Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тактычная зброя” Беларусі супраць Захаду — нелегальныя мігранты?


Ігар Карней, Менск Беларусь застанецца буфэрам на шляху нелегальных мігрантаў на Захад, аднак эўрапейскія дзяржавы павінны больш цікавіцца супрацай зь Беларусьсю. Такія ўмовы Эўразьвязу вылучыў Аляксандар Лукашэнка падчас адкрыцьця Міжнароднага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі, падвышэньня кваліфікацыі й перападрыхтоўкі кадраў у сфэры супрацьдзеяньня гандлю людзьмі. Цэнтар адкрыўся сёньня на базе Акадэміі МУС Беларусі ў Менску. У цырымоніі браў удзел генэральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі ў міграцыі Брунсан Маккінлі.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наўпрост заявіў: нелегальная міграцыя для эўрапейскіх краінаў — гэта катастрофа. А Беларусь, маўляў, знаходзіцца ў эпіцэнтры гэтай барацьбы, што нарэшце мусяць ацаніць краіны Заходняй Эўропы.

Фактычна кіраўнік краіны пацьвердзіў свае ранейшыя выказваньні адносна таго, што Эўропа не да канца разумее таго, які аб’ём працы робіць Беларусь у справе стрымліваньня патоку нелегалаў.

Нядаўна прызначаны на пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Ігар Рачкоўскі прагназуе яшчэ большае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў празь беларускую мяжу пасьля ўваходжаньня ад 1 студзеня 2008 году краінаў Балтыі ў Шэнгенскую зону.

У сваю чаргу генэральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі ў міграцыі Брунсан Маккінлі пагадзіўся, што неабходна супрацоўнічаць на ніве забесьпячэньня перасьледу гандляроў людзьмі. Як зазначыў эўрачыноўнік, якраз геаграфічнае становішча і прычынілася да ідэі адкрыцьця вучэбнага цэнтру ў Беларусі.

У адказ на гэта Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што імідж Беларусі, які спрабуюць прынізіць, значна ўзрос дзякуючы спадару Маккінлі.

Між тым, самі нелегальныя мігранты часта ня бачаць другога выйсьця, акрамя як ратавацца ў іншых краінах ад палітычнага ці рэлігійнага перасьледу, грамадзянскіх войнаў, эканамічнай неўладкаванасьці.

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў рэжымам Ніязава быў асуджаны да 18 гадоў зьняволеньня за палітычную неляяльнасьць. Пасьля траціны тэрміну быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады на “птушыных правох” жыў у Менску:

“Я быў асуджаны паводле сямі артыкулаў крымінальнага закону. Потым, у сакавіку 1999 году, нейкім цудам усё ж быў памілаваны, але адразу ж пачаўся новы перасьлед, і я тэрмінова пакінуў Туркмэністан. Бо ніякіх гарантыяў ніхто не даваў, нічога б не дапамагло, проста так маглі забіць. Я дагэтуль не разумею, якім цудам застаўся жывы. Бо для таго рэжыму зьнішчыць журналіста — элемэнтарная справа. І насамрэч зьнішчаліся такія журналісты”.

Мігрантаў пастаўляе Аўганістан і Паўднёва-Ўсходняя Азія

Дакладнай статыстыкі пра тое, колькі нелегалаў знаходзіцца ў Беларусі ці перасякае яе транзытам, не існуе. Як кажуць ва ўпраўленьні грамадзянства і міграцыі МУС, адкрытыя межы з Расеяй робяць такія падлікі амаль немагчымымі. Але, паводле справаздачаў Дзяржаўнага памежнага камітэту, штогод на мяжы памежнікі затрымліваюць блізу тысячы парушальнікаў, пераважна з краінаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Аўганістану.

Паводле афіцыйных зьвестак, летась на тэрыторыі краіны выявілі агулам паўтары тысячы іншаземцаў, якія, паводле зьвестак МУС, ужо былі арганізаваныя ў групы і рыхтаваліся да перакіданьня на Захад. Больш за 1700 чалавек вынесьлі пастановы аб дэпартацыі, 600 зь іх вывезьлі пад канвоем ці ў прымусовым парадку — найперш у Расею.

Згодна з пашпартнымі зьвесткамі, 29-гадовая Сафі жыве ў Кіргізіі, на мяжы з узбэцкім Андыжанам, дзе два гады таму адбыўся крывавы разгон апанэнтаў Карымава. Яна этнічная узбэчка. Пасьля трагічных падзеяў яна, як і сотні напужаных жорсткасьцю ўладаў суайчыньнікаў, імкнецца жыць у больш спакойных краінах. У Менску традыцыйна базуецца на Камароўскім рынку, некалькі разоў яе затрымлівалі, адзін раз дэпартавалі.

Аднак вяртацца дадому Сафі пакуль не сьпяшаецца:

“Тое, што ў нас адбывалася, вы пэўна, памятаеце. Калі выступіла апазыцыя ў Кіргізіі, калі ўлады запанікавалі і ўрэшце Акаева скінулі. Памятаючы досьвед Узбэкістану, вельмі многія тады баяліся і пачалі разьяжджацца. У Менску мы больш наездамі — прыяжджаем, ад’яжджаем. Канечне, гэта вельмі цяжка, цягніком амаль сем тысяч кілямэтраў у кожны бок праехаць трэба”.

У дзяржаўных ведамствах кажуць, што бюджэт Беларусі нясе немалыя выдаткі праз утрыманьне і дэпартацыю нелегалаў: штогоду каля паўмільёна даляраў і болей.

• Чаму эўрапейскія краіны байкатавалі канфэрэнцыю Інтэрполу? , 19.04.2007
XS
SM
MD
LG