадар: “У КДБ засталася старая назва. Гэта па-першае. А па-другое, як гэта была закрытая арганізацыя, так і засталася. Як раней не было, так і цяпер няма кантролю за яе дзейнасьцю”.

Спадар: “Я і пра свае спэцслужбы нічога ня ведаю, а тым больш пра замежныя”.

Спадар: “Беларускія спэцслужбы, у прыватнасьці, КДБ, так і засталіся савецкімі органамі палітычнага вышуку. А замежныя спэцслужбы знаходзяцца пад пільным грамадзкім кантролем і самі не дапускаюць, і ня могуць дапусьціць у прынцыпе, ніякіх інсынуацыяў супраць канкрэтнага чалавека”.

Спадар: “Цяжка ўявіць, каб прэзыдэнт Злучаных Штатаў, скажам, вылучэнец рэспубліканскай партыі, даў загад спэцслужбам пачаць перасьлед актывістаў дэмакратычнай партыі. Па-другое, у Кангрэсе ЗША ёсьць адмысловая камісія, якая жорстка кантралюе дзейнасьць спэцслужбаў”.

Спадар: “Сфэра гэтая закрытая, і мы нічога ня ведаем ні пра нашыя спэцслужбы, ні пра заходнія”.
XS
SM
MD
LG